“БЛІЦСІМФОНІЮ” РЭГІЁНАЎ СТВАРАЕ “ФОТААРКЕСТР”

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

Фотакарэспандэнты раённых газет працуюць у кожным са 118 рэгіёнаў Беларусі, фіксуючы знакавыя імгненні жыцця свайго любага краю. Сёлета ж агульнае сімфанічнае палатно, якое яны ствараюць, можна сімвалічна назваць “Прысвячэнне роднай зямлі”. У Год роднай зямлі, напярэдадні Дня друку, фотарэпарцёры — на нашым здымку, вядома, толькі невялікая частка “аркестрантаў” гэтага зладжанага інфармкалектыву — сабраліся ў Мінску. З якой жа мэтай?

 Дык як жа трапілі фотакарэспандэнты рэгіянальнай прэсы ў склад нашага “фотааркестра” на першай паласе? Аказваецца, з’яднала іх усіх імкненне да самаўдасканалення.
У Інстытуце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта на факультэце павышэння кваліфікацыі журналісцкіх кадраў рэгулярна праводзяцца курсы, у тым ліку і для фотакарэспандэнтаў. Апошнюю дэкаду красавіка 16 майстроў аб’ектыва з раённых газет Беларусі навучаліся па тэме “Сучасная фотажурналістыка: тэндэнцыі і перспектывы”. За гэты час было праведзена 32 акадэмічныя гадзіны лекцый, 30 — практычных і выязных заняткаў, адбыліся дзелавыя сустрэчы, майстар-класы, “круглыя сталы”, выязныя заняткі, гутаркі.
У рабоце курсаў прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прафесарска-выкладчыцкі склад Інстытута журналістыкі БДУ, вядучыя беларускія фотажурналісты Юрый Іваноў, Віктар Стралкоўскі, Сяргей Плыткевіч, Яўген Пясецкі. Адзначым, што загадчык аддзела фотаілюстрацый “Культуры” Юрый Іваноў правёў заняткі па тэмах “Тэхніка рэпартажнай фатаграфіі. Складнікі прафесіяналізму”, “Фатаграфія мастацкая, пастановачная і рэпартажная”, “Рэпартажны псіхалагічны партрэт”, “Аўтарскае “я” ў жанры фатаграфіі. Праблема самавыражэння: ад фотаздымка да фотавыстаўкі”.
Зрэшты, самы час прадставіць і “аркестрантаў”, што трапілі ў аб’ектыў “К”. У першым радзе (злева направа) — Наталля Чэкан (Хойнікі), Вераніка Вішнеўская (Ашмяны), Сяргей Лазоўскі (Капыль); у другім — Аляксей Нарэйка (Гомель), Галіна Антонава (Смаргонь), Наталя Рыжкова (Талачын), Ларыса Салодкіна (Слуцк), Віктар Падута (Любань); у трэцім радзе — Алег Ігнатовіч (Мінск), Андрэй Бурэц (Шаркаўшчына), Канстанцін Кашкоў (Мазыр).
Рэдакцыя “Культуры” віншуе ўсіх сваіх калег з Днём друку! Жадае вострага пяра, пільнага аб’ектыва і аператыўнай працы!