Што значыць “Пайшлі ў Палац!” па-жыліцку?

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

“К” чарговы раз вяртаецца да надрукаванага. У № 12 нашай газеты за 2007 год быў змешчаны артыкул “Жыліцкі палац як рухавік перамен”, дзе гаворка ішла пра помнік сядзібнага дойлідства Магілёўшчыны XVIII — XIX стагоддзяў, адметны захаванасцю ўнутранага ўбрання. Палацу нададзена першая катэгорыя ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей, ён уключаны ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму. Стопакаёвая летняя рэзідэнцыя паноў Булгакаў разам з часткай старадаўняга парку (пра іх гісторыю “К” падрабязна пісала два гады таму) перайшла на баланс аддзела культуры Кіраўскага райвыканкама. На сёння ва унікальных палацавых сценах дзейнічаюць дзіцячая школа мастацтваў, музей, бібліятэка. Але некаторыя сядзібныя памяшканні знаходзяцца папраўдзе ў аварыйным стане. За рэалізацыю Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы па аднаўленні Жыліцкага палацава-паркавага комплексу ўзяліся ў сакавіку. Пачала ажыццяўляцца задума начальніка аддзела культуры Кіраўскага райвыканкама Тамары Галубоўскай па пераўтварэнні вёскі Жылічы ў адметны духоўна-турыстычны цэнтр не толькі раёна і вобласці, але і рэспублікі. Словам, справа зрушылася. Менавіта ёй рэдакцыя найперш і зацікавілася. І логіка журналісцкай увагі тут, як падаецца, цалкам абгрунтаваная. Амаль даведзеныя да ладу палацавыя аб’екты маюць ужо Нясвіж і Мір, адрэстаўраваны Палац Пацёмкіна займеў Крычаў... Чаму б пашанотны спіс не прадоўжыць Жылічам? І няхай гаворка — пра вёску, якая знаходзіцца ўдалечыні ад шумных аўтатрас: прасёлкавыя дарогі, пры жаданні, бываюць не менш ажыўленымі, чым прыгарадныя шашэйкі. Вёска ж Жылічы, мяркуючы па аператыўнасці складання турыстычных фотасайтаў, вабіць усё большую колькасць аматараў напаўзабытай і пакуль як след “нераскручанай” беларускай даўніны.

Першы разбег і першы скачок
Скачок тады ўнушальны, калі разбег вывераны. Прынамсі, спартыўная практыка ў гэтым пераконвае. Дык вось, “разбег” перад аднаўленнем сядзібнай забудовы ў Жылічах быў, як падаецца, грунтоўным. У 2005 — 2006 гадах Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь выдаткавала першыя сродкі на інжынерна-тэхнічнае абследаванне Палаца. У 2007-м сума на інжынерныя і лабараторныя работы склала 400 мільёнаў рублёў. На падставе дадзенага аналізу летась была падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на правядзенне першай чаргі рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ. Гэтая стадыя падрыхтоўкі з улікам правядзення інжынернай экспертызы абышлася амаль у 470 мільёнаў рублёў. Самы час згадаць, што заказчыкам палацавага аднаўлення выступае унітарнае вытворчае камунальнае прадпрыемства “Цэнтр па рэстаўрацыі” Магілёўскага аблвыканкама. Усе дзеянні ён узгадняе з упраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Паводле інфармацыі дырэктара “Цэнтра па рэстаўрацыі” Наталлі Кузняцовай, на сёлетняе фінансаванне аб’екта прадугледжваецца два мільярды рублёў: адзін — са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, другі — з бюджэту абласнога. У сакавіку “Цэнтр па рэстаўрацыі” заключае дамовы з “Праектрэстаўрацыяй” на распрацоўку архітэктурнага праекта палацава-паркавага ансамбля.
Паколькі каштарыс гатовы на аднаўленне першай чаргі — а гэта корпус, дзе месцілася школа мастацтваў, таму за працу, згодна з дамовай, бярэцца ў тым жа сакавіку ЗАТ “Будпраектінвест”. Арганізацыі, згодна з дамовай, трэба асвоіць, па словах начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Сінкаўца, 4,6 мільярда рублёў. Будаўніча-мантажныя работы завершацца ў жніўні 2010-га. Што канкрэтна “Будпраектінвест” плануе выканаць? Поўную замену сталяркі, узмацненне падмурка, рэстаўрацыю фасаднага аздаблення, замену інжынерных сетак, уладкаванне маналітных перакрыццяў і шатровага даху з ацынкаванай сталі...
Частка сёлетняга двухмільярднага фінансавання “рэканструкцыі з рэстаўрацыяй і прыстасаваннем” — 15 мільёнаў рублёў — пайшла на складанне праектна-каштарыснай дакументацыі і рэстаўрацыі паўднёвага корпуса. Удакладню: першая чарга работ звязана з уладкаваннем гасцініцы, другая — з аднаўленнем музея, бібліятэкі, з прыстасаваннем памяшканняў пад карцінную галерэю... Работы ў першым квартале фінансава падмацаваны толькі з абласнога бюджэту. Ніякай перспектыўнай адносна наступных кварталаў канкрэтыкі няма, і дырэктар “Цэнтра па рэстаўрацыі” Наталля Кузняцова вельмі сумняваецца, што далейшая работа па складанні праектна-каштарыснай дакументацыі сёлета будзе прадоўжана...
Карацей, спартыўны прынцып пра “разбег-скачок” не заўжды спрацоўвае на фінансавым полі, дзе любое правіла падпарадкоўваецца найперш крызіснай палітыцы эканомікі.
Даруйце за “бухгалтарскую” цяжкаважкасць першага раздзела, але, пагадзіцеся, без рублёвага падмацавання, без няўхільнага ўліку крэдыторскай ды дэбіторскай запазычанасцей і іншых фінансава-эканамічных нюансаў нічога істотнага ў сферы ўмацавання матэрыяльнай базы культуры не зробіш. Не дадала аптымізму і выснова начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігара Чарняўскага: маўляў, хіба ж варта здзіўляцца — у нас руіны Крэўскага ды Навагрудскага замкаў і па сёння свайго часу чакаюць...
Райвыканкамаўскі сайт: пошук інвестараў
Пры запланаваным, “дакрызісным” фінансаванні, як перакананы ў раёне, Палац Булгака ў Жылічах займеў бы новае-старое аблічча ўжо ў 2011 годзе. На выявах архітэктурнага праекта, згодна з якім дэкор палацавых інтэр’ераў і экстэр’ераў будзе ўзнаўляцца з архіўных фотаздымкаў у максімальна набліжаным да гістарычнай праўды выглядзе, усё выглядае досыць велічна і прэзентабельна. У гэтым гістарычным антуражы мяркуецца стварыць дзейсны культурна-духоўны цэнтр Жылічаў. Па сутнасці, і сённяшні напаўаварыйны Палац выконвае гэткія ж функцыі. Але ўсе ягоныя складнікі культурнага “змесціва” дзейнічаюць ва ўмовах, далёкіх ад узорных. Школа, якая перабралася з паўночна-заходняй часткі ў галоўны корпус, “арандуе” частку музейных памяшканняў, пакутуе ад недахопу і непрыстасаванасці вучэбных пакояў. Не надта камфортна пачуваюць сябе ва ўмовах “аб’яднання” гістарычны музей і бібліятэка...
У ідэале ДШМ займае сваё сталае месца — паўночна-заходняе крыло, супрацьлеглае галоўнаму корпусу. Пры гэтым школа значна пашырае ўласныя вучэбныя плошчы, бо да рамонту пакоі першага паверха практычна не выкарыстоўваліся.
Музей застанецца на ранейшым месцы, але пры гэтым павялічвае свае экспазіцыйныя магчымасці, набывае статус музея шляхецкай сядзібы XVIII — XIX стагоддзяў, шчыльна супрацоўнічае з дзіцячай школай мастацтваў. Справа ў тым, што мясцовая банкетная зала мае надзвычайныя акустычныя магчымасці. І дырэктар ДШМ Уладзімір Татарынаў спіць і бачыць, каб ладзіць тут не проста канцэрты, але і рэгіянальны фестываль класічнай музыкі. Музыка загучыць і ў добраўпарадкаваным парку, на ўтрыманне якога спатрэбіцца аддзелу культуры і дадатковы штат, і спецыяльная тэхніка. Як, зрэшты, і для догляду за закінутымі цяпер каскаднымі сажалкамі, якія чакаюць свайго часу ледзь не з пасляваенных гадоў.
Палацавы будынак на сёння мае форму літары “П”. У планах — зрабіць сядзібу замкам, аднавіўшы аранжарэйны зімовы сад, канчаткова замкнуўшы перыметр гэтай забудовай. На другім яе паверсе з’явяцца гасцініца і кавярня, якія начальнік аддзела культуры мяркуе ўтрымліваць на ўласным балансе. І гэта далёка не апошнія прыкідкі пашырэння асартыменту платных паслуг.
Новы старшыня Кіраўскага райвыканкама Уладзімір Піскіжаў плануе распачаць вялікую справу з выкарыстаннем усіх наяўных і ўяўных брэндавых магчымасцей вёскі Жылічы. Пры ягоным непасрэдным кіраўніцтве і пры чынным удзеле раённага аддзела культуры на ўездзе ў вёску Боркі ўзнік аб’ект абласнога значэння — мемарыяльны комплекс у памяць аб спаленых фашыстамі жыхарах навакольных паселішчаў. Строгі, жалобны і ўрачысты, ён імгненна стаў самым святым месцам на Кіраўшчыне...
Дык вось, як паведаміў кіраўнік раёна, хвалюе яго не толькі стан палацава-паркавага комплексу. На ўездзе ў Жылічы захаваліся гаспадарчыя пабудовы Булгака, а непадалёк ад самой панскай сядзібы — будынак колішняй карэтні. Іх, натуральна, таксама варта аднавіць і прыстасаваць пад сацыяльна-культурныя аб’екты будучай нагоды. Як паведамляе Уладзімір Уладзіміравіч, на сайце Кіраўскага райвыканкама размешчаны адпаведныя здымкі і звесткі, прызначаныя для прыцягнення інвестараў. Пакуль жадаючых укласці грошы няма. Зразумела, патэнцыйныя інвестары чакаюць, чым завершыцца справа з фінансаваннем рамонту ды рэканструкцыі Палаца, і актывізуюцца, несумненна, толькі пасля ўсведамлення пэўнай грашовай канкрэтыкі.
У кіраўніка Кіраўшчыны ваганняў ды сумневаў у лепшай будучыні і раёна, і рэспублікі няма: фінансаванне, маўляў, узновіцца, аднак час цяпер няпросты.Галоўнае выпрабаванне гэтых дзён — веснавая сяўба, хлебаробская праца на будучы ўраджай, велічыня якога наўпрост паўплывае на заўтрашнюю эканамічную незалежнасць дзяржавы. Словам, будзе хлеб — будзе і культура...
Пагаджаюся: любы кіраўнік павінен мысліць сёння перспектыўна, па-дзяржаўнаму, і галоўнае тут — вызначыць эканамічныя прыярытэты, не спяшацца, каб агульнараённай справе не нашкодзіць, а калі з’явіцца такая магчымасць, дык укласці ў адраджэнне Жылічаў максімум, каб гэткі ж максімум — і ў маральным, і ў грашовым эквівалентах — атрымаць потым на выхадзе ад “эксплуатацыі” жыліцкага культурнага комплексу. Пагаджаюся, але працягваю гнуць сваю журналісцкую лінію: вёсцы Жылічы і тамтэйшаму Палацу Булгака патрэбна сацыяльная рэклама. Пра гэтую архітэктурную перліну Магілёўшчыны ведаюць далёка не ўсе, а сярод тых, хто ведае, часам бытуе меркаванне, што цягам рэканструкцыі беззваротна знікне некранутасць ляпніны, якая аздабляе порцікі і столь у пакоях галоўнага корпуса. Мала хто ведае: увесь гэты дэкор быў упершыню рэканструяваны (вельмі якасна і з веданнем справы) яшчэ ў 1970-х. І абнавіць яго можна было б беспраблемна, каб не лядашчасць перакрыццяў і сцен. Так што спачатку ў галоўным корпусе Палаца прыйдзецца заняцца грунтоўным рамонтам, а потым ужо — аднаўленнем ляпных сімвалаў шляхецкай годнасці ў канапнай, гасціннай, банкетнай залах. І зроблена ўсё будзе, як пераконвае Алена Ваяводская — навуковы кіраўнік, архітэктар, адказны за захаванасць гісторыка-культурнай каштоўнасці Жылічаў, па самых сучасных тэхналогіях.
Але нават не гэта галоўнае. Палац спаконвек фарміраваў і, неаспрэчна, будзе фарміраваць у вяскоўцаў светапогляднае ўспрыняцце хараства архітэктуры, не абы-як упісанай у непаўторны паркава-азёрны ландшафт. Хараство, урэшце, перамагае тым, што выхоўвае, — непрымусова, спакваля, з года ў год. Ці не тым тлумачыцца надзвычайная колькасць таленавітых дзяцей, што збірае штогод пад сваім дахам мясцовая ДШМ?
Школа мастацтваў у палацавым кантэксце
Але вернемся ад абстрактных задумак, ад прывабных, але пакуль — мрояў, да суровай канкрэтыкі сённяшняга дня.Закрытае акцыянернае таварыства “Будпраектінвест” вядзе цяпер частковую разборку міжпаверхавых перакрыццяў, драўлянай падлогі, дзвярных блокаў, бетанаванне, узмацненне сцен па перыметры корпуса, дзе з 1972 года дзейнічала ДШМ, і падмуркаў. Галоўны прадстаўнік генпадрадчыка на жыліцкім аб’екце — прараб Валянцін Навойчык. Дарэчы, гэтая брыгада спецыялізуецца, так бы мовіць, на рамонце архітэктурных помнікаў: працавала на аднаўленні Магілёўскага чыгуначнага вакзала, Палаца Пацёмкіна ў Крычаве...
На 10 красавіка брыгада з 17 чалавек асвоіла на будаўніча-мантажных работах каля 80 мільёнаў. Па словах брыгадзіра, да канца месяца сума асваення павялічыцца да 140 мільёнаў. А ўвогуле, пры паўнацэнным і стабільным фінансаванні, як пераконвае Навойчык, асвойваць можна штомесяц па 250 мільёнаў рублёў.
Маўляў, на іншых аб’ектах поруч з “Будпраектінвестам” працавала па восем субпадрадчыкаў... Пажывём — пабачым.Але дырэктар ДШМ Уладзімір Татарынаў з аптымізмам назірае за будаўніча-мантажнымі работамі: “Мы і ўявіць не маглі, што справа па аднаўленні жыліцкага палаца зрушыцца з мёртвай кропкі!”. Дарэчы, мясцовую дзіцячую школу мастацтваў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец называе ў ліку лепшых навучальных устаноў Магілёўшчыны. Сапраўды, можна шмат гаварыць пра пазабюджэтную дзейнасць ДШМ Кіраўскага раёна (летась на платных паслугах яны зарабілі амаль 48 мільёнаў рублёў, за першы квартал 2009 года — больш за 18 мільёнаў) і пра тое, што мясцовыя юныя таленты становяцца лаўрэатамі прэстыжных фестываляў і конкурсаў... Але гэтая тэма — для іншага артыкула. Хацеў бы цяпер засяродзіць увагу на іншым.
Жыліцкая дзіцячая школа мастацтваў атаясамліваецца ў мясцовых жыхароў — і ў маладзёнаў, і ў людзей сталага веку — з Палацам. “Пайшлі ў Палац!” — значыць: “Пайшлі ў школу!” Гэтыя словы цягам камандзіровачнага дня чуў неаднаразова. А потым і сам на ўласныя вочы пераканаўся: ДШМ у палацавых сценах — пакуль адзіны жывы і яркі “арганізм”. Пераканаў мяне ў гэтым не калектыў з 10 педагогаў (ледзь не палова — былыя выхаванцы ДШМ), не цудоўная музыка, што гучыць штодня ў тых пакоях галоўнага корпуса, а хлопчык Віталь Курэпін. Ужо трэцяя па ліку сям’я ўсынаўляе “цяжкага” падлетка (“Ды не паліў я наўмысна тую пуньку, проста з запалкамі па маленстве забаўляўся!”). А “ўтаймавала” Віталя менавіта школа мастацтваў — “Палац”. За некалькі гадоў з перарывамі засвоіў ён і нотную грамату, і балалайку. Без пяці хвілін — віртуоз!
Я пра тое, што Палац без школы, а школу без Палаца ў Жылічах не ўяўляюць. З Уладзімірам Татарынавым вітаецца ўся вёска. Цякучкі кадраў ва ўстанове — аніякай. 3 285 юнакоў і дзяўчат, выпушчаных за гады дзейнасці ДШМ, 79 звязалі лёс з музыкай і выяўленчым мастацтвам.
Школа, як дрэва кіслародам, насычае наваколле дабрынёй і хараством. Адна з галоўных праблем, што псуе Татарынаву настрой, — “гульня на чужым полі”. І музею мастакі з музыкамі перашкаджаюць, і самі як след на абмежаваных ды непрыстасаваных плошчах разгарнуцца не могуць. Таму і наведваецца штодня Уладзімір Татарынаў на будоўлю, сочыць, як ягоная колішняя школа пакрысе аднаўляецца. Пасля завяршэння ўсіх работ у гэтым “школьным” крыле рабочая плошча значна павялічыцца, бо пад ДШМ адыдзе ўвесь першы паверх, які ранней амаль не выкарыстоўваўся. “Гэта ж якія магчымасці з’явяцца ў сотні нашых навучэнцаў! — у чарговы раз прыкідвае творчыя перспектывы кіраўнік установы. — А тады і пра “палацава-паркавы фестываль” гаворку можна весці”.
Фестываль як іміджавы стымул развіцця Жыліцкага палацава-паркавага комплексу і аўтаматычна — будучага духоўна-культурнага цэнтра, як прынада для турыста і як узнагарода для мясцовых юных талентаў — рэч цудоўная. Але, сцвярджае прагны да дзівосных пераўтварэнняў Татарынаў, пра такую імпрэзу і далейшую выніковую дзейнасць ДШМ і марыць не варта, калі не замяніць “парк” музычных інструментаў. А вось гэтая праблема, без сумневу, цудоўна вядомая любой навучальнай установе культуры — хоць сталічнай, хоць рэгіянальнай. І на апошняй калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пытанне зношанасці музычных інструментаў абмяркоўвалася вельмі сур’ёзна.
Адзінае выйсце, калі няма адпаведнай айчыннай вытворчасці, калі актуальнай застаецца мінімізацыя фінансавання, — звярнуцца па дапамогу да Урада. Бо не толькі ў Жылічах патрэбны якасныя баяны кшталту “Юпіцера”, домры, балалайкі... Праўда, ёсць шыкоўны японскі раяль, набыты за абласны кошт, але ставіць яго пакуль няма куды...
І калі па-новаму загучыць Палац, калі непарыўнымі звёнамі ў гэтым культурна-духоўным ланцугу стануць школа мастацтваў, музей, гатэль, кавярня, аранжарэя і парк, — вёска Жылічы набудзе новы статус.
Хто ў вёсцы гаспадар?
І, бадай, апошняе. Больш за 15 гектараў Жыліцкага парку належыць РУП “Жылічы”, больш за 1, 7— агранамічнаму каледжу, 0,8 гектара — аддзелу культуры Кіраўскага райвыканкама. Як кажа кіраўнік рэгіёна Уладзімір Піскіжаў, у вёсцы, напэўна, прадстаўлены ўсе магчымыя формы ўласнасці. Пахадзіўшы па вуліцах вельмі заможнай за савецкім часам вёскі, даведаўся, што непадалёк дзейнічае вельмі неблагая і адносна танная сталоўка. Але поруч вельмі неўрачыста, у параўнанні з адмысловым палацава-паркавым комплексам, месціцца двухпавярховая будыніна з павыбіванымі шыбамі— закінуты сямейны інтэрнат. А крыху далей — Дом культуры, які знаходзіцца на балансе агранамічнага каледжа, але практычна бяздзейнічае і, наколькі даведаўся, адпаведнага штата культасветнікаў не мае, бо ў новым будынку сельскагаспадарчай навучальнай установы ёсць шыкоўная глядзельная зала, дзе і ладзяцца сумесныя з дзіцячай школай мастацтваў канцэрты.
Словам, хоць і сталі Жылічы адносна нядаўна аграгарадком, але, на вялікі жаль, адзінага ды дбайнага гаспадара ў вёсцы, будзем шчырымі, пакуль не бачна.Інфраструктура будучай турыстычнай цікавосткі Магілёўшчыны існуе толькі ў папярэдніх прыкідках старшыні Кіраўскага райвыканкама Уладзіміра Піскіжава (узгадайце райвыканкамаўскія сайты, скіраваныя на пошук інвестараў вясковага добраўпарадкавання) і ў марах начальніка мясцовага аддзела культуры Тамары Галубоўскай. Са свайго боку, дадам толькі адзінае: адной з вядучых каардынацыйных сіл па духоўным і культурным адраджэнні і далейшым развіцці вёскі Жылічы бачыцца менавіта раённы аддзел культуры. Хаця б з тае нагоды, што мае ў сваім падпарадкаванні не абы-які брэнд — Жыліцкі палац...
***
І напрыканцы — зноў некалькі лічбаў грашовых сум, ад якіх наўпрост залежыць далейшы лёс палацава-паркавага ансамбля. Згодна з сёлетнім планам фінансавага забеспячэння рэканструкцыі з рэстаўрацыяй і прыстасаваннем, у другім квартале мяркуецца выкарыстаць (і з рэспубліканскага, і з абласнога бюджэтаў) крыху больш за 400 мільёнаў, у трэцім— 490, у чацвёртым — мільярд рублёў. Хіба ж дзіва, што гэтыя сумы для мясцовых культасветнікаў сталі знакавымі і лёсавызначальнымі? Ці ж можна іх падмануць у чаканнях?! І нездарма два гады таму артыкул “К” пра мясцовыя праблемы быў названы “Жыліцкі палац як рухавік перамен”. Не будзе Палаца — не будзе і жыліцкай перспектывы. Таму і сённяшні артыкул хацелася б завяршыць, як і артыкул пазалеташні: “Пра этапы адраджэння палацава-паркавага ансамбля ў Жылічах мы будзем паведамляць на старонках “Культуры”.

Яўген РАГІН,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Жылічы — Мінск