Прысвечаны меднаму ліццю

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

19 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь прайшла прэзентацыя альбома-каталога “Образ литой, старинный...”, у якім адлюстравана меднае мастацкае ліццё ХІІ—ХХ стагоддзяў са збораў музея. Ілюстраванае выданне выйшла ў свет у выдавецтве “Белпрынт” накладам у 1000 асобнікаў пры фінансавай дапамозе Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва і садзейнічанні Міністэрства культуры РБ.

Аўтар выдання Алена Карпенка распавяла, што выданне ўключае 395 прадметаў — крыжы, абразы, складні, якія ўваходзяць у калекцыю музея. Тэкст суправаджаецца каляровымі і чорна-белымі ілюстрацыямі. На зваротным баку вокладкі змяшчаецца кампакт-дыск. Матэрыял каталога сістэматызаваны па тыпалогіі, іканаграфіі, храналогіі, а па часе стварэння падзяляецца на дзве часткі: у першай змяшчаецца апісанне рэчаў ХІІ — ХVІІ стагоддзяў, у другой — ХVІІІ — пач. ХХ стагоддзяў.

Асаблівую каштоўнасць калекцыі НММ уяўляюць старажытныя рэліквіі. Сярод іх — старажытнарускія крыжы-энкалпіёны і абразкі ХІІ — ХV стагоддзяў, знойдзеныя на землях Беларусі. Цікавасць прадстаўляе медналіты вобраз Боскай Маці Адзігітрыі Купяціцкай і літы абразок “Косма і Даміян”, знойдзены на тэрыторыі старажытнага замчышча пад Мінскам у 90-я гады.

У старажытнасці творы з медзі мелі рытуальна-сімвалічнае значэнне. Яны выконвалі функцыю абярэга, іх надзялялі гаючай сілай, людзі верылі, што крыжы і абразкі абараняюць іх уладальнікаў. Найбольш колькасная і разнастайная па складзе група прадметаў — творы хрысціянскай культуры ХVІІІ — пач. ХХ стагоддзяў. Сярод рэчаў — крыжы, іконы, складні, якія атрымалі шырокае распаўсюджанне і бытавалі ў праваслаўным асяродку. Для літой пластыкі характэрны рэльефныя адлюстраванні, разнастайнасць форм і іканаграфічных тыпаў. Сакрэты майстэрства перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Прэзентацыя альбома адбылася ў межах ІХ Міжнароднага фестывалю праваслаўных песняспеваў, які праходзіў у Мінску. 

Н.К.