Дзве асноўныя тэмы на выстаўцы “СМІ ў Беларусі” — 65-годдзе вызвалення Беларусі і Год роднай зямлі

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

З 5 па 8 мая ў Нацыянальнай выставачнай зале “БелЭКСПА” пройдзе ХІІІ Міжнародная спецыялізаваная выстаўка “СМІ ў Беларусі”. Арганізатары — Міністэрства інфармацыі, Міністэрства замежных спраў, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Беларускі саюз журналістаў, Саюз выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку. Выстаўка прысвечана 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году роднай зямлі. 29 красавіка ў Прэс-цэнтры Дома прэсы з гэтай нагоды адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам першага намесніка міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч.

 /i/content/pi/cult/206/2406/Litera.jpg
Мэта форуму — пашырэнне інфармацыйнай прасторы Рэспублікі Беларусь, паглыбленне міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы мас-медыя, папулярызацыя беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, павелічэнне тэле- і радыёаўдыторыі айчынных СМІ.
У выстаўцы прымуць удзел друкаваныя і электронныя СМІ, інфармацыйныя агенцтвы і інтэрнет-правайдэры, распаўсюджвальнікі друкаванай прадукцыі, рэкламныя арганізацыі, выдавецтвы і друкарні. Сярод экспанентаў — прадстаўнікі не толькі Беларусі, але і Расіі, Украіны, Кітая, Ізраіля, Швейцарыі, Францыі, Велікабрытаніі, Азербайджана... Удзельнікаў чакае насычаная праграма: штодзённыя прэзентацыі газет і часопісаў, тэле- і радыёканалаў, інтэрнет-сайтаў, а таксама творчыя сустрэчы, конкурсныя праграмы, майстар-класы, дыспуты. Будзе дзейнічаць экспазіцыя, прысвечаная беларускай журналістыцы гадоў Вялікай Айчыннай вайны.
Па традыцыі, у выставачныя дні будуць названы лепшыя айчынныя перыядычныя выданні і лепшыя журналісты Беларусі — пераможцы V Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая ліцера”.
Як паведамляе “К” кансультант упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязей Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Галіна Гусакова, на ўдзел у Нацыянальным конкурсе даслана 246 заявак. Як і ў папярэднія гады, самай папулярнай аказалася конкурсная намінацыя “Лепшы творчы праект года”. Сёлета свае праекты на разгляд журы прадаставілі 44 рэгіянальныя выданні і 38 рэспубліканскіх. Перамогуць, натуральна, лепшыя з лепшых. Не менш папулярнымі застаюцца і персанальныя намінацыі.
У гэтым годзе будуць вызначаны лепшыя рэпарцёр, аглядальнік, фотакарэспандэнт, афарміцель-дызайнер беларускіх СМІ. Словам, 24 “Залатыя ліцеры” чакаюць сваіх уладальнікаў.
Адной з важных падзей ХІІІ Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі “СМІ ў Беларусі” стане IV Беларускі інфармацыйны форум “СМІ ў эпоху глабальнага эканамічнага крызісу. Фарміраванне сацыяльных установак насельніцтва”. Форум пройдзе 6— 7 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
“Культура” таксама чакае сваіх чытачоў ля стэнда на выстаўцы “СМІ ў Беларусі”. Прыходзьце, шаноўныя, — будзем рады вас вітаць!