Пашырыць прастору чатырох сцен

№ 19 (887) 09.05.2009 - 15.05.2009 г

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны за апошні час неаднаразова станавіўся ньюсмейкерам. Праўда, часта ўвагу прыцягвала перадусім не сама дзейнасць установы, а “свежыя” звесткі пра “перасяленне” ўлюбёнага намі з дзяцінства музея. Абмеркаванне гэтых падзей можна было пачуць нават у грамадскім транспарце — не кажучы ўжо пра старонкі друку і Інтэрнет. Зрэшты, хацелася б, каб такая самая пільная ўвага была звернута і на іншыя падзеі жыцця гэтага музея. Не так даўно дзве яго унікальныя калекцыі — рукапісных партызанскіх часопісаў і самаробнай зброі “народных мсціўцаў” — атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай і другой катэгорый адпаведна. На Беларусі падобны выпадак не меў прэцэдэнтаў.

 /i/content/pi/cult/207/2430/MuzejVOV.jpg
Аперацыя “Пераезд”

— Мы гэтага тлуму вакол сябе не адчуваем, — пачаў размову з карэспандэнтам “К” дырэктар музея Сяргей Азаронак. — Працуем спакойна і рытмічна, паступова ажыццяўляючы нашы задумы.

Пераезд музея, багатага на свае фондавыя калецыі, — сур’ёзная высокатэхналагічная аперацыя, якая патрабуе нямала інтэлектуальных ды фінансавых затрат. Зразумела, што ніякай спешкі ў такой справе быць не можа. Як запэўніў Сяргей Азаронак, яе і не будзе. Час і тэрміны пераезду па-ранейшаму дакладна пакуль не вызначаны. Але ўжо прынята прынцыповае рашэнне: музей не зрушыцца з месца, пакуль не будзе здадзены ў эксплуатацыю яго новы будынак.

— Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь адразу заняло па гэтым пытанні адназначную пазіцыю, — дадаў Сяргей Азаронак. — І ў выніку з ёй пагадзіліся і муніцыпальныя ўлады, і будаўнічыя арганізацыі. Пра тое, каб размяшчаць музейную экспазіцыю і фонды ў нейкіх часовых памяшканнях, сёння нават гутаркі не вядзецца.

На старой мяжы

Тым часам калекцыя цяжкай баявой тэхнікі ўжо змяніла месца дыслакацыі: цяпер яна стаіць на спецыяльнай пляцоўцы непадалёк ад вёскі Станькава. Тут, у зручным для падарожніка месцы (побач праходзіць магістраль М1), ствараецца грандыёзны і разнапланавы турыстычны цэнтр. Тры яго складнікі будуць належаць менавіта Музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Апрача бранявых улюбёнцаў усіх хлопцаў, гэта будуць яшчэ два музейныя комплексы.

Ідэю стварэння комплексу “Старая мяжа” падказалі сама гісторыя ды фактура мясцовасці. У тамтэйшым рэльефе можна лёгка ўгледзець сляды былых умацаванняў, а грозны кулямётны дот захаваўся ў някепскім стане і па сёння. Калісьці паблізу ад Станькава праходзіла мяжа паміж Савецкім Саюзам і “капіталістычным” Захадам. І неўзабаве кожны ахвотны здолее адгарнуць гэтую цікавую і трохі падзабытую старонку беларускай гісторыі і пабываць на адноўленай заставе і мытні.

Музейны комплекс нельга назваць поўным “навабудам”. Наадварот, шмат якія памежныя ўмацаванні будуць дэманстравацца ў арыгінальным, некранутым рукой сучасных будаўнікоў выглядзе. Спецыяльны ўчастак комплексу прызначаны для правядзенння гістарычных рэканструкцый з арыгінальнымі сюжэтамі.

— На дадзены момант стадыя завяршэння будаўнічых работ набліжаецца ўжо да 60%, асвоена каля 600 мільёнаў рублёў, — распавёў дырэктар музея. — Неўзабаве мы прыступім да напаўнення комплексу экспанатамі. Спадзяёмся, да Дня вызвалення Беларусі паспеем завяршыць усе справы на аб’екце.

Сяргей Азаронак таксама звярнуў увагу на тое, што стварэнне гэтага комплексу не запатрабавала ні адной капейкі бюджэтных сродкаў: фінансаванне выдаткоўваецца за кошт агракамбіната “Дзяржынскі”, які з’яўляецца ўласнікам усяго турыстычнага цэнтра. А паколькі супрацоўнікі музея працуюць на аб’екце сваімі сіламі, гэта таксама дазваляе зэканоміць нямала грошай.

Партызанскі лагер таксама ўжо збольшага ўвасобіўся ў жыццё, і пабываўшы там сёння, можна ўбачыць шэрагі зямлянак. Неўзабаве ў кожнай з іх з’явіцца і адмысловы інтэр’ер.

— Галоўная вартасць гэтага аб’екта — стопрацэнтная інсталяцыйнасць, — кажа Сяргей Азаронак. — Іншымі словамі, наведвальнік атрымае магчымасць напоўніцу пагрузіцца ў асяроддзе.

Зрэшты, для паўнавартаснага пагружэння ў гісторыю камусьці, напэўна, і гэтага будзе замала. Для іх будзе прадугледжана спецыяльная музейная паслуга — магчымасць пажыць некалькі дзён у сапраўднай зямлянцы, акунуцца ў побыт лагеру і нават папарыцца ў партызанскай лазні. Праўда, як прызнаўся Сяргей Азаронак, камфортнасць пражывання там будзе ўсё ж куды большай, чым мелі сапраўдныя “народныя мсціўцы”. Комплекс падзеляць на дзве ўмоўныя часткі: адна з іх мае чыста музейны характар, а вось другая прызначана для пражывання людзей, прычым нават у зімовы час.

Дарэчы, як адзначыў дырэктар музея, размяшчэнне ваеннай тэхнікі на старой мяжы таксама мае сімвалічны падтэкст:

— Трэба памятаць: гэта не звычайная калекцыя ваеннай тэхнікі — гэта зброя пераможцаў! Савецкія танкі выйшлі на старую мяжу і рухаюцца на Захад, каб вызваліць Еўропу ад “карычневай чумы”.

3D-варыянт музея

Што першаснае ў стварэнні музея: яго будынак або экспазіцыя? Адказ на гэтае “філасофскае” пытанне стваральнікі новага будынка і новай экспазіцыі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і не спрабуюць шукаць. Замест гэтага і архітэктары, і музейныя супрацоўнікі працуюць у шчыльнай звязцы, стараючыся максімальна ўлічыць узаемныя інтарэсы. Іх сумесныя нарады сталі ўжо штотыднёвай традыцыяй. А ў запланаваным выездзе рабочай групы ў Германію, прызначаным для засваення замежнага вопыту, павінны ўзяць удзел і музейшчыкі, і архітэктары.

— Страчваючы гістарычнае месца, мы, аднак, шмат што набываем у плане магчымасцей размяшчэння экспазіцыі, — кажа Сяргей Азаронак. — У новым будынку яна будзе куды больш сучаснай і тэхналагічнай.

Супрацоўнікі музея прызнаюцца: сёння ім у старых сценах ужо зацесна. Асабліва калі гутарка вядзецца пра свежыя задумы. У новым будынку плошчаў будзе куды болей, — прычым гэта тычыцца не толькі залаў, адведзеных для пастаяннай экспазіцыі, але і прасторы для зменных выставак.

Больш за тое: новыя ўмовы дазволяць музею практыкаваць такую нязвыклую пакуль для нас форму працы, як адкрытае захоўванне фондаў. Адпаведна, тыя унікальныя прадметы, якія не трапяць у асноўную экспазіцыю, будуць таксама даступны для вачэй зацікаўленых наведвальнікаў.

— Кожны ахвотны здолее азнаёміцца са зместам нашых фондаў на сайце музея (праца па каталагізацыі вядзецца ў нас таксама вельмі актыўна), выбраць тыя калекцыі, якія найбольш яго цікавяць і замовіць экскурсію па гэтых залах, — тлумачыць дырэктар музея.

Задума стварыць пры музеі лазерны цір некалькі месяцаў таму ўжо была ўвасоблена ў жыццё. Вядома, знойдзецца яму месца і на праспекце Пераможцаў. Непадалёк ад музея плануецца стварэнне рэкрэацыйнай зоны, і цір упішацца туды ідэальна.

Безумоўна, магчымасці музейнай экспазіцыі, “заціснутай” у чатырох сценах будынка, у любым выпадку абмежаваныя: яна дае інфармацыю пра гістарычныя падзеі, але не дазваляе наведвальніку адчуць сябе іх удзельнікам. Зрэшты, сучасныя тэхнічныя магчымасці дапамагаюць пашырыць гэтую прастору — хай сабе толькі ў суб’ектыўным успрыняцці чалавека. І таму пры стварэнні экспазіцыі музея плануецца выкарыстанне 3D-тэхналогій: яны здолеюць перанесці наведвальніка ў самы напружлівы момант бітвы.

А вось канцэптуальны, ідэйны бок экспазіцыі ніякіх кардынальных змен не зведае.

Вядома, некаторыя тэмы будуць раскрыты ў ёй больш маштабна, але прынцыповы падыход да інтэрпрэтацыі матэрыялу застанецца тым жа самым.

— Мы не будзем усчыняць пагоні за сенсацыямі. Для нас самае важнае — захаваць і адлюстраваць гістарычную праўду пра падзеі мінулай вайны,— адзачыў Сяргей Азаронак.

* * *

Скіроўваючыся ў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, стаў сведкам досыць звыклай, трэба меркаваць, сітуацыі: група замежных турыстаў шпацыравала па Кастрычніцкай плошчы і, выпадкова натрапіўшы на будынак музея, вырашыла туды завітаць. У гэтым — сапраўдная перавага размяшчэння ўстановы ў самым “сэрцы” горада. Ці не баіцца музей страціць частку наведвальнікаў, перасунуўшыся на які кіламетр ад “нулявога кіламетра”?

— Гэта тычыцца перадусім выпадковых наведвальнікаў, — адказаў Сяргей Азаронак. — Але мы ставім задачу так арганізаваць сваю працу, каб іх колькасць знізілася да мінімуму.

Гэты адказ выклікаў заканамернае пытанне: чаму? Чым кепска, што людзі дазнаюцца пра існаванне музея непасрэдна пад час шпацыру па горадзе?

— Трэба, каб людзі ведалі пра нас з іншых крыніц, — адказаў дырэктар музея. — А гэта задача рэкламы, задача папулярызацыі нашай дзейнасці ўсімі магчымымі спосабамі. Напрыклад, праз сумесныя праекты з тэлебачаннем, якімі мы цяпер актыўна займаемся. Мы павінны зрабіць музей вядомым і актуальным, сказаць новае слова ў музейнай справе Беларусі! І тады ніхто не палянуецца праехаць пару прыпынкаў на тралейбусе, каб да нас патрапіць.

Ілля СВІРЫН