Арыгінальная кніга пабачыла свет у Санкт-Пецярбургу ў 1903 годзе ў “артыстычнай установе А.Ф. Маркса”. Гістарычны нарыс Георгія Карцава апісвае “сучасную паляўнічую гаспадарку і “высочайшие охоты” ў Пушчы”. Выданне было ілюстравана групай мастакоў і дапоўнена графікай.А як рыхтавалася перавыданне “Белавежскай пушчы” да друку? Старыя старонкі сканіраваліся, атрыманыя адлюстраванні ўдасканальваліся з дапамогай камп’ютэра. Напачатку выдаўцы нават жадалі падабраць паперу, падобную па колеры да той, пажоўклай. А потым вырашылі пакінуць тэкст, фота і малюнкі на белых аркушах: маўляў, пройдзе час — і яна сама пажаўцее.
Ад арыгінала факсіміле мае толькі два адрозненні. Па-першае, перад малюнкамі і фатаграфіямі ў кнізе змешчаны лісты калькі, якія клеіліся ва ўсе 1922 асобнікі фаліянта 2009 года ўручную. Па-другое, адрозніваецца новая “Белавежская пушча” і колерам вокладкі: у арыгінала ён быў карычневы, а факсімільны варыянт мае малахітава-зялёную афарбоўку.
З трох беларускіх экземпляраў кнігі 1903 года адзін знаходзіцца ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча”, другі — у бібліятэцы газеты “Звязда”, трэці — у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Менавіта са “звяздоўскага” асобніка і было падрыхтавана выданне.
Апошняе паляванне апошняга караля
Георгій Карцаў пачынае сваю кнігу з гісторыі Пушчы. Аўтар паведамляе, як ўтварыўся ў сярэдзіне еўрапейскага кантынента вялікі лясны масіў, як ён развіваўся, хто яго засяляў. Цікавыя звесткі пра першыя захады па ўпарадкаванні пушчы і ахову яе пры Жыгімонце Старым, калі распачалося першапачатковае абмежаванне яе тэрыторыі, засяленне стралкамі, клопат аб Белавежы наступных каралёў і вялікіх князёў літоўскіх.
Ці сапраўды зубр такі ж грозны, як на гравюры з выдання Брынкена (1828 г.)? |
Белавежа ХІХ стагоддзя
Першы раздзел выдання распавядае, як Белавежская пушча пераходзіць пасля падзелу Рэчы Паспалітай да Расійскай імперыі, пра адміністрацыйнае ўпарадкаванне гэтага масіва, указ імператара Аляксандра І аб ахове зуброў.Паведамляецца аб пажары ў пушчы 1811 года, аб дзеянні войскаў на яе тэрыторыі ў 1812 годзе. Прыкладам, па словах Карцава, тады саюзнікі Напалеона — аўстрыйцы — разрабавалі ўвесь замак.
Асобныя старонкі прысвечаны першаму лесаўладкаванню і новаму адміністрацыйнаму падзелу, мерапрыемствам па захаванні зуброў у 40-я — 50-я гг. ХІХ стагоддзя. Значнае месца займае матэрыял, прысвечаны паляванню рускага імператара Аляксандра ІІ у 1860 годзе. У той час назіраецца ажыўленне цікавасці да Белавежскай пушчы: зараджаецца паляўнічая гаспадарка, арганізоўваецца пастаянны звярынец. Пасля паўстання 1863 года ўзмацняецца дагляд за зубрамі, змяняецца сістэма нагляду за жывёламі.
Цікавыя факты паведамляе раздзел, прысвечаны царскаму паляванню, якое прайшло з 22 жніўня па 3 верасня 1897 года. Яго вынікі аказаліся наступнымі. Гасудар імператар не
Паляванне на зуброў у XV стагоддзі. |
застрэліў ніводнай жывёліны; вялікі князь Міхаіл Аляксандравіч — двух зуброў, чатырох дзікоў, адну лісу, аднаго русака і іншых — усяго 11; каралевіч Мікалай Грэчаскі — трох ласёў, аднаго казла, двух дзікоў — усяго 6 жывёл; граф Варанцоў-Дашкаў — двух зуброў, двух ласёў, двух казлоў, восем дзікоў — усяго 14 жывёлін; лейтэнант Бойсман — аднаго зубра, аднаго казла, двух дзікоў — усяго 4. За два тыдні паляўнічыя застрэлілі 7 зуброў, было зроблена 349 выстралаў, забіта 81 жывёліна.
Наогул, “высочайшие охоты” адбываліся праз тры гады. У кнізе апісваюцца тыя, што былі ў 1894, 1897, 1890 гадах.
Пушча “нашага часу”
Наступны раздзел прысвечаны пачатку ХХ стагоддзя. У ім пададзены значны аб’ём звестак пра зуброў і арэал іх пражывання, падаюцца яго заалагічныя прыкметы, распавядаецца аб паходжанні белавежскага волата. Аўтар прыгадвае паэму “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага, ці, як піша сам Карцаў, Гусавіяна.Георгій Карцаў задаецца пытаннем: памнажаюцца зубры або выміраюць? Але па-за ўвагай аўтара не застаюцца і іншыя пушчанскія жыхары: алені, ласі, даніэлі (лані), дзікі, дзікія козы, зайцы, лісы, воўкі, рысі, барсукі, выдры і іншыя дробныя драпежнікі, дзічына.
Паведамляецца пра дагляд за дзічынай, пра натуральны, падножны і драўляны корм, лясныя культуры, пасадкі, штучнае кармленне, зберажэнне дзічыны, браканьерства.Дарэчы, з выдання даведваемся, што ў Пушчы быў пастаўлены помнік зубру.
У кнізе можна пазнаёміцца з аглядам кіравання Пушчай з 1889 года: агульнай адміністрацыяй лясной гаспадаркі, характарам высечкі і ачысткі леса, сенажацямі, кустарнікавымі зараснікамі, выпасам жывёл. На старонках выдання распавядаецца аб пабудове імператарскага палаца, а таксама аб дзейнасці кіраўніка пушчы Андрыеўскага.
Наталля КІРПІЧЭНКАВА