Інтанацыйны лад “Слуцкіх ткачых”

№ 16 (884) 18.04.2009 - 24.04.2009 г

Барыс Аракчэеў... Вядомы жывапісец. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Лейтматыў яго творчасці – Зямля і чалавек на ёй. Кожны ягоны твор – гэта эмацыянальнае апавяданне ад першай асобы.

 /i/content/pi/cult/204/2377/Sluckija1.jpg

Б.Аракчэеў. “Яраслаўль. Гады навучання Максіма Багдановіча ў гімназіі”.

Адбітак
уласнага, субектыўнага ўспрымання бачнага ляжыць амаль на ўсіх яго работах: у фігуратыўных карцінах, нацюрмортах, лірычных і урбаністычных пейзажах. Гэтыасобасныпачатак вызначае і інтанацыйны лад палатна, і яго сэнсавую сутнасць, якая, як правіла, скіравана да шырокага абагульнення. Яго карціны “Пара сенажатная”, “Ураджай”, “Абаронцы Брэсцкай крэпасці”, “Партызанская сям’я”, “Зямля заслаўская”, “Кавалі”, “Народныя песні. Якуб Колас” даўно вядомы аматарам мастацтва не толькі ў нашай краіне.
Але сённяшняя выстаўка жывапісу Барыса Аракчэева ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча — асаблівая. Яна цалкам прысвечана Яраслаўшчыне — “малой радзіме” мастака і нашаму вялікаму земляку Максіму Багдановічу, які амаль 8 гадоў (1908 — 1916 гг.) жыў і тварыў у Яраслаўлі, — пасля 12 гадоў, праведзеных у Ніжнім Ноўгарадзе. Тут жа паэт скончыў гімназію і Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй. Тут ён завяршыў свой славуты зборнік “Вянок”, тут пачалася яго актыўная літаратурна-крытычная і публіцыстычная дзейнасць. Яго цудоўныя “Слуцкія ткачыхі” і “Зорка Венера” — таксама з Яраслаўля.
Большасць карцін Б.Аракчэева, прысвечаных М.Багдановічу, створаны ў пачатку 80-х, у час падарожжа мастака па родных мясцінах. Сярод твораў гэтага цыкла — “Яраслаўль. Апошняя вясна М.Багдановіча”, “Гады навучання М.Багдановіча ў гімназіі”, “Дом у Яраслаўлі, дзе жыла сям’я Багдановічаў”, мемарыяльныя пейзажы горада і яго наваколля, а таксама творы больш позняга часу — “Музей М.Багдановіча ў Яраслаўлі”, “З думаю пра родныя нівы”...

Б.К.