Вызваленне на карце Кузьмы Чорнага

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

Народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін аднойчы заўважыў, што хоць тэме Вялікай Айчыннай вайны і прысвечана вельмі шмат твораў, ды ўсё адно яна яшчэ доўгі час будзе невычэрпнай. Для Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры гэтая тэма — аб’ект асаблівай увагі, бо аказала вялікі ўплыў на творчасць і лёс многіх айчынных пісьменнікаў.

 /i/content/pi/cult/203/2365/K.Chorny.jpg
Як
адзначыла намеснік дырэктара музея Ірына Лапцёнак, збор і сістэматызацыя біяграфічных, мемарыяльных матэрыялаў па літаратуры ваеннага часуадна з прыярытэтных задач установы. Найбольш значныя праекты ў гэтым напрамку — “Яны прайшлі па той вайне” (1997 г.) і “Доўгія вёрсты вайны” (2004 г.). І калі пад час першага праекта многія экспанаты былі прадстаўлены з калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, то надалей істотна пашыралася колькасць уласных унікальных матэрыялаў. Пісьменнікі-франтавікі з радасцю падзяліліся сваімі архівамі з музеем. У фонды трапілі партызанскія газеты, што захоўваў Паўлюк Прануза ў кішэні шыняля, фотаздымак Пятра Прыходзькі, зроблены каля сцен Рэйхстага, лісты Васіля Быкава, рэдкія фотаздымкі і рукапісы Алеся Савіцкага.
Вынікам сістэматызацыі атрыманых рэчаў стала выданне каталога “Пісьменнікі Беларусі — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”. У яго ўключана інфармацыя пра 545 музейных прадметаў, сярод якіх — аўтографы, рукапісы, машынапісы, лісты, фотадакументы, кніжныя выданні, асабістыя рэчы. Сёння ж вядзецца анкетаванне пісьменнікаў-франтавікоў, каб удакладніць перыпетыі іх лёсу.
Па меры папаўнення асабістых архіваў да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў было вырашана паказваць іх у асобных выстаўках. Сёлетні праект мае назву “Чалавек народжаны, каб жыць” — гэта чарговы зварот да літаратурна-мастацкай, публіцыстычнай творчасці нашых пісьменнікаў-франтавікоў. Як адзначыла Ірына Лапцёнак, кожнаму госцю музея прапануецца паразважаць над гэтым выразам, прасякнуцца словамі класікаў беларускай літаратуры.
У межах праекта запланавана правядзенне асветніцкіх мерапрыемстваў, у тым ліку вечароў памяці Васіля Быкава, Максіма Лужаніна, Язэпа Семяжона, Міхася Лынькова і Івана Чыгрынава, а таксама асобных выставак, прысвечаных пісьменнікам, чые юбілеі будуць адзначацца сёлета.Мерапрыемствы ў межах праекта “Чалавек народжаны, каб жыць” праводзяцца і ў філіялах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Напрыклад, у Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага ў вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёна сёння экспануюцца прыжыццёвыя выданні класіка перыяду Вялікай Айчыннай, рукапісы, газеты ваеннага часу, карта Беларусі, на якой пісьменнік пазначаў этапы вызвалення Радзімы.

К.А.
На здымкy: беларускія пісьменнікі ў час Вялікай
Айчыннай вайны (злева направа): М. Лынькоў,
І.Гурскі, П.Глебка, К.Крапіва, В.Барысенка.