Больш чым 700 адзінак відэапрадукцыі за 20 гадоў, не менш як 30 відэафільмаў штогадова — у невялічкім прэзентацыйным роліку, прысвечаным юбілею прадпрыемства, плён працы “Беларускага відэацэнтра” выглядаў маштабна. Але ж сапраўды значнай перавагай дзейнасці РУП стаўся дзелавы падыход да ўласнай прадукцыі: “Калі на відэафільм выдаткоўваюцца грошы — яны мусяць вярнуцца”, — канстатуе дырэктар Андрэй Бычкоў.
“Сёння мы заключылі дамовы на рэалізацыю з “Белкнігай”, “Віцебсккнігай”, Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам, Бярэзінскім біясферным запаведнікам, прыватнымі прадпрыемствамі, якія распаўсюджваюць кінафільмы. У абласных цэнтрах адкрываем базы гандлю нашай прадукцыяй, імкнёмся ўкамплектоўваць бібліобусы, аўтаперасоўкі, што абслугоўваюць маланаселеныя пункты, аграгарадкі… Мы хочам, каб звычайны спажывец мог пабачыць і набыць нашы фільмы ў крамах, пунктах продажу, сельскіх кінапракатах, бо для гэтага і існуе кіно, — абмаляваў пазіцыю “Белвідэацэнтра” яго кіраўнік. — Мы сталі выпускаць прадукцыю на англійскай мове, на кітайскай: шукаем новыя рынкі збыту, пашыраем межы і спадзяёмся, што нашы стужкі будуць запатрабаванымі”.
“Сёлета мы падрыхтавалі блок з 20 фільмаў для рэалізацыі ў рознічным гандлі, ярка аформілі іх, — распавядае спецыяліст аддзела маркетынгу Алена Красуляк, — і ўжо цяпер, праз тры месяцы, некаторыя прадпрыемствы-распаўсюджвальнікі звяртаюцца да нас з паўторнымі заказамі”. Хутка “Белвідэацэнтр” адкрые свае гандлёвыя пункты ў Маскве, затым — прадстаўніцтвы ў іншых расійскіх гарадах-мільённіках. “Мы імкнёмся рыхтаваць план вытворчасці згодна са знакавымі падзеямі, датамі, шукаем тэмы, якія цікавыя розным інстытутам, установам, шукаем розныя мэтавыя аўдыторыі”, — зазначае дырэктар установы. Лідэрам жа апошніх продажаў, падзяліліся работнікі “Белвідэацэнтра”, стаў фільм “Беларускі народны каляндар”.
Але ж, акрамя істотных перамог, унітарнае прадпрыемства сутыкаецца і са значнымі праблемамі. “Адной з характэрных рэчаў з часу стварэння РУП, — падкрэсліў галоўны рэжысёр, мастацкі кіраўнік “Белвідэацэнтра” Аляксандр Карпаў, — быў прадзюсерскі падыход. Адразу на прадпрыемстве вырашалася пытанне адбору: калі рэжысёр зняў удалае кіно — яго зноў запрашалі да супрацоўніцтва, калі праваліўся — маўляў, што зробіш. Гэты падыход у выніку стаўся залогам добрых фільмаў. Але сёння сітуацыя змянілася: генерацыя сталых кіношнікаў сыходзіць, а маладых — рэжысёраў, аператараў, сцэнарыстаў — няма. І ў гэтым — вялікая праблема”.
Кінематаграфісты агучылі і такое надзённае сёння пытанне, як невялікая запатрабаванасць на Беларусі дакументальнага кіно ў цэлым, нават у параўнанні з Расіяй. І — патрэба ў спецыялізаваных каналах дакументалістыкі, кінатэатрах, а галоўнае — у яго, дакументальнага кіно, інфармацыйнай падтрымцы. “Часам здараецца, што некаторыя раёны нават не ведаюць пра існаванне “Белвідэацэнтра”, нашай прадукцыі, хаця мы рэгулярна адпраўляем каталогі ў абласныя цэнтры, — адзначыла Алена Красуляк. — І тут важна проста данесці да іх інфармацыю пра тое, што мы існуём і робім фільмы. А людзі, пабачыўшы, — самі разбяруцца”.
Паглядзеўшы апошнія відэанавінкі “Белвідэацэнтра” — “Мышалоўка” Дзмітрыя Міхнеева, “Аднойчы на лецішчы” Алены Цагальскай, “Лёс зубра” Ігара Бышнёва, — ды, прынамсі, узнаўляючы ў памяці і іншыя фільмы прадпрыемства, можна смела зазначыць, што “разабрацца” і пагутарыць у дачыненні да прадукцыі “Белвідэацэнтра” ёсць пра што.Таму і заклік аб інфармацыйнай падтрымцы выконваем.
Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ