“А дыхаць няма чым...”

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

Ці многія з нас, нават дасведчаныя ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ведаюць, што група падпольшчыкаў пад кіраўніцтвам Веры Харужай з’яўлялася трэцяй па ліку і адзінай з Вялікай зямлі, каму ўдалося патрапіць у акупіраваны Віцебск? А гісторыкі падпольнага руху ў горадзе над Дзвіной сведчаць: дакументы членаў групы былі настолькі дрэнна зробленыя, што, падавалася б, яе ўдзельніцы загадзя вырачаны на правал...

Пасля арышту Вера Харужая і яе паплечнікі прабылі амаль месяц — і нікога не выдалі. Дзякуючы такой мужнасці жанчын ў страшных сутарэннях СД групы і змагары-адзіночкі горада, звязаныя з ёю, змаглі прадоўжыць барацьбу.“Калі вы больш падрабязна пазнаёміцеся з гісторыяй подзвігу Веры Харужай, то не зможаце не захапіцца гэтай жанчынай”, — кажа супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Святлана Гур’янава. І з гэтым цяжка не пагадзіцца, вывучыўшы за некалькі гадзін знаходжання ў музеі звесткі пра падпольшчыцу. Таму і падаецца абсалютна недастатковым той аб’ём інфармацыі, які прапануе пакаленню ХХІ стагодзя пра жанчыну-героя той жа інтэрнет-пошукавік: “Вера Харужая — Герой Савецкага Саюза, дзеяч вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, адзін з арганізатараў антыфашысцкага падполля ў Віцебску, публіцыстка…” Гэтага — да крыўднага мала пра тую жанчыну, што здолела наладзіць цэнтралізаваную працу падполля ў Віцебску, пра тую, што мужна ахвяравала сваім жыццём, пра тую, ад каго застаўся адзін абарваны надпіс: “Хоруж...” і неўміручая памяць нашчадкаў. Трэцяя спроба

Звычайна расповед пра падпольную дзейнасць Веры Харужай пачынаецца з той даты, калі яе група трапляе ў Віцебск, — 1 кастрычніка 1942 года. Але мы зробім невялікае адступленне.

Знаным даследчыкам тэмы акупацыі і партызанскага руху на Віцебшчыне з’яўляецца Ніна Дарафеенка. Дзякуючы яе працам мы валодаем падрабязнымі звесткамі пра ўсю аперацыю.

А яны такія: яшчэ ўлетку 1941 года Віцебскі абкам партыі афіцыйна робіць спробу замацавання кіруючага падпольнага цэнтра ў горадзе. Але прызначаныя кіраўнікі аказаліся не ў стане выканаць ускладзеную на іх задачу — яны з’ехалі з горада. Напрыклад, “самавольна з’ехаў з Віцебска”, “праявіў баязлівасць” і за гэта быў выключаны з партыі сакратар Віцебскага гаркама КП(б)Б П.Іваноў; сакратар Беластоцкага абкама КП(б)Б Папоў, накіраваны для падпольнай працы ў Віцебск, таксама не застаўся ў акупіраваным горадзе. Гэтыя выпадкі акрэслены ў спецыяльным рашэнні бюро абкама партыі, якое адбылося ў ліпені. Усё гэта сведчыць: з першых дзён акупацыі, нягледзячы на спробы Вялікай зямлі, Віцебскае патрыятычнае падполле засталося без кіруючага цэнтра. Больш за тое: многія пакінутыя падпольшчыкі аказаліся без дакументаў.

Другую спробу закінуць “сваю” групу ў акупіраваны немцамі горад абкам КП(б)Б, ужо разам з абкамам ЛКСМБ, робіць амаль праз год — улетку 1942-га. 9 чэрвеня бюро абмеркавала пытанне аб стварэнні Віцебскай гарадской кіруючай групы і зацвердзіла групу з 5 чалавек на чале з сакратаром абкама партыі па прамысловасці Іванам Камісаравым. Але больш аніякіх дакументаў пра новаствораную групу так і не будзе знойдзена, а Камісараў да кастрычніка 1943 года будзе працаваць начальнікам спецшколы недзе ў Падмаскоўі.

У гэты ж час, у 1942-м, шматлікія падпольшчыкі самі ўстановяць сувязі з армейскімі і чэкіцскімі групамі, з партызанамі і пачнуць выконваць іх заданні. З’яўленне групы Веры Харужай стане трэцяй спробай кіраўніцтва замацаваць сувязь з віцебскім падполлем. “Уключыць у склад падпольнага партыйнага цэнтра ў Віцебску” — будзе пазначана ў яе накіраванні. Між тым, зыходзячы з першых дзвюх спроб стварэння цэнтра, Веры Захараўне прыйшлося не толькі ўключыцца ў яго склад, а, па-першае, — фактычна стварыць яго ў горадзе над Дзвіной, які літаральна кішэў нямецкімі агентамі і правакатарамі.

“Нам тут жыць таксама немагчыма...”

Аўтарытэт і вопыт Харужай ніхто не ставіў пад сумненне. Яна была дасведчаным агентам, якому, дарэчы, давялося правесці сем гадоў у турмах панскай Польшчы. Аднак, пагадзіўшыся на заданне, падпольшчыца вымушана была моцна ахвяраваць у асабістым плане. На той момант у яе быў сын-немаўля і пяцігадовая дачка. Муж Веры Захараўны — партызан — загінуў у баях за Пінск у 1941 годзе (у гонар яго яна і ўзяла сябе кансператыўны псеўданім “Ганна Карнілава”). І ўсё ж яна пагаджаецца на небяспечнае заданне ЦК КП(б)Б. Больш за тое: вырашае не “чакаць ля мора надвор’я” і выправіцца ў Віцебск, нягледзячы на дрэнна зробленыя дакументы для яе групы.

Зрэшты, пра недасканалую падрыхтоўку дакументаў яшчэ да закіду групы ў Віцебск пісаў у ЦК КП(б)Б кіраўнік аператыўна-чэкісцкіх групп НКУС вобласці С.Юрын: “Паведамляю, што выдадзены пашпарт з’яўляецца настолькі тапорна зробленым, што пры першай жа сустрэчы з радавым паліцэйскім яна будзе выяўлена...”.

Сёння яго дакладныя запіскі знаходзяцца ў архіўным падраздзяленні Упраўлення КДБ па Віцебскай вобласці (там жа — і лісты самой падпольшчыцы). Забракоўвае Юрын таксама і легенду групы: нібыта жанчыны вяртаюцца ў горад пасля таго, як пакінулі яго ў першыя дні вайны. Але прыдумаць новую легенду і змяніць пашпарты так і не паспелі...

Ужо праз некалькі дзён дзейнасці ў Віцебску Харужая піша: “З нашымі дакументамі нельга ні прапісацца, ні ўладкавацца на працу.

Можна толькі жыць у вельмі добрых людзей, гатовых дзеля цябе ахвяраваць жыццём і сям’ёй. Сама таксама рызыкуеш кожную хвіліну — не з-за справы, а з-за прапіскі, пашпарта.

Такое становішча. Групу зараз сюды забраць нельга. Нам тут жыць таксама немагчыма. Патрэбны сапраўдныя дакументы”. У Віцебску Вера Захараўна і яе паплечніцы Соф’я Панкова, Дуся Суранава, Тоня Ермаковіч пасяліліся ў доме сям’і Вараб’ёвых — сваякоў Суранавай.

Нягледзячы на больш чым хісткае становішча групы, Харужая пачынае актыўную дзейнасць па наладжванні падпольнай сеткі. Яна ходзіць па адрасах, пазначаных у падрыхтаваным загадзя спісе, знаёміцца з людзьмі, збірае інфармацыю, дае заданні, вучыць канспірацыі… Па сутнасці, не маючы ні ўмоў, ні дакументаў, ні грошай, яна наладжвае, каардынуе дзейнасць усяго падполля, якое ў той час налічвае каля 60-ці груп: інфармацыя пачынае паступаць у цэнтр, да працы далучаюцца новыя змагары. Ужо праз некалькі тыдняў пасля закіду ў горад група Харужай паведамляе ў тыл каштоўныя звесткі пра перамяшчэнне нямецкіх войск, пра абстаноўку ў горадзе, на аэрадроме, вакзале, нават дае наводкі савецкай авіяцыі… Незвычайна змястоўныя і звычайныя лісты Веры Захараўны, — усё ж заўважная яе колішняя праца рэдактарам камсамольскай газеты. “Былы старшы бухгалтар працуе грузчыкам у камендатуры, — піша яна ў лісце ад 26 кастрычніка 1942 года. — “Я атрымліваю тры маркі ў тыдзень, — кажа ён. — Вы разумееце, што значыць тры маркі пры нашай працы і пры цяперашніх коштах на прадукты? У мяне сям’я, мы згаладаліся канчаткова, бо ядзім толькі буракі з макухай <…>”. Позна ўвечары ў кватэру, дзе ў сям’і ёсць дзяўчаты, грукаюць. У чым справа? “Мы хочам з вамі танцаваць”, — заяўляюць немцы. Нічога не дапаможа — ні адмовы, ні ўгаворы, ні просьбы. Яны ўрываюцца ў кватэру, і абураныя бацькі павінны рабіць ветлівыя твары і прымаць гасцей. А дзяўчаты мусяць выслухоўваць нахабныя жарты і весела смяяцца…“У горадзе зараз у нас прасторна, — кажа адна жанчына ў гадах. — Дамы разбураны, фабрыкі не дымяць, чыстага паветра — колькі заўгодна, а дыхаць няма чым, задыхаешся ў кватэры і на вуліцы…” Такія размовы вядуцца не толькі ў коле блізкіх людзей <…>”.

Гэты ліст, іншыя сведчанні даказваюць: забракаваная легенда групы Веры Харужай не перашкодзіла падпольшчыцам зрабіць сваю працу.

У камеру не вярнуліся

Пратрымацца ў такім ненадзейным становішчы — новыя дакументы жанчыны так і не атрымалі— падпольшчыцам удалося паўтара месяца. Тэрмін, падаецца, невялікі, але надзвычай істотны, калі ведаеш, што група Харужай мела ўсе шанцы “засыпацца” ў першы ж дзень знаходжання ў Віцебску.

13 лістапада 1942 года ў дом, дзе жылі жанчыны, прыйшлі паліцаі і арыштавалі сям’ю Вараб’ёвых — гаспадыню кватэры і яе дзвюх нявестак, падпольшчыц — Веру Харужую, Дусю Суранаву, Соф’ю Панкову, а таксама Клаўдзію Балдачову, якая прыйшла на сустрэчу да іх.

Арыштаваны яны былі па даносе Ганны Васільевай — адной з нявестак гаспадыні кватэры бабы Машы. І данос гэты прывёў да смерці ўсіх арыштаваных, акрамя адной: каб адвесці падазрэнні, даносчыцу забралі ў турму разам з усімі, але праз пэўны тэрмін адпусцілі. Існуюць версіі, што “здаць” групу Харужай маглі і правакатары.

Але альтэрнатыўныя варыянты яшчэ раз падкрэсліваюць няпэўны стан, у якім вымушаны былі працаваць падпольшчыцы.

У страшных сутарэннях віцебскага СД Вера Харужая і яе паплечнікі правялі амаль месяц. Пад час невялікай экскурсіі па гэтых сырых цагляных скляпеннях (цяпер — экспазіцыі віцебскага музея) мы можам уявіць толькі малую частку таго, што адбывалася ў тыя дні... Халодныя цёмныя камеры, дзе чакалі катаванняў, прысуду, смерці арыштаваныя: мужчыны, жанчыны, дзеці — усе разам… Часам праз сток у падлозе ў камеру падымалася халодная вада, і людзі сядзелі па шчыкалатку ў ёй. Сярод арыштаваных “хаваліся” і правакатары, якія, карыстаючыся крытычнай сітуацыяй, імкнуліся здабыць звесткі.

Аб тых днях засталіся ўспаміны віцебскай падпольшчыцы Ганны Кіташовай, якая стала сведкай апошніх гадзін жыцця Веры Харужай. Ганна была кінута ў сутарэнні СД 3 снежня 1942 года. Яна згадвала, што ў камеры, куды яе пасадзілі, усе арыштаваныя раўняліся на адну жанчыну, якую называлі Настаўніцай. Нягледзячы на жахлівыя сляды ад пабояў, яна ўвесь час маўчала і толькі зрэдку прасіла піць. Яе мужнасць і самакантроль мабілізоўвалі ўсіх прысутных. Дапамагала Настаўніцы жанчына ў чорным (яе прыкметы падыходзяць да партрэта Соф’і Панковай). 4 снежня а 6-й раніцы ў камеру ўвайшлі гітлераўцы і сталі па спісе выклікаць зняволеных. Сяброўка дапамагла Настаўніцы ўстаць і вокамгненна пабегла да сцяны, дзе паспрабавала штосьці накрэмзаць. У гэтую хвіліну канваір ударыў дубінкай Настаўніцу, і Сяброўка вымушана была вярнуцца да змучанай зняволенай.

Выкліканыя вязні больш у камеру не вярнуліся. Па адной з версій, Вера Харужая — Настаўніца — і яе паплечнікі былі расстраляны ў Ілаўскім рове на ўскраіне Віцебска. Па іншай — падпольшчыца была павешана ў межах горада, але дакладнае месца яе гібелі пакуль не вядома. На сцяне камеры турмы СД застаўся надпіс яе Сяброўкі: “Хоруж”.

***

Сёння цяжка сказаць, што зрабілі б іншыя змагары з фашызмам на месцы падпольшчыцы: дачакаліся б якасна зробленых дакументаў, больш падстрахоўвалі б сябе, менш давяралі людзям, менш рызыкавалі… Вера Харужая зрабіла тое, што павінна была зрабіць.

... Дадам хіба, што чацвёртая спроба кіраўніцтва партыі адправіць новую групу падпольшчыкаў ў Віцебск, як і першыя дзве, завяршылася няўдачай.

Падрыхтавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ