Здавалася б, што можа быць прасцей, чым паўтарыць цяпер гэтую фотавыстаўку ў нашым Палацы Рэспублікі? Але “Харошкі” — у вечным пошуку і руху. Таму здзівілі і гэтым разам: да ўдзелу ў сваім канцэрце, заснаваным на праграме “Беларусы”, запрасілі таксама ансамбль “Песняры”, спявачку Гюнеш і фатографа-дызайнера Аляксея Паўлюця — вядома, разам з яго работамі, што склалі выстаўку “Харошкі. Лунаць па-над часам”.
На тых здымках — найперш, рэпетыцыйны працэс, які звычайна хаваюць ад чужых вачэй, а калі і паказваюць як дакументалістыку, дык акцэнтуюць менавіта “чорна-белую” будзённасць, “пот і кроў” працоўнага цяжару. А тут — усё наадварот: рэпетыцыя — як спасціжэнне таямніцы, як уваход не проста ў храм мастацтва (невыпадкова адзін са здымкаў, зроблены непасрэдна перад канцэртам у пакуль яшчэ пустой зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, стварае адчуванне атмасферы храма), а быццам у саму душу кожнага з артыстаў і танца ўвогуле. Таму А.Паўлюць не баіцца даваць буйным планам
Раптам разумееш, што “Харошкі” папраўдзе лунаюць. Менавіта так “прачытваюцца” іх рухі, асабліва ў лірычных “дзявочых” кампазіцыях: часта запаволеныя, яны заўсёды накіраваны ўгару да сонца і нябёсаў, быццам артысты зараз узнімуцца ў паветра, як героі карцін М.Шагала, — зграбна, вытанчана, харэаграфічна. Гэтае лунанне і стварае ўяўнасць “спыненага часу”, праз які і адбываецца сутыкненне розных часавых вымярэнняў.
— Я здымаю “Харошак” на працягу трох гадоў, — расказаў Аляксей Паўлюць, — а знаёмы з майстэрствам калектыву нашмат болей. У ансамбль прыходзяць новыя артысты, змяняюцца пакаленні. І мне хацелася паказаць гэтую сувязь пакаленняў мовай фатаграфіі. У “Харошках” мяне вабіць іх пластыка, яе блізкасць прыроднай прыгажосці і гармоніі. Танец, рух — гэта менавіта тое, што дапамагае чалавеку ўзняцца над усім і нават над часам. “Харошкам” гэта ўдалося...
Адкрыю сакрэт: “Харошкі” рыхтуюць выпуск набору паштовак са сваімі фотаздымкамі, каб кожны, хто наведае іх выступленне, мог захаваць на памяць “спыненыя імгненні” іх танца.
Надзея БУНЦЭВIЧ
Фота Аляксея ПАЎЛЮЦЯ