Ліра па-карэйску

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

Уладальнікамі дзвюх “Срэбраных лір” 25-га Міжнароднага фестывалю “Красавіцкая вясна” ў Паўночнай Карэі сталі прадстаўнікі нашай дэлегацыі: салісты Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча Уладзімір Ткач і Павел Неўмяржыцкі, а таксама салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь Алена Бундзелева, Андрэй Марозаў і канцэртмайстар Ларыса Церахава. Акрамя таго, оперныя артысты атрымалі прыз за лепшае выкананне карэйскай песні і былі запрошаны на тамтэйшае радыё для запісу яшчэ цэлага шэрагу карэйскіх песень. А раманс “Я люблю” Уладзіміра Алоўнікава ў іх выкананні ўразіў настолькі, што ў іх сталі выпрошваць ноты.

— Фестываль, — расказала А.Бундзелева, — здзівіў разнастайнасцю: ад цырка і стэпа да оперных арый. Я многа пра яго чула ад сваіх калег Алены Шведавай, Ганны Гур’евай, Таццяны Цівуновай, Эдуарда Мартынюка і іншых, бо нашы музыканты не ўпершыню ў ім удзельнічаюць і перамагаюць. Але ўбачыць на свае вочы — гэта зусім іншае. Мы, як і баяністы з аркестра Жыновіча, прывезлі туды вялікую праграму, і арганізатары ўжо самі выбіралі, што ў які з канцэртаў уключыць. У нас адбылося чатыры выступленні, па выніках якіх мы ўдзельнічалі ў гала-канцэрце закрыцця, што вельмі пачэсна: ён разлічаны ўсяго на гадзіну, а мы спявалі там ажно два нумары. Нечаканасцю для нас была і прапанова запісаць карэйскія песні на радыё. Збіраючыся ў паездку, мы рыхтавалі дзве карэйскія песні, бо гэта адна з умоў фестывалю. З аднаго нотнага радка, дзе была занатавана мелодыя, самі зрабілі вакальны дуэт у суправаджэнні фартэпіяна. І наша выкананне так спадабалася, што нам прынеслі стос нот карэйскіх песень, каб мы іх запісалі, — амаль без рэпетыцый. Як жа было не адгукнуцца, калі яны настолькі сур’ёзна да ўсяго гэтага ставяцца і прасілі нас ледзь не са слязьмі на вачах. Дый самі іх песні, прыгожыя па музыцы, нагадваюць нашу стылістыку 1950-ых гадоў. Нам былі прапанаваны экскурсіі па мясцінах, звязаных з імёнамі іх правадыроў — Кім Ір Сэна (а фестываль прымеркаваны да ўгодкаў з дня яго нараджэння, што, паводле паўночна-карэйскага календара, аб’яўлены яшчэ і Новым годам) і Кім Чэн Іра. Мы пабывалі ў маўзалеі, у двух музеях падарункаў, зробленых правадырам, у двух парках народнай творчасці, названых іх імёнамі, на выстаўцы кветак, дзе з двух гатункаў бягоній і архідэй, названых у іх гонар, была створана безліч кампазіцый. Бачылі бясконцыя шэсці на плошчы, грандыёзнае прадстаўленне “Арыран” на стадыёне, дзе вялізная масоўка складала “жывыя карціны”.

— У адрозненне ад астатніх, — дадаў заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Ткач, — я быў на гэтым фестывалі ўжо другі раз, пасля 5-гадовага перапынку. І ўбачыў змяненні да лепшага, што адбыліся ў саміх людзях гэтай краіны, у іх псіхалогіі. Яны сталі больш унутрана разняволенымі, што адразу адчуваецца ў стасунках. Сёлета ўжо не было той “паказухі”, калі народ прыганялі ажно ў аэрапорт вітаць удзельнікаў фестывалю, усенародна закідваць іх кветкамі і гэтак далей. Сустракалі нас ля трапа, як гэта прынята ў свеце, толькі афіцыйныя асобы і шматлікія карэспандэнты. Дый сам фестываль пазбавіўся залішняй “арганізацыйнасці”: экскурсіі былі ўжо не абавязковыя, а “па жаданні”, прычым, гэта было нават пазначана ў буклеце. У гатэлі трансліраваліся не толькі мясцовыя тэлеканалы, але і замежныя (у тым ліку англамоўныя ў перакладзе на рускую мову). Увогуле, у краіне ўзрасла цікавасць да рускай мовы, сведчаннем таму — просьба запісаць на радыё выкананне карэйскіх песень на рускай мове.

Фота Юрыя ІВАНОВА