Падхапіць на пэндзаль Універсумы

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

У адным са сталічных салонаў мэблі адкрылася персанальная выстаўка дзевятнаццацігадовай выпускніцы Гомельскага мастацкага вучылішча Юліі СУПІЧЭНКА. Падалося цікавым, як рэалістычная манера пісьма, уласцівая ёй, упішацца ў сучасны інтэр’ер. Але, думаецца, такі незвычайны выбар экспазіцыйнай пляцоўкі мае свае відавочныя плюсы: чаму б праз сродкі ў тым ліку і дызайну не дэманстраваць узоры сучаснага мастацтва аўдыторыі, якая далёка не заўжды наведвае музеі і не цікавіцца найноўшымі тэндэнцыямі?

На выстаўку нас запрасіла сама Юлія, завітаўшы ў рэдакцыю “Культуры”. Знаёмячыся з работамі, гутарку нашу, натуральна, скіраваў на ўспрыняцце жывапісу і адлюстраванне свету пачынаючай творцай. Уразіла, што пасля неспадзяванага інтэрв’ю, калі прапанавалі дзяўчыне выбраць на памяць нумар газеты, яна ўзяла менавіта той, дзе было інтэрв’ю з народным мастаком Беларусі Маем Данцыгам… А ўжо пішучы артыкул, “запытаў у Інтэрнета”, што яму вядома пра мастачку. І ўсёведны пошукавік выдаў мне цікавы факт: Юлія Супічэнка — адна з фіналістак VI Нацыянальнага конкурсу прыгажосці “Міс Беларусь-2008”. Дадаўшы такі інтэрнет-акцэнт, яшчэ раз пераканаўся: у нашых дзяўчатах неяк вельмі натуральна з’яднаны талент і прыгажосць… 

 /i/content/pi/cult/203/2361/Maxima1.jpg
Партрэт аднаго вяселля
— А ці не перашкаджаюць вам два гэтыя, практычна процілеглыя, накірункі? Усё ж мастацтва і мадэльны бізнес, падаецца, не дужа спалучаюцца…
— Але якраз спалучыць іх я і спрабую, каб адно другому ў маім выпадку не замінала. Калі я прыходзіла на кастынгі, паўставала пытанне выбару: маўляў, будзе недахоп часу для вучэбных заняткаў, не кажучы ўжо пра творчасць. Але ў пэўны момант мне стала зразумела: пэндзаль і мальберт — гэта больш важна. Тым не менш, нягледзячы на страшэнную занятасць і “пераддыпломны” перыяд, паспяваю быць тварам аднаго з аператараў мабільнай сувязі, удзельнічаць у тэлепраграмах…
— І, мусіць, сочыце за навінамі: літаральна днямі беларуска Юлія Сіндзеева вярнулася з конкурсу “Топ-мадэль свету” з тытулам “Міс фота”…
— Так, і не магу не парадавацца за яе. Увогуле ж, у кожным конкурсе падбіраюць самых розных удзельніц: некага вылучаюць з-за ўсходняй знешнасці, некага — па іншых крытэрыях. Але лічу, што беларускі — заўсёды па-за канкурэнцыяй, бо славянскі тыпаж — актуальны!
— Сёлета вы заканчваеце Гомельскае мастацкае вучылішча па спецыяльнасці “жывапіс”. Якой будзе дыпломная работа?
— Так, выпусціўшыся, буду мастаком, мастаком-выкладчыкам. А тэма дыплома — “Вяселле”. Якім будзе яно? Мяркую, найперш — сонечным, радасным. Наогул, у рабоце хачу перадаць як мага паўней пачуцці нявесты, якія яна перажывае напярэдадні гэтага пераломнага моманту ў сваім жыцці. Прычым хачу прадставіць сваю працу ў рэалістычным накірунку.
— У вучылішчы — кузні творчых і выкладчыцкіх кадраў для вобласці, — мусіць, нямала традыцый. Колькі слоў пра ўстанову і вучэбны працэс.
— Традыцый багата. І закладваюцца яны з першага курса. Адзначу, што выкладчыкі ў нас высокакваліфікаваныя. Пастаянна наведваюць Мінск, павышаюць свой прафесійны ўзровень, удзельнічаюць у выстаўках. Мой выпуск цікавы тым, што тыя, хто паступаў пасля 9 класа, атрымалі сярэднюю адукацыю ў самой установе. Раней ім даводзілася дадаткова наведваць вячэрнюю школу.
Акрамя ведаў па такіх асноўных прадметах, як “Жывапіс” і “Кампазіцыя”, метадычных дысцыплін, вучылішча ды сама творчая атмасфера ў ім сфарміравалі жаданне паэксперыментаваць. Мо гэта ад таго, што пакуль не знайшла канчаткова свой стыль. Ды і не хочацца спыняцца на нечым адзіным і нібыта бясспрэчна вызначаным.
— Ці можаце прывесці прыклад такога эксперыменту?
— Вось паспрабавала сябе ў ілюстрацыі: намалявала некалькі работ паводле твораў Антона Чэхава, у праватнасці — “Дама з сабачкам”, “Зубадзёр”. Чаму? Мне падабаецца Чэхаў! Я прачытала ягоныя апавяданні, і на мяне “найшлі” такія фарбы, што захацелася намаляваць кампазіцыю. Вось і атрымаліся, такія, крыху незразумелыя, людзі. Ці цяжка маляваць час і людзей, якія былі актуальнымі стагоддзе таму? Падавалася б, нешта ўяўляеш, нешта ведаеш з гісторыі, але галоўнае, мабыць, — эмоцыі і настроі чалавека: яны універсальныя, аднолькавыя для любой эпохі.
А наогул, я больш за ўсё люблю маляваць партрэты, асабліва з натуры, хоць гэта і вымагае моцных душэўных, эмацыйных, энергетычных высілкаў — як з боку творцы, так і з боку мадэлі. А калі мадэль працуе не з адным мастаком, а з цэлым класам, дзе кожная пара вачэй хоча “выціснуць” з цябе тое адзінае, толькі гэтымі вачыма бачнае?..
Пажаданні сабе самой
— Мусіць, хваляванняў напярэдадні першай персанальнай выстаўкі хапае?
— Уласнае ўражанне ад выстаўкі будзе для мяне не меншай нечаканасцю, чым для наведвальнікаў вернісажу, паколькі яе фарміраваннем у самім салоне не займалася. Ведаеце, больш за ўсё напярэдадні паказу я хвалююся за тое, што акажуся сам-насам з гледачом. Калі выстаўляешся ў калектыве мастакоў, гледачу ёсць з чым параўнаць і аргументаваць свой выбар, а тут мусіць выбудавацца адзінае ўражанне. Зрэшты, у 19 гадоў рабіць выстаўку ў любым выпадку няпроста. Спадзяюся, яна стане, па-першае, паказчыкам таго, што я ўмею, а па-другое, таго, што я яшчэ змагу. Такія вось творчыя пажаданні самой сабе…
— Выстаўка яшчэ да прагляду здзіўляе месцам свайго правядзення…
 /i/content/pi/cult/203/2361/Maxima2.jpg

Ю.Супічэнка. “Хатка ў вёсцы”.


— Наогул, канцэпцыя гэтага паказу наступная: дэманстрацыя жывапісных твораў у інтэр’еры, куды, канешне ж, не кожны жанр упішацца натуральна і нязмушана. Найперш пасуюць інтэр’ерам пейзаж, у тым ліку і марскі, нацюрморт, нейкія сюррэалістычныя матывы… Хаця я спадзяюся, што рэалізм з часам канчаткова верне свае пазіцыі і стала ўмацуецца ў дызайнерскай практыцы.
— У сувязі з такім кантэкстам — натуральнае пытанне: дык усё ж жывапіс ці дызайн? Падаецца, з гэтым звязана і пэўная пераарыентацыя матывацыі дзейнасці.
— Нейкае асаблівае стаўленне да прафесіі дызайнера, мусіць, у мяне было з дзяцінства. Спачатку мне падабалася слова “ветэрынар”, — і я цвёрда вырашыла стаць ім, але наступнае слова, што ўпадабала, аказалася “дызайнер”. З гэтай нагоды, мусіць, і паступіла ў мастацкую школу па парадзе мамы. Быў у мяне і такі перыяд, калі нічога не хацелася, бо папросту не хапала часу, але пасля зразумела: мне нічога не цікава, акрамя выяўленчага мастацтва, жывапісу.
Пейзаж для мары
— Праглядаючы работы, вы заўважылі, што больш любіце жанр партрэту. А як жа пейзажы?
— Кампазіцыйныя пейзажы чамусьці пісаць не вельмі люблю. І да пленэраў, дзе ўсім паказваюць тую ці іншую прастору для твора, не маю вялікай ахвоты. А вось з выпадковымі пейзажамі, непаўторнымі імпрэсіямі аднаго імгнення, наадварот, працую з задавальненнем. “Чапляюць” жа часцей нейкія старыя дамы, руіны, якія часцяком знаходжу на ўскраінах Гомеля. А з дагледжанымі помнікамі такога натхнення не адчуваю: нібы няма ў іх за знешнім лоскам душы. Хаця той жа Гомельскі палацава-паркавы ансамбль мяне цікавіць як аб’ект для адлюстравання на палатне. Толькі цяпер, мяркую, я яшчэ не гатова да працы з гэтым маляўнічым кутком роднага горада.
— Вышэйшую адукацыю, мусіць, мяркуеце атрымліваць па той самай “жывапіснай” спецыяльнасці?
— Ёсць у мяне такая мара: паступіць на манументальны жывапіс. Але прафесіяналы адзначаюць, што для гэтага давядзецца шмат з дасягнутага ў жывапісе “ламаць”. Ды і наогул, пакуль не зразумела, ці стане манументальная творчасць “маёй”, таму пакуль буду старацца развіваць свае набыткі.
Сваё месца ў кан’юнктуры
— Крыху правакацыйнае пытанне: амаль скончыўшы мастацкае вучылішча, не расчараваліся ў выбары прафесіі?
— Не. Але іншая справа, ці параіла б я сёння камусьці станавіцца мастаком. Гэтая прафесія вымагае не толькі таленту і адданага служэння, не толькі мэтанакіраванасці і няспыннага самаўдасканальвання, што, безумоўна, адлюстроўвае дадатныя бакі асобы творцы, але і неабходнасці працаваць на патрэбу дня, адпавядаць кан’юнктуры. Цяжка сказаць, ці набудуць у цябе сёння работу ў тым накірунку, які быў модным учора. Але, з іншага боку, што такое мода ў жывапісе? Гэта вельмі адноснае паняцце, паколькі мода нічога новага насамрэч не прыдумае. Усё, што было, вяртаецца ў крыху перайначаным, напрыклад, той жа тэхнікай, выглядзе…
***
Лепшым экскурсаводам па выстаўцы стала сама Юлія. Пра кожную работу ёсць ёй што сказаць, нават варыянты карцін нібы жывуць самастойным жыццём. Ды і фантазіі мастачкі ўражваюць сваёй дарослай сур’ёзнасцю, задуменнасцю, што на імгненне нібы замерла, каб дазволіць падхапіць сябе на пэндзаль, на якім сёння, па словах Юліі, пануе залатая фарба. А за плотам старога дома абавязкова будуць весніцы: там заўжды адкрываецца шырокі шлях...

Сяргей ТРАФІЛАЎ 

Анкета “К”
1. Колеры, якія натхняюць.
Жоўты, аранжавы, карычневы, белы.
2. У якую пару года падабаецца працаваць?
У любую, акрамя восені.
3. Любімы мастак.
Валянцін Сяроў, Ілля Рэпін, Канстанцін Каровін, Эдуар Манэ, Агюст Рэнуар. Яшчэ мне падабаецца, як піша мой выкладчык Сяргей Ігнаценка.
4. Найбольш яркі акцёр.
Мне падабаецца іх надта шмат, каб вылучыць некага аднаго.
5. Любімы літаратурны твор.
“Майстар і Маргарыта” Булгакава.
6. Што слухаеце?
Маладзёжную музыку, люблю джаз.
7. Радзіма — гэта што?
Куточак нашай зямлі.
8. Любімая кветка.
Я люблю нязрэзаныя кветкі.