— Калі пасля майго першага выхаду аб’явілі пра гэтую ўзнагароду са сцэны, — расказаў Сяргей Франкоўскі, — я на свае вочы ўбачыў непадробную рэакцыю калег.
— Якую ж?
— Я разумею вашу прыхаваную іронію, бо ў кожным тэатральным закуліссі хапае, пэўна, інтрыг, далёкіх, на жаль, ад творчага напалу. Але чамусьці часцей акцэнтуюцца менавіта гэтыя, а не іншыя чалавечыя стасункі. А між тым, існаванне ніводнай тэатральнай трупы не магчымае без пачуцця партнёрства, без радасці за агульныя поспехі, а не толькі за ўласныя. І калі, даведаўшыся пра ўзнагароду, да мяне кінуліся калегі з воклічамі: “Брава!”, “Ура!”, пацалункамі і віншаваннямі, гэта многага каштуе. Я папраўдзе адчуў, што карыстаюся павагай, і гэта мне вельмі прыемна.
— Асабіста мне прыемна яшчэ і іншае: тое, што адзначана, нарэшце, не толькі ваша ўласна вакальнае майстэрства, але і менавіта артыстычнае.
— Прыгожыя спевы нараджаюць, мабыць, адно замілаванне; калі ж артыст здзіўляе і прыцягвае публіку сваім унутраным светам, эмацыйным станам, сваімі думкамі і душэўнай усхваляванасцю, гэта нараджае куды больш пачуццяў, якія перадаюцца ад сэрца да сэрца. Яшчэ з часоў навучання ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі я заўсёды імкнуўся, каб ува мне бачылі не толькі ўладальніка вакальных даных, але і жывога чалавека, які папраўдзе перажывае тое, пра што спявае. Гэта самае цяжкае і, дарэчы, даволі небяспечнае. Існуюць разнастайныя тэатральныя методыкі, і можна абысціся без непасрэднага суперажывання — гледачы ўсё роўна павераць у паказаныя ім пачуцці. Я ўсё гэта разумею і, паверце, умею. Але — не магу. Бо мне заўсёды хочацца “разварушыць”, растрывожыць штосьці ў сабе самім — і менавіта гэта даслаць у залу разам з голасам.
— І назва ўсяму гэтаму — натхненне. Віншуем!
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Васіля МАЙСЯЁНКА
На здымку: С.Франкоўскі ў партыі Манрыка (“Трубадур” Дж.Вердзі).