Спачатку — маленькі малебен перад храмам, ля крыжа і каменя, які калісьці асвяціў Патрыярх усяе Русі Алексій II. Потым усе ўвайшлі ў Пакроўскую царкву, сталі чакаць Мітрапаліта, якому падрыхтавалі некалькі вясновых букетаў.
Тут, у Крупцах ля Драздоў, па легендзе, сышоў калісьці пад зямлю праваслаўны храм. Яго ўсё ж узнавілі, але ў 1924 годзе зачынілі, а ў 1936-ым увогуле знеслі… Не засталося нават фотаздымка. Засталася толькі вера людзей у Хрыста і ў тое, што адновяцца ўсе цэрквы!
Уладыка Філарэт стаў асвячаць храм. У ім — некалькі ікон Тройцы, Збавіцеля, некалькі абразоў Божай Маці, адзін са спісаў іконы Пакроваў Прасвятой Багародзіцы, а таксама Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Астатнія абразы з’явяцца пазней.
Адбылося таінства асвячэння, прайшла літургія і хрэсны ход вакол новага храма. Можна пагутарыць з удзельнікамі свята.
— Ехаў з Жыровіцкага манастыра, не мог прапусціць падзею, — кажа святар айцец Антоній. — І для мяне вялікая радасць, і для іншых…
Дзесяць гадоў будаваўся храм. А здаецца, толькі ўчора мы разам з сябрамі гарадскога таварыства рускай культуры “Русь” упершыню прыйшлі сюды на суботнік, разграбалі завалы, расчышчалі месца пад будоўлю царквы. І вось ён, Храм — белы, навюткі, пад залатым крыжам. І званіца побач, і яшчэ адна царква…
Храм у гонар Пакроваў Прасвятой Багародзіцы адзіны такі ў Беларусі. У ім два прыдзелы — Прападобных Сергія Раданежскага і Серафіма Сароўскага, а ў крыпце — у гонар Новапакутнікаў і Спаведнікаў Беларускіх.
Я добра ведаю і сябрую з многімі, хто пачынаў будоўлю. Гэта навуковец, фізік Алег Дзіхціеўскі, тапограф Ігар Грэбнеў, біёлаг і будаўнік Сяргей Кавалёў.
Спачатку вучыліся супольна ўзводзіць кладку, шукалі званы для званічкі… І кожны тыдзень — на споведзь ці на прычасць, каб умацавацца духоўна. Стварылі праваслаўнае брацтва імя Архістратыга Міхаіла, збіралі бібліятэку, а сёстры міласэрнасці наведвалі хворых у бальніцах горада.
“Амкадор”, “Банкаўскі саюз”, “Экспасервіс” увайшлі ў саюз апекуноў. А супрацоўнікі “Беларусьфільма” адшукалі старадаўні звон, перадалі сюды.
— Медны сплаў, стары сакрэт, звоніць мілагучна, — пацвярджае Алег Дзіхціеўскі.— Ёсць прымаўка: “Каму царква не маці — таму Бог не бацька”. Па рублю збіралі з кожнага верніка, вось і атрымаўся цуд.
Тут, у Крупцах, праводзяцца штогадовыя Міхайлаўскія чытанні, дзейнічае дзіцячы эстэтычны цэнтр. Ёсць тры хоры — адзін святочны, архірэйскі, два будзённыя.
Уладыка Філарэт уручыў узнагароды настаяцелю храма айцу Васілю, айцу Віктару і айцу Аляксандру, а будаўнікам, сёстрам міласэрнасці і старшыні таварыства “Русь” — граматы… Усім— паклон і ўдзячнасць.
Вольга СЕРАФІМОЎСКАЯ
Фота аўтара