Космас, зямля і мора Аляксея Ляонава

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

Я сустракаўся з Аляксеем Архіпавічам ЛЯОНАВЫМ тройчы: 22 і 23 красавіка — у Нацыянальным мастацкім музеі пад час агляду экспазіцыі ягонай персанальнай выстаўкі “Зямны і касмічны жывапіс” і класічнай музейнай калекцыі, а таксама на прэс-канферэнцыі перад вернісажам. Размова ішла пра рознае. Адказы на многія пытанні, якія мяне цікавілі, я вырашыў згрупаваць па раздзелах, каб чытачу лягчэй было арыентавацца ў вехах жыцця і творчасці гэтай унікальнай асобы.

 /i/content/pi/cult/206/2410/Kosmas.jpg
Але перш за ўсё хачу даць слова Валянціне Уладзіміраўне Церашковай, якая разам з Аляксеем Архіпавічам прыбыла ў Мінск на гэтае святочнае мерапрыемства.
Вось што сказала “Чайка” — першая ў свеце жанчына-касманаўт: “Я сардэчна ўдзячная тым, хто прыйшоў на выстаўку майго блізкага сябра і калегі, які цудоўна паказаў у сваім жывапісе, наколькі прыгожая наша Зямля, якая яна малая ў прасторы Сусвету і таму такая дарагая для чалавецтва… Ляонаў першым у гісторыі чалавецтва выйшаў у адкрыты космас. Было шмат нязведанага. Было шмат цяжкасцей. Але ён мужна пераадолеў іх, што гаворыць пра яго высокі прафесіяналізм лётчыка-касманаўта. З космасу ён бачыў нашу планету, і ў сваіх творах паказаў яе прыгажосць, якую трэба берагчы як зрэнку вока. Мы, касманаўты, ведаем: чым далей ракета адносіць нас ад Зямлі, тым бліжэй і радней Зямля для нас становіцца. І разумеем: наколькі вялікае тое, што нас, людзей, аб’ядноўвае, і наколькі мізэрнае тое, што нас раз’ядноўвае.
Я бязмежна рада, што выстаўка Аляксея Архіпавіча адкрылася ў Год культуры Расіі ў Беларусі, і гэта сапраўды адна са знакавых падзей у культурным жыцці нашых краін, І яшчэ мне прыемна, што я адчуваю сябе тут, у Беларусі, як дома. Бо мае родавыя карані — тут, у гэтай слаўнай і гераічнай зямлі…”
Дадам. Сям’я Церашковых — дзядуля Аксён, бабуля Матрона, мама Алена Фёдараўна — родам з вёскі Ерамееўшчына Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці, у галодныя 20-я гады пераехала з Беларусі на Яраслаўшчыну, дзе ў сяле Масленнікава і нарадзілася першая жанчына-касманаўт.
Бацька — родам з Бялыніцкага раёна Магілёўшчыны — знік без вестак у 1940 годзе у час савецка-фінскай вайны. Дзякуючы міністру абароны СССР Д.Ц. Язаву, Валянціна Уладзіміраўна ў 1988 годзе адшукала месца пахавання бацькі — брацкую магілу. Урну з той зямлёй прывезла ў Маскву і разам з мемарыяльным знакам устанавіла на могілках, побач з помнікам мамы, якая пайшла з жыцця годам раней, у 1987-м. Так што Валянціна Церашкова — прамая наша зямлячка…
Аднак і ў героя майго расповеду — Аляксея Ляонава — ёсць асаблівыя духоўныя повязі, што лучаць яго з Беларуссю, повязі, якія сягаюць у яго дзяцінства. Ён аб гэтым раскажа. І ўвогуле: які ж ён, касманаўт Лявонаў,— як асоба, як мастак — у простых чалавечых стасунках? Што яго цікавіць, радуе, хвалюе, турбуе?
Пра бацькоўскі дом і драму сям’і
— Я— сібірак. Нарадзіўся ў маленькай вёсцы Лісцвянка Кемераўскай вобласці. Праз месяц, 30 мая, мне, “старому Мазаю”, споўніцца 75… Вось так доўга я жыву на свеце. Пабачыць і зведаць многа чаго давялося. У жыцці кожнага чалавека бываюць крутыя павароты, калі можна ўзляцець, альбо ўпасці і не падняцца. У мяне ў жыцці былі два такія павароты, з якіх я ўсё ж выйшаў з гонарам, не кажучы ўжо пра тыя складанасці, што выпалі на маю долю цягам двух касмічных палётаў. Але гэта — асобная гісторыя.Дык вось, трагічны 1937-ы. Мне тры гадкі. Сталінскія рэпрэсіі ідуць поўным ходам. Закранулі яны і нашу сям’ю. Мы жылі далёка, у цэнтры Сібіры. Бацьку майго забралі ў турму без суда і следства, а маму і яе васьмёра дзяцей проста выкінулі з дому. Уся маёмасць, уключаючы каструлі, патэльні і нават мае штонікі, разабралі суседзі як у сям’і “ворагаў народа”. (Дарэчы, мая мама, настаўніца літаратуры, вучыла ў школе дабрыні і розуму дзяцей тых суседзяў.) Мая старэйшая 19-гадовая сястра якраз у гэты час абжылася ў Кемераве, дзе будавалася вялікая ЦЭЦ. І там сустрэла хлопца — Антона Платонавіча Хадановіча, беларуса, родам з Магілёва. Працаваў ён возчыкам. Яны пакахалі адно аднаго, ажаніліся. І тут такая сямейная трагедыя: бацька — “вораг народа”, а мы — ЧСВН, інакш кажучы “члены сям’і ворага народа”. Як да гэтага паставіцца? І раптам мама атрымлівае з Кемерава ліст ад зяця: “Дарагая мама! — піша ён (хоць маму ніколі не бачыў). — Прыязджайце да нас усёй сям’ёй! Мы будзем жыць разам! Мы вас не кінем!” І вось мы — мама і ўсе дзеці, — на санках, укрытых бравэркай, прыбылі ў Кемерава на вуліцу Інтэрнацыянальную, 15, дзе ўсім кагалам пасяліліся ў бараку ў 16-метровым пакоі! Якое ж добрае сэрца трэба мець, каб зрабіць так, як Антон Платонавіч! Для мяне ён стаў другім бацькам і нашым адзіным карміцелем: і па сёння не разумею, як ён умудраўся пракарміць 11 чалавек!
Праз 2 гады бацьку выпусцілі з турмы, зняўшы з яго ўсе абвінавачванні, і нашай сям’і прадаставілі ў тым жа бараку ажно два пакоі па 18 метраў…
Доўгія гады я ўсё думаў адшукаць у Магілёве родзічаў Антона Платонавіча, ды як іх адшукаеш пасля такой страшнай вайны?.. Але тое, што ён зрабіў для нас, для мяне застаецца прыкладам чалавечай годнасці і вялікай любові да людзей. Такое не забываецца…
У 1957 годзе я ўпершыню пазнаёміўся з Беларуссю, калі з Калінінграда ехаў праз Мінск на Украіну — паступаць у Чугуеўскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў.У Мінску ў чаканні наступнага цягніка давялося затрымацца на суткі. Пераначаваў на… прывакзальнай клумбе, паспеў пазнаёміцца з горадам і пешшу прагуляўся аж да парку Чалюскінцаў. Ну, а потым на Беларусі я бываў часта, і ў мяне тут шмат сяброў.
Другі паварот у маім жыцці здарыўся на пачатку 90-х. Тады, ужо будучы двойчы Героем, генерал-маёрам авіяцыі, я з’яўляўся дэпутатам Массавета. І ў сваёй праграме выказаў неймаверныя для таго часу патрабаванні: стварыць, напрыклад, Акадэмію навук РСФСР (чаму іншыя рэспублікі такія акадэміі маюць?), Акадэмію мастацтваў Расіі і Кампартыю Расіі. Скончылася ўсё тым, што мяне, за 5 гадоў да сканчэння вайсковай службы, проста звольнілі з арміі. Я быў у разгубленасці: сям’я, пенсія ў 5 тысяч рублёў — гэта, не паверыце, менш, чым кошт пляшкі гарэлкі! І вось тады дапамаглі мае сябры-банкіры. Адзін з іх калісьці працаваў з Сяргеем Паўлавічам Каралёвым, і мы былі раней знаёмы. Словам, яны і прапанавалі мне работу ў знакамітым расійскім банку. Пэўны вопыт дзейнасці ў гэтай спецыфічнай галіне ў мяне як у былога супрацоўніка ваенна-прамысловага комплексу быў.
А далей усё пайшло сваім парадкам...
Аб прафесіі мастака. Чаму пішу Космас
— Калі б не стаў касманаўтам, дык сваё жыццё прысвяціў бы жывапісу. Гэта дакладна. Пачаў маляваць у дзяцінстве. Памятаю, у 8 гадоў намаляваў вялікі грыб у лесе і пад ім — маленькіх дзетак з зялёнай травінкай. Настаўніца і дырэктар школы вельмі хвалілі мой “шэдэўр”: “Будзеш мастаком!”. З тых часоў і малюю. У якіх бы гарадах і краінах ні быў — не развітваўся з эцюднікам і блакнотам. А пасля палётаў у космас, зразумела, тэма
 /i/content/pi/cult/206/2410/Kosmas2.jpg
А.Ляонаў. “Выхад у адкрыты космас.
18 сакавіка 1965 г.”.
касмічнай прасторы заняла ў маёй творчасці асаблівае месца, хаця не менш люблю пісаць марыны, рамантычныя марскія пейзажы і караблі, а таксама лірычныя пейзажы настрою, часта з настальгічным адценнем.
У маіх касмічных кампазіцыях усё абсалютна дакументальна, інакш кажучы, пісаў тое, што бачыў у космасе ці з космасу. Мая “зоркавая карта” расквечана не штучнымі кветкамі, як гэта прынята, а сапраўднымі, “касмічнымі”. Для гэтага я распрацаваў сваю методыку, па якой старанна замяраў першапачатковы колер зямной паверхні і вызначаў патрэбныя мне каардынаты гэтай “колеравай” кропкі ў залежнасці ад асаблівасцей зроку. Вызначыў пэўныя тайны блакітнага поясу Зямлі і колеравыя асаблівасці свячэння планет і зорак. Усё гэта ўбачыце ў маім жывапісе, у такіх творах, як “Выхад у адкрыты космас. 18 сакавіка 1965 года”, “Усход-2” або ў панарамнай карціне “Дзесьці тут узнікла чалавецтва”. Аднак у чарговы раз паўтаруся: як бы прыцягальна і незвычайна ні было ў космасе, прыгажэй за нашу планету Зямля нічога няма...
Чаму пішу мора
— Мора я палюбіў, калі ў юнацтве жыў у Калінінградзе. Так што ўсё пачалося з Балтыкі. Рана ўпадабаў Айвазоўскага, потым — Рокуэла Кента і Мікалая Рэрыха: усе яны блізкія мне асаблівым рамантычным настроем, дзіўным пачуццём прасторы марской і зямной стыхій. Пазней захапіўся гісторыяй легендарных расійскіх караблёў з іх гераічнымі, часта трагічнымі лёсамі. Па знойдзеных мной чарцяжах дакладна “ўзнавіў” гэтыя караблі на сваіх палотнах і малюнках. У экспазіцыі я прадставіў цыкл твораў аб доўгім шляху фрэгата “Дыяна” з Кранштата вакол зямнога шара цераз Атлантыку і Індыйскі акіян да Японіі, дзе
 /i/content/pi/cult/206/2410/Kosmas4.jpg
А.Ляонаў. “Флагман касмічнага флоту “Касманаўт Юрый Гагарын”.
150 гадоў таму карабель загінуў у стыхіі цунамі. З рэшткаў карабля маракі, што атабарыліся ў японскім горадзе Хеда, пабудавалі аднайменную шхуну, на якой тыя, хто застаўся ў жывых, вярнуліся на радзіму. Я быў у гэтым горадзе, наведаў могілкі, дзе пахаваны нашы маракі, што памерлі на чужыне, і быў вельмі ўсхваляваны: дагледжаныя магілы акаймаваны гранітам, паўсюль — вазачкі з жывымі кветкамі, да кожнага надмагілля падведзены кранікі з вадой... І ўсё гэта ашчадна захавана...
На выстаўцы вы ўбачыце карціну, прысвечаную трагічнаму зыходу палярнай экспедыцыі Георгія Сядова, калі вялікі гідрограф і палярны даследчык у 1912 годзе вымушаны быў кінуць заціснутае ільдамі судна “Святы Фока” і паспрабаваў на сабаках дасягнуць Паўночнага полюса. Дзе ён дакладна загінуў — невядома. І яшчэ адна карціна: на трывожным фоне флагман касмічнага флоту “Касманаўт Юрый Гагарын”. Калі распаўся Савецкі Саюз, гэты карабель знаходзіўся ў адэскім порце, адкуль не расійскім бокам быў, на вялікі жаль, прададзены... А гэта быў адзіны ў свеце карабель водазмяшчэннем 44 тысячы тон! З яго ж можна было зрабіць і унікальны музей, і гатэль...
Чаму пішу пейзажы
— Лірычныя пейзажы — таксама мая сталая любоў. На выстаўцы я прадставіў своеасаблівы пейзажны трыпціх, прысвечаны маёй малой радзіме — вёсцы Лісцвянка. Некалькі гадоў таму я наведаў тыя месцы, знайшоў сцежку і рачулку, якія памятаў з дзяцінства, сустрэў дарагіх землякоў, агледзеў і напісаў бацькоўскі дом, дзе нарадзіўся... Вельмі пранізлівае было адчуванне ад убачанага...
Некаторыя пейзажы я пісаў на паляванні ў Спас-Клепіках з Юрыем Гагарыным 22 кастрычніка 1967 года: два эцюды з аднаго і таго ж месца я напісаў з часавай розніцай у 30 хвілін: ядраны, зялёны — гэта яшчэ світанак; другі — гэта ўжо ранак, ледзь цяплейшы, мяккі. Вось такі імпрэсіянізм... Адзін пейзаж я напісаў з натуры пад Мінскам у 2003 годзе — у Дудутках, назваў яго “Стары млын паблізу Мінска”. Можа быць, калі-небудзь яшчэ папішу прыгажуню Беларусь... Паказваю і тое, што бачыў у Сірыі, ЗША, Венгрыі,
 /i/content/pi/cult/206/2410/Kosmas3.jpg
А.Ляонаў. “Стары млын паблізу Мінска”.

Чарнагорыі, Італіі, Шатландыі, Нідэрландах. А самыя раннія творы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, пазначаны 1958 годам: гэта “Адэса. Ланжэрон. Заход сонца” і “Адэса. Ланжэрон. Месячная ноч”. Ёсць на выстаўцы і графіка: каляровая літаграфія “Seagull (Чайка)”, прысвечаная Валянціне Церашковай і жанчынам-касманаўтам; акварэльны партрэт Валерыя Быкоўскага з нагоды 40-годдзя яго палёту ў космас і гэтак далей.
Вось пазнаёміўся з пастаяннай экспазіцыяй вашага музея. І скажу так: я пабачыў нямала буйных галерэй свету, але беларускі музей — адзін з самых цудоўных. Выдатная калекцыя жывапісу і скульптуры: мяне ўразілі карціны Айвазоўскага, Багалюбава, Шышкіна, Макоўскага, Пукарава, Рэпіна, Малявіна, скульптуры Лансэрэ і Канёнкава, старажытнае і сучаснае беларускае мастацтва. Любая краіна можа пазайздросціць збору такіх высакаякасных твораў айчыннай і сусветнай класікі...
* * *
На маё апошняе паўжартаўлівае пытанне: “Што вам, Аляксей Архіпавіч, як чалавеку, які пабываў у космасе, гавораць зоркі наконт будучыні нашых краін— Беларусі і Расіі? Як мы будзем жыць далей?” — Ляонаў адказаў: “Нічога мне зоркі не кажуць, я з імі не размаўляў, я размаўляў з разумнымі людзьмі, якія гавораць, што ўсё будзе залежаць... ад разумных людзей. У нас з вамі поўнае ўзаемаразуменне, дзякуй Богу, і жорсткіх межаў паміж нашымі дзяржавамі няма. Я ў гэта вельмі веру. Паводле духоўнага менталітэту, па ўсіх іншых параметрах вы, беларусы, у нас — блізкія, і мы, расіяне, у вас таксама. Я не кажу пра іншыя краіны, я кажу пра тое, што адчуваю сёння, калі знаходжуся на беларускай зямлі, якая мне такая ж дарагая, як і Расія. Іншага не дадзена...”

Барыс КРЭПАК
Фота Юрыя ІВАНОВА