Хочаш стаць купцом?

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

Ляцяць гады, ідуць стагоддзі, змяняюцца часы і звычкі. Нязменнымі застаюцца толькі мудрасць народа, яго талент і працавітасць. Даць магчымасць дзецям і падлеткам акунуцца ў старажытныя часы, у зусім іншы лад жыцця, пазнаёміцца з традыцыямі роднага краю, адчуць сябе майстрамі на ўсе рукі вырашылі супрацоўнікі Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Брэсцкай вобласці. Адна з яго экспазіцый носіць назву “Бярозаўскі кірмаш”. Экскурсіі для вучняў праводзяцца ў гульнёва-пазнаваўчай форме.

 /i/content/pi/cult/203/2364/Hochash.jpg
Абавязкова згадваецца тое месца, адкуль прыехалі дзеці. Гучыць старадаўняя назва паселішча, а экскурсантам прапануецца ўявіць, што яны
ў лапцях пешшу крочаць у Бярозу на кірмаш, потым просяцца ў крайнюю хату на начлег. Тут вандроўнікаў чакае гаспадыня ў беларускім строі. Дарма часу не губляе — кудзелю прадзе.
А ў хаце — прадметы побыту і ўбранства, старадаўнія вопратка і абутак. З выкарыстаннем народных прыказак і прымавак ідзе займальная размова аб тагачасным жыцці, у якой дзеці прымаюць непасрэдны удзел.
А калі трапляюць на “кірмаш”, знаёмяцца са старадаўнімі рамёствамі: бондарствам, ганчарствам, саломкапляценнем, ткацтвам і вышыўкай, кавальскай справай, вырабам музычных інструментаў... Яшчэ могуць стаць “гандлярамі” і “замежнымі купцамі”, што прывезлі ў Бярозу тавары. Вучні запамінаюць словы і паняцці, што ўжо выйшлі з ужытку, знаёмяцца з метадамі выкарыстання самага рознага рыштунку: сявенькі, маслабойкі... А ў “карчме” можна паслухаць патэфон і паласавацца цукеркамі ды абаранкамі. Самым кемлівым і актыўным вучням уручаюцца буклеты музея і кнігі “Бярозаўшчына — наша Бацькаўшчына”.

Разалія КАРПЕШ
Бяроза
На здымку: гаспадары і госці “Бярозаўскага кірмашу”.