Казанскі вопыт і “Царская нявеста”

№ 16 (884) 18.04.2009 - 24.04.2009 г

Дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Воліч цягам ужо некалькіх гадоў запрашаецца на Міжнародны оперны фестываль імя Ф.Шаляпіна ў Казані. Вось і сёлета ён дырыжыраваў “Царскай нявестай”, над прэм’ерай якой працаваў з тамтэйшай трупай летась. Яшчэ адным яго творчым здабыткам трэба лічыць назапашаны ў Казані фестывальны і ўласна оперны вопыт, які можа быць карысным для нашага тэатра і, шырэй, Беларусі.

 /i/content/pi/cult/204/2371/Kazanski.jpg
— Гэты фестываль, — распавёў Вячаслаў Іванавіч, — наўпрост звязвае імідж Татарскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета з імем вялікага спевака, які нарадзіўся ў Казані. За 27 гадоў статус фестывалю ўзрос ад рэспубліканскага да ўсерасійскага і, нарэшце, міжнароднага.
Склаліся і свае традыцыі, накіраваныя на піар тэатра як сярод уласнай публікі, так і ў сусветнай культуры. На свяце паказваюцца спектаклі толькі гэтага тэатра, што значна зніжае каштарыс. Затое да фестывалю абавязкова рыхтуецца прэм’ера і запрашаюцца шматлікія зорныя салісты, якія ўпрыгожваюць кожны спектакль. Дарэчы, у апошнія сезоны вельмі часта сярод такіх зорак аказвалася наша Ніна Шарубіна, аднойчы — малады Юрый Балацько. Такая практыка спалучэння ўласнай трупы з салістамі-гастралёрамі прынята ў гэтым тэатры не толькі ў час фестывалю. І гэта з’яўляецца стымулам росту сваіх салістаў, бо кожны прыезд сусветнай опернай зоркі становіцца для іх своеасаблівым майстар-класам. Спеўныя эталоны яны могуць пачуць у жывым гучанні, не пакідаючы роднага горада. А як гэта прыцягвае публіку! Не думаю, што такая мадэль павінна выкарыстоўвацца ў нашым тэатры без аніякай альтэрнатывы. Бо ў нас назапашаны і свае традыцыі. І, мусіць, найперш: не баяцца давяраць творчай моладзі цэнтральныя сольныя партыі. Але нагадаю, што ў савецкія часы зорак прыязджала нашмат больш і яны спявалі ў беларускіх спектаклях побач з нашымі маладымі артыстамі. Такое партнёрства станавілася яшчэ большым майстар-класам. Трэба спадзявацца, што цяпер, калі адноўлены тэатр апынуўся ў цэнтры ўвагі опернай грамадскасці, падобная практыка спалучэння ў адным спектаклі сусветных і нашых зорак, у тым ліку маладых, будзе прадоўжана.

Надзея БУНЦЭВІЧ