Год, які пачаўся ў красавіку

№ 16 (884) 18.04.2009 - 24.04.2009 г

15 красавіка адбылося ўрачыстае адкрыццё Года культуры Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. На сцэне нашага Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета быў паказаны балет “Лебядзінае возера” ў пастаноўцы Вялікага тэатра Расіі з удзелам сусветна вядомых зорак сцэны.

 /i/content/pi/cult/204/2367/God1-16.jpg

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук зачытаў прывітанне Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі.
У сваёй прамове міністр падкрэсліў, што цяперашняя падзея прымеркавана да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў:
— Адкрыццё Года культуры Расіі ў Беларусі — гэта не проста некалькі дзесяткаў мерапрыемстваў, а вялікая падзея, яшчэ адно дакладнае творчае пацвярджэнне дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі Расіі і Беларусі, пацвярджэнне выканання тых праграм і задач, якія ставяць перад намі прэзідэнты нашых краін.
Міністр культуры Расійскай Федэрацыі Аляксандр Аўдзееў выказаў спадзяванне, што такім жа па важнасці і творчай зацікаўленасці будзе і прысутнасць беларускай культуры ў Расіі:
— Я не сумняваюся, што наш сусветна вядомы тэатр і яго артысты хвалююцца, таму што дэманструюць вашаму патрабавальнаму гледачу эталонны спектакль, які з’яўляецца паказчыкам узроўню балетнай школы. Расіяне прывезлі сваё мастацтва як вынік шматграннай культурнай, творчай, стваральнай і духоўнай дзейнасці, што адлюстроўвае бурлівае жыццё самой Расіі. Бо культура — гэта вышэйшы абагульнены паказчык развіцця краіны.
У складзе дэлегацыі былі таксама прадстаўнікі Дэпартамента сучаснага мастацтва і міжнародных культурных сувязей Міністэрства культуры Расіі — дырэктар Аляксей Шалашоў і кансультант Эльвіра Доля. Высокія госці наведалі Нацыянальную бібліятэку Беларусі, а таксама Нацыянальны мастацкі музей нашай краіны, экскурсію па якім правёў для іх дырэктар Уладзімір Пракапцоў.
У зале, дзе экспануюцца партрэты Радзівілаў і знакамітыя слуцкія паясы, міністр культуры Расіі Аляксандр Аўдзееў адказаў на пытанні журналістаў, якіх, вядома, найперш хвалявала пытанне, ці будуць слуцкія паясы, што зараз дэманструюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, перададзены нашай краіне. А.Аўдзееў адказаў, што паказ гэтай і іншых экспазіцый можа быць прадоўжаны на любы тэрмін, пры гэтым “няма сэнсу вышукваць, чыя гэта ўласнасць. Галоўнае, каб гэта было даступна ўсёй прасторы Саюзнай дзяржавы. Гэта шлях сучаснасці, па якім ідуць усе цывілізаваныя краіны. І калі зараз мы адкрыем гэтую скрыню Пандоры і задаволім адну просьбу, нязменна з’явяцца сустрэчныя”. У якасці прыкладу ён прывёў тое, што праз два месяцы ў Галандыі будзе адкрыты філіял Эрмітажа, дзе на доўгатэрміновай аснове будуць дэманстравацца творы галандскіх мастакоў, што знаходзяцца ва ўласнасці Эрмітажа. Пры гэтым А.Аўдзееў падкрэсліў значнасць стварэння агульнай культурнай прасторы Саюзнай дзяржавы:
— Эканамічная інтэграцыя існуе ўжо як дадзенасць. На наступным этапе я прапаную разгледзець пытанне аб стварэнні адзінай культурнай прасторы, якая дазваляла б і нашым музейным экспанатам, і тэатрам, і эстрадзе, і цырку, і музыкантам ездзіць па ўсёй Саюзнай дзяржаве, маючы аднолькавыя эканамічныя ўмовы, каб гэта была раўнамерна запоўненая культурная прастора для ўсіх.
Што ж да ўласна праграмы Года культуры, дык Аляксандр Аўдзееў адзначыў:
— Год культуры Расіі ў Беларусі павінен прадэманстраваць нашым беларускім братам ва ўсёй сваёй гаме сучаснае мастацтва Расіі. Пачалі мы з Вялікага тэатра і прывезлі самы аўтарытэтны балет, што з’яўляецца сімвалам і, адначасова, школай і пад сілу толькі самым вялікім зоркам. Праграма ў рэгіёнах залежала ад пажаданняў нашых беларускіх сяброў і таму ахапіла ўсе жанры сучаснага расійскага мастацтва: ад балета да мастацкіх твораў, эстрады, шоу-бізнесу.
У артыстаў Вялікага тэатра Расіі была свая асобная праграма знаходжання ў нашай краіне, што канцэнтравалася непасрэдна вакол спектакля. А пачалася яна яшчэ з таго часу, калі наш тэатр атрымаў ноты: балет П.Чайкоўскага “Лебядзінае возера” ідзе ў іх у іншай рэдакцыі — Юрыя Грыгаровіча, дзе перастаўлены многія нумары, адкрыты некаторыя купюры, унесены многія іншыя змяненні. Дастаткова сказаць, што тэатр паказвае гэты балет з трагедыйным фіналам.
Дарэчы, менавіта так — перамогай зла над дабрынёй — заканчвалася першая пастаноўка гэтага балета знакамітым Марыусам Пеціпа, якая хутка сышла са сцэны, як сведчаць сучаснікі, менавіта з-за сумнай канцоўкі. Ужо пасля смерці кампазітара славуты балетмайстар вярнуўся да сваёй працы і зрабіў шчаслівы фінал, дзе перамагае каханне. У такім выглядзебалет і набыў сусветную папулярнасць. На беларускай сцэне паказ завяршыўся шчырым віншаваннем і ўручэннем кветак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.Напярэдадні народныя артысты Расіі Святлана Захарава (Адэта/Адылія), Андрэй Увараў (Прынц Зігфрыд), дырыжор Павел Клімічаў і кіраўнік балетнай трупы Генадзь Янін мелі сціслую сустрэчу з журналістамі (славуты Мікалай Цыскарыдзэ прыехаў крыху пазней і таму ў ёй не ўдзельнічаў). Госці сведчылі, што адкрываць такі праект для іх — вялікі гонар і, адначасова, “профіль Вялікага тэатра Расіі”, хваляваліся, як змогуць данесці гэты папраўдзе бяздонны балет, бо сцэна падалася ім вельмі вялікай. Крыху напужала і тое, што яна зроблена пад вуглом. Таму на рэпетыцыі, якая адбылася адразу пасля размовы, было зроблена ўсё, каб гэтую сцэну “перамагчы” (і гэта прытым, што Вялікі тэатр Расіі на ўсе гастролі возіць сваё ўласнае пакрыццё для падлогі).
Гэта ім удалося цудоўна. Не толькі на рэпетыцыі, але і ўжо на спектаклі, гледзячы на бездакорнае, адшліфаванае да дробязей выкананне расіян, сярод якіх зоркамі выглядалі практычна ўсе, уключаючы кардэбалет, згадваліся і многія беларускія артысты. Яны, дарэчы, пабывалі не толькі на рэпетыцыі і спектаклі, але і на балетных уроках расіян. Марылі артысты, каб да нас прыязджалі не толькі расійскія зоркі, але і педагогі.
Ці каб нашых артыстаў накіроўвалі на стажыроўкі ў Вялікі тэатр Расіі.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ИВАНОВА