Брэсцкім песенным гасцінцам

№ 19 (887) 09.05.2009 - 15.05.2009 г

7 мая трыма выступленнямі запар Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам віншаваў ветэранаў са святам Перамогі. Праграма “Ад Масквы да Брэста…”, што была прэзентавана на сцэне сталічнай філармоніі, сталася не звычайным канцэртам, а цэлым музычна-тэатралізаваным дзействам, што сінтэзавала розныя віды мастацтваў.

— Хацелася зрабіць, — падзяліўся сваімі ўражаннямі аўтар і кіраўнік праекта, маэстра М.Фінберг, — сапраўдны спектакль, вырашаны сродкамі песеннай драматургіі, але з выкарыстаннем самых шырокіх мастацкіх магчымасцей. Таму мы паядналі сольныя спевы, ансамблевыя, гучанне нашай вакальнай групы, аркестра, дадалі чытальніка, спалучылі ўсё гэта з харэаграфіяй, адпаведнымі сцэнічнымі строямі. Ну, а “сюжэтная лінія” выбудавалася вельмі проста: за аснову мы выбралі храналагічны прынцып і — быццам прайшлі дарогамі вайны, вызвалення, Перамогі. Спачатку — даваенны час, потым — 22 чэрвеня, вайна, нарэшце — вызваленне Беларусі і ўсёй Еўропы ад фашысцкай чумы.
— Атрымаўся, можна сказаць, “песенны летапіс”...
— Мы сапраўды імкнуліся дакладна адлюстраваць тыя часы. Але намагаліся зрабіць гэта так, каб нас зразумелі і людзі старэйшага пакалення, і моладзь. Повязь часоў, пераемнасць пакаленняў — усё гэта вельмі важна, без гэтага не магчымыя ні асэнсаванне гісторыі, ні рух наперад. Мы звярнуліся да песень ваеннага і пасляваеннага часу, але ўсе яны атрымалі новыя аранжыроўкі. А галоўнае — іх выконваюць маладыя артысты. Мы наўмысна выбіралі не толькі самыя папулярныя песні, што ва ўсіх на слыху, але і тыя, што ўжо даўно не гучалі. У кожнай песні — свой лёс. І часта некаторыя з іх становяцца забытымі зусім не з прычыны мастацкіх якасцей. Наша задача — іх узгадаць, адрадзіць, зрабіць так, каб яны зноў сталі любімымі. А завяршае праграму знакамітая “Песня пра Мінск” Уладзіміра Алоўнікава — гімн нашай сталіцы, твор, які сімвалізуе ў гэтым кантэксце вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Патрыятычная песня — не толькі мастацкі, а яшчэ і моцны выхаваўчы сродак.
Калі наша моладзь палюбіць і заспявае песні нашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў, яна глыбей зразумее і людзей старэйшага пакалення, і самі тыя часы. І — будзе ставіцца да нашай Радзімы і яе Незалежнасці з яшчэ большым шанаваннем. У Беларусі няма чалавека, сям’ю якога не закранула б Вялікая Айчынная. Вайна прайшла праз усіх нас, — і гэтую памяць пакаленняў трэба берагчы...
Увогуле ж за часы свайго існавання Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі на чале з маэстра М.Фінбергам падрыхтаваў безліч праграм, прысвечаных Вялікай Перамозе. Прычым штораз Міхаіл Якаўлевіч і яго паплечнікі шукаюць усё новыя варыянты вырашэння тэмы. У свой час калектывам была адноўлена (чытай: нанова аранжыравана для аркестра і яго салістаў) шматчасткавая цыклічная кампазіцыя Уладзіміра Мулявіна “Праз усю вайну”. А колькі салісты аркестра праспявалі ваенных песень іншых беларускіх кампазітараў! Сярод іх — неўміручыя творы Яўгена Глебава, Уладзіміра Алоўнікава, Ігара Лучанка, Дзмітрыя Смольскага. Прычым некаторыя песні спецыяльна для гэтых праграм перакладаліся на беларускую мову. Так што цяперашні праект “Ад Масквы да Брэста…” — годны працяг добрых традыцый, назапашаных цягам больш як 20 гадоў існавання калектыву.

Аляксей СВЕЦІЧ