Шагалаўскі палёт Белага клоуна

№ 16 (884) 18.04.2009 - 24.04.2009 г

Днямі выстаўка “Усмешка клоуна”, якая працуе ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, папоўнілася яшчэ некалькімі дзесяткамі выяў клоунаў з калекцыі заслужанага артыста Расіі Мікалая Чалнакова.

 /i/content/pi/cult/204/2380/Shagalauski.jpg

З дзяцінства Чалнакоў марыў выходзіць на арэну, каб выклікаць усмешкі ў гледачоў. Лёсам яму было наканавана стаць выдатным цыркавым акрабатам, шмат гастраляваць, працаваць разам з жонкай і сынам у сусветна вядомым канадскім “Cirque du Soleil”. Пасля атрыманай траўмы Мікалай Чалнакоў вярнуўся у Расію, арганізаваў уласны цырк-шапіто, але нават самыя кардынальныя змены ў жыцці не прымусілі забыцца пра далёкую мару аб рыжым парыку і чырвона-белым грыме. Жаданне стаць клоунам адлюстравалася ў калекцыі статуэтак, якая сёння ўваходзіць у пяцёрку самых буйных і якасных збораў па дадзенай тэме ў свеце!
За дваццаць гадоў калекцыя папоўнілася 500 клоунскімі статуэткамі з бронзы, керамікі, шкла, срэбра. Маскі, тэматычныя паштоўкі пачатку мінулага стагоддзя, мастацкія палотны, тэкстыльныя лялькі і нават інкруставаныя брыльянтамі — частка гэтых экспанатаў рабілася эксклюзіўна, пад заказ, і існуе толькі ў адзінкавым экземпляры. Але каштоўнасць калекцыі не толькі ў разнастайнасці. У збіральніка ёсць яшчэ адна мэта: пашырыць сярод публікі ўяўленне аб клаунадзе, пазнаёміць з гісторыяй развіцця жанру, адкрыць аматарам цырка некаторыя нюансы.
Вядома, што многія цыркавыя жанры існавалі яшчэ з часоў Старажытнага Егіпта, Старажытнай Індыі. І ўсё ж, як расказаў вучань Мікалая Чалнакова, які выкладае ў ГИТИСе і па сумяшчальніцтве працуе экскурсаводам на перасоўнай выстаўцы, Сяргей Сахно, непасрэдна клаунада зарадзілася ў камедыі дэль артэ. Дзве італьянскія маскі — П’еро і Арлекін — сталі падмуркам для станаўлення класічных цыркавых вобразаў Белага і Рыжага клоунаў.
У экспазіцыі знаходзяцца і статуэткі, зробленыя ў Беларусі. Асабліва Мікалай Чалнакоў ганарыцца клоунамі, стылізаванымі пад шагалаўскую тэматыку. Цыркавы рэжысёр-пастаноўшчык з сусветным імем пад уплывам творчасці славутага мастака нават выпусціў праграму “Дзіўны цырк Марка Шагала”. Дарэчы, Мікалай Чалнакоў — пастаянны ўдзельнік фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Любоў да горада над Заходняй Дзвіной, дзе пануе дух славутай шагалаўскай школы, вылілася ў адмысловы падарунак: летась Мікалай Чалнакоў падарыў абласному цэнтру бронзавую скульптуру клоуна. Паменшаная копія віцебскага “Вулічнага вясёлага клоуна” заняла годнае месца ў перасоўнай выстаўцы і цяпер вандруе па свеце, натхняючы экскурсаводаў на расказы пра цыркавое мастацтва Беларусі.

Настасся ПАНКРАТАВА
Фота аўтара