Мінулае і будучыня

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

ІХ Міжнародны фестываль праваслаўных песняспеваў сышоў у гісторыю, каб акрэсліць шлях да юбілейнага форуму, што адбудзецца праз два гады.

На цяперашнім фестывалі можна было дадатковы раз пераканацца ў справядлівасці меркавання, што ў праваслаўі час і прастора суіснуюць непадзельна адно ад аднаго. Бо калі госці і замежныя ўдзельнікі сваю геаграфічна адрозную музычную прастору накладалі на наш “беларускі час”, дык, паводле трапнай заўвагі аўтара праекта і мастацкага кіраўніка фестывалю, кандыдата мастацтвазнаўства Ларысы Густовай, узнікала адчуванне, што “мінулае жыве ў цяперашнім, а цяперашняе выспявае ў будучыні”. Адкрываючы фестываль, Армянскі камерны хор — свецкі філарманічны калектыў — прапанаваў вялізны пласт армянскай духоўнай музыкі ад ІІІ стагоддзя да пачатку ХХ-га. І быццам “расказаў” прысутным пра развіццё хрысціянства ў сваёй краіне, паклікаўшы публіку ў сведкі. Невыпадкова ўсе ўдзельнікі хору, пачынаючы з яго заснавальніка, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нэлі Андрыасян, былі ўзнагароджаны медалём асветніка Кірылы Тураўскага.

— Калі рыхтуеш фестываль, — падзялілася думкамі Ларыса Густова, — раптам асэнсоўваеш, што ён ужо папраўдзе ператварыўся ў народны рух. Бо сёлета фестывальныя канцэрты і выстаўкі ахапілі многія куткі Беларусі: не толькі гарады, а нават і вёскі. Выяўленнем агульнай радасці, адчуваннем яднання людзей стаўся і адначасовы царкоўны звон: у Мінску, Жодзіне, Івянцы, Бабруйску, Бягомлі, Клецку, Нясвіжы... Сведчаннем ўзаемаразумення прадстаўнікоў розных канфесій можа лічыцца і той факт, што хор “Земгале” з латвійскага горада Елгавы, у складзе якога пераважна пратэстанты, спяваў падчас фестывалю і ў праваслаўным храме (уразіла, як людзі, якія і па-руску амаль не гавораць, спявалі знаменныя распевы без усялякага акцэнту), і ў каталіцкім касцёле, а таксама выступаў у ДК.

Фестываль падарыў многа ўласна мастацкіх адкрыццяў, разуменне многіх глыбінных рэчаў. У прыватнасці, прыхільнікам творчасці нашага славутага эстраднага саліста Пятра Ялфімава было б карысна паслухаць Народны акадэмічны хор “Мазаіка” з Магілёва, якім кіруе маці спевака Жанэта Ялфімава — выкладчыца аддзялення харавога дырыжыравання Магілёўскага музычнага вучылішча імя М.Рымскага-Корсакава (дык вось якую духоўную і прафесійную падпітку атрымліваў і атрымлівае ягоны талент). А колькі цікавага прагучала на навукова-практычнай канферэнцыі! Яе лейттэмай сталі пытанні рэстаўрацыі прадметаў даўніны, неабходнасць рэстаўрацыі не толькі матэрыяльнай структуры, але і назапашанага духоўнага вопыту, погляд на рэстаўратара як на пасрэдніка паміж зямным і нябесным. Таму ўзнімаліся і “спадарожныя” праблемы — непасрэднай падрыхтоўкі рэстаўратараў, экскурсаводаў, святароў, выкладчыкаў. Плануецца, што даклады цяперашняй канферэнцыі (як і выступленні на мінулай, прысвечанай праваслаўным традыцыям беларускай культуры) будуць апублікаваны да наступнага фестывалю, а потым з’явяцца і на яго сайце. Але ўжо буклеты цяперашняга, акрамя падрабязнай інфармацыі пра фестываль і яго ўдзельнікаў, утрымлівалі таксама тры змястоўныя навуковыя артыкулы.

Усе ўдзельнікі фестывалю (і гэта добрая традыцыя) паехалі дадому з прызамі: дыпломамі, дыванамі з вытканымі іконамі, DVD-плэерамі. А Гран-пры цалкам заслужана атрымаў Камерны хор “Гродзенскай капэлы” на чале з заслужаным дзеячам культуры Беларусі, лаўрэатам імянной стыпендыі Прэзідэнта краіны Ларысай Іконнікавай, якая таксама была ўзнагароджана дыпломам “За дырыжорскае мастацтва”. 

Фота Вольгі ПАЛЮШЫК