Праўда, кіраваў аркестрам ён не ўпершыню. Чаго толькі няма за ягонымі плячыма! Педагагічная дзейнасць (15 лаўрэатаў больш як 20-ці прэстыжных міжнародных конкурсаў), кіраўнічая (у розныя гады ён працаваў у Міністэрстве культуры, узначальваў Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры), выканальніцкая (салістам сімфанічнага аркестра нашага Вялікага тэатра), даследчыцкая (чатыры манаграфіі і каля 70-ці іншых навуковых прац), арганізатарская (да ўсяго, у міжнародных музычных арганізацыях і суполках)... У студэнцкія ж гады, займаючыся па класе кларнета ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, ён стварыў у Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме... біг-бэнд. На нядаўнім жа канцэрце дырыжыраваў Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі. Дырыжыруе У.Скараходаў, саліст — яго выхаванец Я.Шымановіч.
Адбылася на вечары і прэзентацыя яго новай кнігі — “Парады маім вучням”. Напісаная на дзіва, як кажуць, лёгкім пяром, яна ўтрымлівае найцікавыя метадычныя распрацоўкі, звесткі пра вучняў (гэткі “даведнік” лепшых маладых кларнетыстаў краіны) і папраўдзе слушныя парады, не “спісаныя” з падручнікаў, а — знойдзеныя і апрабаваныя ва ўласнай практыцы. Сярод іх — прапанова вучыць творы, “крочачы назад” (з канца на пачатак, а не наадварот), вызначаць тэмп не як хуткасць руху, а як яго характар. А яшчэ — абавязковае карыстанне на музычнай эстрадзе... сістэмай К.Станіслаўскага.
Надзея БУНЦЭВІЧ