Незапатрабаваны... “прасунутыя” спецыялісты

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

Размеркаванне выпускнікоў факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў адбывалася ў спакойным рытме. Але ж усплёскі нервознасці ўсё ж здараліся. Асобныя студэнты не хавалі свайго незадавальнення і прынцыпова адмаўляліся падпісаць ведамасць, а хтосьці нават не стрымліваў слёз. Але камісія не надта звяртала на іх увагу — яна кіравалася зусім не эмоцыямі, а заканадаўствам і прагматыкай культурнай палітыкі краіны.

Зрэшты, чалавечы фактар таксама ўлічваўся. І таму для абедзвюх сёстраў-блізнят Аўчыннік знайшліся месцы ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы.
— Агульная тэндэнцыя сёлетняга размеркавання ніякіх істотных змен не зведала, — пракаменціравала ход кампаніі начальнік упраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Шмакава. — Як і ў апошнія тры гады, бадай усе выпускнікі Універсітэта культуры і мастацтваў, якія не маюць прадугледжаных заканадаўствам ільготаў, адправяцца працаваць за межы сталіцы, ліквідуючы тым самым кадравы дэфіцыт у рэгіёнах. Аднак сёлетняе размеркаванне засведчыла, што студэнты ўжо ўспрымаюць такі паварот падзей як належнае і псіхалагічна да яго гатовы. Вядома, не ўсе — некаторыя шукаюць магчымасці праўдамі і няпраўдамі застацца ў Мінску і вельмі засмучаны, калі гэта не ўдаецца. Але бачылі б вы, колькі слёз было яшчэ тры гады таму!
Кадравы аўкцыён
Размеркаванне — гэта аккурат тое мерапрыемства, дзе абстрактны выраз “рынак працы” набывае сваё канкрэтнае ўвасабленне. А калі ўлічыць, што колькасць заявак значна перавышае колькасць выпускнікоў — і, адпаведна, у кожнага з іх ёсць выбар, — рынак часам ператвараецца ў своеасаблівы аўкцыён.
— А чаму б вам не паехаць у Брэст? — намаўляе выпускніцу “эмісар” тамтэйшага ўпраўлення культуры. — У абласной бібліятэцы для вас акурат знойдзецца месца. Інтэрнат забяспечым.
— У Віцебск не хочаце? — перахоплівае ініцыятыву прадстаўнік “паўночнай сталіцы”. — У нас жыццё цікавае — згадайце хаця б “Славянскі базар”!
— А можа, лепей у Бабруйск? Гэта вам і ад бацькоўскага дома куды бліжэй — усяго якіх пяцьдзесят кіламетраў, — уступае ў “таргі” калега з Магілёўшчыны, — ды і горад цяпер такі прыгожы стаў...
Выпускніца на хвіліну змаўкае: відаць, што яна вагаецца і раздумвае.Райцэнтры і аграгарадкі выпускнікі выбіралі пераважна ў тым выпадку, калі мелі жаданне вярнуцца на сваю малую радзіму. Іншыя ж імкнуліся ў вялікія гарады, — балазе вакансій у абласных музеях і бібліятэках нямала.
І такая сітуацыя цалкам вытлумачальная. У тым ліку і таму, што ў гамане “купцоў” галасоў начальнікаў райаддзелаў культуры і дырэктараў ЦБС “з глыбінкі” ў той дзень нешта было не чуваць. Гэта намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Людміла Кірухіна знайшла час, каб асабіста ўзяць самы чынны ўдзел у размеркаванні, — як і многія яе мінскія калегі. А вось наплыву кіраўнікоў з рэгіёнаў не назіралася. Хаця магчымасць вярнуцца дахаты не “з пустымі рукамі” была ў іх зусім не прывіднай. Таму і наракаць у дадзеным выпадку няма на што: рынак ёсць рынак.
Адна з выпускніц адразу дала зразумець: па вялікім рахунку, ёй усё адно, у якой вобласці або раёне працаваць, галоўнае — каб там былі прымальныя жыллёвыя ўмовы. І цалкам верагодна, што гэтая дзяўчына ахвотна прамяняла б месца ў гомельскім інтэрнаце на кватэру або хаця б добры пакой у мястэчку (тым болей, з жытлом там зазвычай прасцей, чым у буйных гарадах). Вядома, калі такі варыянт ёй быў бы прапанаваны.
— Мы не настойваем на тым, каб выпускнікі ВНУ выпраўляліся працаваць у вёску: праблему з кадрамі там прызначаны вырашаць перш-наперш сярэднеспецыяльныя адукацыйныя ўстановы, — адзначыла Наталля Шмакава. — Але калі хтосьці выказвае такое жаданне добраахвотна, гэта толькі вітаецца.
Увогуле, па словах Наталлі Шмакавай, патрабаванні выпускніка пры выбары месца працы могуць быць самыя розныя. Кагосьці цікавіць памер заробку, кагосьці — жыллёвыя ўмовы, а кагосьці — перш-наперш магчымасць кар’ернага росту. Моладзь не баіцца адказнасці і таму ахвотна пагаджаецца на дырэктарскія пасады. Дарэчы, менавіта апошні фактар і змушае некаторых маладых спецыялістаў выпраўляцца ў сельскую мясцовасць. Яны разумеюць, што лепей быць “першым хлопцам” у аграгарадку, чым апошнім — у горадзе.
— Дарэчы, і чыста побытавыя ўмовы ў аграгарадку куды прасцей вырашыць, чым у вялікім горадзе, — дадае Наталля Шмакава. — Ці часта бывае так, што маладому спецыялісту ў Мінску праз два гады ўжо даюць двухпакаёўку?
— Чаму ж толькі праз два гады? — уступае ў размову першы прарэктар БДУКіМ Юрый Бондар. — Учора, калі мы размяркоўвалі клубнікаў, катэдж на Клічаўшчыне адразу прапаноўвалі.
Дарэчы, кінулася ў вочы і яшчэ адна тэндэнцыя: былі выпускнікі, якія аддавалі перавагу вёскам перад абласнымі цэнтрамі відавочна па той прычыне, што яны знаходзяцца ў Мінскай вобласці. Сапраўды: стэрэатыпы — рэч жывучая…
Юрыдычныя нюансы
Чарговай да стала камісіі падыйшла прывабная высокая брунетка. Яна папрасіла размеркаваць яе ў Мінск: па месцы працы будучага мужа. На асцярожную заўвагу кагосьці з членаў камісіі наконт таго, што пра будучых сужэнцаў у Палажэнні аб размеркаванні нічога не гаворыцца, дзяўчына адказала: “Дык у нас заўтра вяселле!”
Пачуліся прапановы зрабіць ёй своеасаблівы падарунак, каб не псаваць настрой у такі ўрачысты дзень. Але… Артыкул пра “авансы” і “падарункі” ў Палажэнні таксама адсутнічае. Зрэшты, часу да 1 жніўня нявесце будзе цалкам дастаткова, каб пераразмеркавацца згодна са зменай жыццёвых абставін.
Здарыўся і яшчэ адзін спрэчны выпадак такога кшталту. Маладая сям’я стала жыве ў Мінску, але муж выпускніцы прапісаны ў Барысаве. Студэнтка нагадала, што, паводле заканадаўства, яна можа быць размеркавана не толькі па месцы прапіскі, але і па месцы працы мужа.
— Але вы забыліся пра адно ўдакладненне ў згаданым вамі артыкуле: пры наяўнасці магчымасці, — парыраваў Юрый Бондар. І дзяўчыну размеркавалі ў Мінскую вобласць.
Увогуле, як адзначыў першы прарэктар, сёлета выпускнікі валодаюць заканадаўствам вельмі прыстойна. Гэтаму спрыялі адмысловыя пасяджэнні факультэцкіх камісій, дзе ўважліва разглядаліся ўсе пункты Палажэння аб парадку размеркавання.
— Таму, як вы маглі сёння заўважыць, пытанняў на гэты конт узнікала вельмі мала, — дадаў карэспандэнту “К” Юрый Бондар. — Дзякуючы праведзенай універсітэтам рабоце, выпускнікі добра ведаюць свае правы і абавязкі і разумеюць, на што яны могуць разлічваць. Вядома, здараліся і выпадкі, калі заканадаўства даводзілася тлумачыць непасрэдна на размеркаванні, але гэта, хутчэй, выключэнні.
І сапраўды: некаторыя выпускнікі цытавалі Палажэнне па памяці — прынамсі, тыя яго пункты, якія тычыліся непасрэдна іх сітуацыі.
Каму “вольнае плаванне”?
Сапраўдным выключэннем з правілаў стала размеркаванне тых выпускнікоў універсітэта, якія атрымалі спецыяльнасць “лінгвістычнае забеспячэнне міжнародных камунікацый”. Бібліятэкараў “адрывалі з рукамі”, а вось гэтыя “прасунутыя” спецыялісты, якія прафесійна валодаюць двума замежнымі мовамі, аказаліся абсалютна незапатрабаванымі: установы культуры не даслалі на іх ніводнай заяўкі! Таму выпускнікоў размяркоўвалі куды заўгодна: на прамысловыя прадпрыемствы і нават прыватныя фірмы. А большасць увогуле не атрымала ніводнай прапановы аб працаўладкаванні.
— Мы адправілі болей за сотню лістоў у розныя ўстановы, якія маглі б быць зацікаўленымі ў такіх спецыялістах, але ж водгукаў было вельмі мала, — распавёў дэкан факультэта інфрамацыйна-дакументных камунікацый Мікалай Яцэвіч. — Быў і такі выпадак: адна фірма спярша даслала заяўку, а потым яе адклікала: маўляў, у цяперашні час даводзіцца скарачаць штат — не тое што браць на працу новых супрацоўнікаў...
Таму, на вялікі жаль, сёлетнія выпускнікі гэтай спецыяльнасці сталі апошнімі: набор на яе не праводзіўся вось ужо чатыры гады.
Бадай усе яны скарысталіся сваім законнным правам і выбралі “вольны дыплом”. Так, менавіта выбралі! Бо члены камісіі прапанавалі ім заняць любую са шматлікіх вакансій па іншай спецыяльнасці — бібліятэчнай, спадзеючыся, што яе асваенне для прафесійных рэферэнтаў не будзе складаным. Ды і Людміла Кірухіна настойліва запрашала іх да сябе ў штат, прывабліваючы магчымасцямі творчага самавыяўлення і далейшага ўдасканалення сваіх ведаў — у тым ліку і праз замежныя стажыроўкі. Яно і зразумела: спецыялісты з веданнем моў у “нацыяналцы” без справы яўна не застануцца.
Ды толькі — марна! Нягледзячы на ўсе ўгаворы, дзяўчаты-выпускніцы адна за адной абіралі “вольнае плаванне”, пагрэбаваўшы тымі гарантыямі, якія дае статус маладога спецыяліста.
— У прыватнай структуры ў іх такіх гарантый не будзе, — адзначыла Наталля Шмакава. — Там усё часта можа залежыць ад настрою кіраўніка. І таму, можа, камусьці давядзецца і пашкадаваць пра тое, што ён выбраў вольны дыплом.
* * *
Паслядоўная кадравая палітыка, якая праводзіцца на дзяржаўным узроўні, неаспрэчна, дае свае вынікі. Але дасягнуць таго, каб выпускнікі выпраўляліся працаваць у рэгіёны — гэта толькі палова справы. Пра поўны яе поспех можна казаць адно ў тым выпадку, калі яны “пускаюць там карані”, а не збягаюць у сталіцу па сканчэнні адведзеных заканадаўствам двух гадоў.З моманту кардынальнай змены падыходу да размеркавання выпускнікоў ВНУ культуры і мастацтваў прайшло ўжо тры гады. Значыць, можна зрабіць першыя высновы і аб замацаванні маладых спецыялістаў.
— Большасць з іх не пакінула свае працоўныя месцы і па сканчэнні размеркавання, — адзначыла з гэтай нагоды Наталля Шмакава. — І, як кажуць начальнікі абласных упраўленняў, працуюць гэтыя спецыялісты ахвотна. Болей за тое: ведаю не адзін прыклад, калі пазіцыя выпускнікоў, якія нізавошта не хацелі пакідаць сталіцу, потым істотна змянілася. Яно і зразумела: знайсці працу ў Мінску не так і лёгка. Скажам, клубнікі ў сталіцы, наколькі я ведаю, увогуле не надта запатрабаваны. Ды нават калі хто і застаецца, ён губляецца ў вялікім горадзе. А на радзіме работнік культуры адчувае сябе патрэбным людзям.
І цалкам магчыма, што тыя, хто яшчэ ўчора ліў слёзы з-за неабходнасці пакінуць сталіцу, ужо вельмі хутка будзе радавацца з гэтай прычыны: калі перад імі адкрыюцца новыя творчыя далягляды і жыццёвыя перспектывы.

Ілля СВІРЫН