...Прабіваючы брэш у блакаднай сцяне

№ 14 (882) 04.04.2009 - 10.04.2009 г

(Заканчэнне. Пачатак у № 13.)

...Усё помню, як сёння. Ішоў чацвёрты дзень нашага знаходжання ў вогненным коле, якое сціснулася да дыяметра, што наскрозь прастрэльваецца трохцалёвай артылерыяй. Нашы адчайныя спробы разарваць кола так, каб вывесці ў шырокі прарыў і партызанскае войска, і насельніцтва, пакуль беспаспяховыя. Але і фашыстам не ўдаецца спраўляць “Свята вясны” паводле іхняга сцэнарыя. Ужо 1 мая гітлераўцы рваліся ва Ушачы, але ім мужна супрацьстаялі заслоны нашага палка, а таксама брыгада Панамарэнкі, і авалодаць партызанскай сталіцай у той дзень ім не ўдалося.

 /i/content/pi/cult/202/2335/Front1.jpg

Камандзір палка І.Садчыкаў і камісар А.Юр’еў з першым нумарам газеты “Народны мсцівец”. 8 жніўня 1943 г. 

...Тры дні і тры ночы партызанскае войска і тысяча мірных жыхароў — на нагах. Мы ўвесь час пад агнём кулямётаў і мінамётаў, авіяцыі і артылерыі, то падаем ніцма, то ўскокваем, каб зноўку ісці. Мы рухаемся спачатку на поўдзень, потым паварочваем зноў на поўнач, затым кіруемся на ўсход, але неўзабаве разварочваемся, каб ісці на захад. Пакуль чалавек не спыніўся, у яго ёсць надзея. Але ўсё мае мяжу, і мы стаім на яе краі. Калі ўбачым бессэнсоўнасць нашага руху, страцім фізічныя магчымасці працягваць барацьбу, — разбурыцца наша вера ў магчымасць выратавання.

Тады надыдзе планавая канцоўка “Свята вясны”.

Зрэдку я прымушаю сябе азірнуцца. На ўсёй працягласці лясной дарогі, як толькі можа ахапіць вока, валакуцца драбіны, дымяцца мокрыя спіны коней, з драбін выглядваюць ствалы мінамётаў і дзіцячыя галоўкі; ляжаць, ціха стогнучы, параненыя; побач крочаць людзі ў шынялях, куртках, паддзеўках і бушлатах, у пілотках, фуражках, кубанках, кепках і хустках, падпяразаныя крыж-накрыж кулямётнымі стужкамі і рамянямі; адны нясуць на плячах апушчаныя стваламі ўніз вінтоўкі і аўтаматы, другія вядуць за руку апранутых па-зімоваму дзяцей. Дзеці, пакуль маглі, ішлі пехатой: дарослыя шкадавалі коней, дрэнна кормленых і не поеных, нагружаных цяжкай паклажай. Шкадавалі не толькі па звычцы сялянскіх сэрцаў — была слабая, амаль расталая надзея.

Надзея, што яшчэ спатрэбяцца коні ў гэтую пасяўную. Усю зіму жылі спадзяваннем на вызваленую зямлю, якую можа будзе засеяць як сваю родную, і вось у разгар вясны з гэтай марай цяжка было развітацца.

Бесперапынны рух вялізнай калоны па лясных дарогах вузкай прасторы, узятайкарнікамі ў жалезныя абцугі, які спачатку быццам бы супакойваў і нават даваў шанц на шчаслівую развязку, цяпер разбураў апошнія надзеі. Таму калі пасля доўгага прывалу, пад час якога адбылася нарада камандавання злучэння, быў аб’яўлены загад пакінуць абоз, нам стала нібыта нават лягчэй. Цяжкая ісціна засвойваецца лепш і хутчэй, чым цяжкая няпэўнасць. А тут з’явілася відавочная канкрэтыка: дурню ясна — загад азначае, што будзе штурм, а значыць, з’явіцца і шанц.

Але тое была логіка вайны, і нам, яе салдатам, было нашмат лягчэй, чым сялянам, якіх мы цяпер, дзеля іхняга выратавання, ставілі ў роўнае з сабой становішча. Тры дні таму яны пакінулі свае хаты з няхітрым, але цяжка нажытым скарбам, хлявы, у дзедаўскіх бярвёнах якіх быў помным і поўным значэннем кожны цвік, скляпы і таемныя яміны з рэшткамі бульбы ды жыта для пераможнай пасяўной. І вось усё гэта пойдзе дымам, калі яшчэ не пайшло, а зараз настала тая лютая часіна, калі трэба кінуць сярод лесу на пагібель не толькі тыя апошнія рэчы, без якіх селяніну не пражыць, але і кармільцаў — каня, карову.

 /i/content/pi/cult/202/2335/Front2.jpg
Партызанская рэдакцыя і друкарня (трэці злева — адказны сакратар Віктар Грамыка). Вёска Лабуноўшчына Ветрынскага раёна, сакавік 1944 г.

Напэўна, штосьці адбываецца ў прасторы, калі яна напаўняецца горам тысяч людзей, нават не горам, а адчуваннем катастрофы, якая надыходзіць, блізкага скону. Тады яна, гэтая прастора, адкрывае свой канал зваротнай сувязі і пасылае ўсплёск усёпранікальнай энергіі (усім— і мужным, і баязлівым, і моцным, і слабым), так неабходнай людзям, здольнай аб’яднаць іх і тым самым надаць сіл для апошняй гадзіны. Нездарма ж гаворыцца, што на людзях і памерці не страшна.

Бронецягнік перанёс агонь у суседні квадрат лесу, дзе чуўся шум бою, які сціхаў. А тут ліслівае шапаценне зацяжнога дажджу паглынулася нягучнымі гукамі сцішанай гамонкі, плачу, стогнаў параненых: тысячы людзей рыхтаваліся да фіналу. Ніхто не ведаў, калі пачнецца штурм, але спяшаліся, ліхаманкава ператрэсвалі клункі, выбіраючы лепшае, даражэйшае — не базарнай цаной, а памяццю пра бацькоў, дзяцей, якія зараз далёка. Зайшоўшы за кусты, жанчыны пераапраналіся ў чыстую бялізну — спакойна, дзелавіта, быццам ведаючы, што смяротны зыход непазбежны, а іх нядаўняе галашэнне было толькі хвіліннай слабасцю. Дый галасілі адно ў пачатку збораў, абдымаючыза шыю і цалуючы сваіх Красуляў і Машак. А потым, не згаворваючыся, вырашылі ўсё ж не кідаць сваіх карміцелек у лесе, а ісці да канца разам. З коньмі было прасцей: іх адразу ж наўючвалі станкачамі, мінамётамі, цюкамі з ваенным рыштункам.

Друкарня перабралася з калёс на нашы плечы без асаблівых праблем, самае неабходнае ўжо было ў рукзаках, заставалася толькі ўзваліць іх на спіны. Такая прымерка ўжо адбылася ў Лабуноўшчыне, але зараз рэчмяшкі падаліся непад’ёмнымі, і іх давялося тэрмінова разгружаць, выкідваючы асабістыя рэчы. Крыху адышоўшы ад дарогі, я расклаў маленькае вогнішча з рэдакцыйных архіваў, асабістых запісаў і дзённіка, хоць і нерэгулярнага. Але яго я не мог пакінуць ворагу. Не без болю развітаўся з трафейным фотаапаратам, якім так ні разу і не скарыстаўся з-за адсутнасці плёнкі. Гэта была мініяцюрная камера з высоўным мехам і выдатным аб’ектывам. Такі цуд оптыкі, у якім на імгненне адбіліся пахмурнае неба, высокія сосны і нашы людзі на гэтай няшчаснай дарозе, я амаль са страхам расціснуў дзяржальнам фінкі, здрыгануўшыся ад хрусту цэйсаўскага шкла...

Неўзабаве калона рушыла, і мяккі, прыглушаны раскіслаю дарогай тупат ног змяніў тарахценне калёс. Цяпер усе неслі на сабе паклажу, нават маленькія дзеці, апранутыя, як качаны капусты, у дзесяць адзежын, мелі паверх іх яшчэ і заплечныя вузлы; побач з сабой вялі кароў, нагружаных торбамі, мяшкамі, вёдрамі, што звісалі з абодвух бакоў.

Гэты вычварны і цяпер бязгучны караван ішоў на ўсход наўсцяж варожых пазіцый, каб, сканцэнтраваўшыся ў раёне Арэхаўна, рашучым штурмам прабіць брэш у блакаднай сцяне і вывесці партызанскае войска і насельніцтва на поўдзень, у Чашніцкі раён. Скрытнасць перамяшчэння, нечаканы для ворага накірунак удару давалі рэальны шанц на поспех. Так, прынамсі, здавалася камандаванню.

 /i/content/pi/cult/202/2335/Front3.jpg

Камандаванне партызанскага Смаленскага палка асобага прызначэння за распрацоўкай плана чарговай аперацыі. 1943 г.

На жаль, падзеі ніколі не разгортваюцца так, як хацелася б.

Каб выйсці ў прызначаны для штурму раён да світанку, трэба было здзейсніць кідок на мяжы магчымасцей нашага каравана. Але разгараецца жорсткі бой. Толькі да вечару сіламі дзвюх брыгад карнікі адкінуты, і мы працягваем рух на ўсход.

Дзіўнае пачуццё ахапіла мяне, калі мы ўвайшлі ў вёску, дзе яшчэ віднеліся не зусім размытыя дажджом каляіна ад калёс і каровіны ляпёхі. З абодвух бакоў радасна ззялі свежай зелянінай палісаднікі, а светла-зялёны дым старых бяроз нерухома навіс над чорнымі, не пасохлымі пасля дажджу, стрэхамі. Гэтыя зялёныя туманнасці струменілі такі чароўна вясновы водар, што ён перакрываў усе іншыя вясковыя пахі: гною, узаранай зямлі, нядаўна спаленага бацвіння.

Але ў гэтым паселішчы не было ніводнай жывой душы. І пакідалі яго спехам, не паспеўшы не толькі навесіць бессэнсоўныя цяпер замкі, але і прычыніць дзверы, веснічкі, брамы хлявоў.

Начны марш прайшоў удала, але са світанкам становішча з кожнай гадзінай рабілася ўсё больш складаным. У Матырынскі лес паспела прайсці толькі галоўная частка калоны, а асноўныя сілы засталіся адрэзанымі ў суседнім лесе. Усю раніцу ішлі баі ля вёскі Забароўна, дзе два атрады з пераменным поспехам адбіваліся ад карнікаў, якія хутка сцягвалі войскі. Тут уступае ў бой наш полк, смелым ударам авалодвае пераправай цераз раку. Чуваць “Ура-а-а!” — страшны крык трыумфу пакутнікаў вайны над лесам. Гэта галасы батальёнаў нашага палка, які, кінуўшыся ў рукапашную схватку, уварваліся ў вёску. Карнікі ў паніцы бягуць, пакідаючы станкавыя кулямёты, мінамёты і гарматы.

Гэты поспех узнавіў раўнавагу ў пазіцыі і цэласнасці злучэння. Аднак карнікі падцягваюць сілы, рыхтуюцца да рашучага наступлення. Кружаць самалёты, там-сям успыхваюць белыя воблачкі, і на нашы пазіцыі сыплюцца дзесяткі тысяч лістовак з прапановай тэрмінова здацца ў палон. Карнікі наступаюць з усіх бакоў, бой грыміць бесперапынна.

Пераканаўшыся ў тым, што партызаны будуць прарывацца ў раёне Арэхаўна, немцы хутка канцэнтруюць тут войскі, а камандаванне прымае рашэнне выходзіць з акружэння, не чакаючы цемры, удзень, выбраўшы напрамкам галоўнага ўдару Двор-Пліна.

Гэтую бітву, вырашальную для нашага лёсу, пачала першая антыфашысцкая брыгада. Яна нанесла моцны ўдар усімі гарматамі, мінамётамі, стралковымі сіламі па гарнізоне вёскі Роўбы і авалодала ім. Следам за гэтым нашымі брыгадамі былі разгромлены і заняты ўмацаванні ў вёсцы Пліна. Ад другой гадзіны дня ідзе бесперапынны цяжкі бой. Нямецкай артылерыі, танкам і бронемашынам партызаны супрацьпастаўляюць манёўр, уменне хутка арыентавацца ў абставінах і, канешне ж, высокую мужнасць, самавалоданне і адвагу. У бязвыхадных сітуацыях нашы байцы і камандзіры, не дазваляючы захапіць сябе ў палон, падрываюцца гранатамі.

… На ўскрайку лесу, што на поўдзень ад вёскі Забараўна, партызанскія атрады чакаюць надыходу цемры. Доўгі дзень, што змяніў бясконцую ноч, дае кароткую перадышку целу, змучаным нагам, адбітым аддачай прыклада плячам. Але яшчэ цяжэй на душы. Ёй балюча і трывожна ад незваротнасці страт, ад усведамлення таго, што наканаваная горкая чаша яшчэ не выпіта. І цяпер душы няма адпачынку, нудзіцца яна ў збянтэжанасці, у няведанні таго, што пачнецца неўзабаве, што пазначана страшным прыметнікам — апошні штурм. Пра гэта ніхто не гаворыць, але ўсе думаюць. Бой будзе неймаверна цяжкі, і вынік ягоны невядомы.

Супраць нас — да зубоў узброеныя салдаты, умудроныя досведам пазіцыйнай вайны, забяспечаныя тэхнікай, цяжкім узбраеннем, якое шмат разоў пераўзыходзіць наша па колькасці. Моманту раптоўнасці— нашага козыра — таксама няма. Яны гатовы да нашага штурму, але працягваюць умацоўвацца, падцягваюць свае сілы. Аб гэтым штогадзінна дакладваюць камандаванню разведчыкі, а нам — нашы вушы. З боку вёсак Пліна, Новае сяло, Лукашэнкі, Паперына, Малое і Вялікае Матырына чуецца цяжкі вібрыруючы гул магутных матораў, бразгат гусеніц.

Мы даведваемся, што штурмаваць нямецкія ўмацаванні будзе наш полк. Яму, сумесна з 16-й Смаленскай брыгадай, брыгадамі імя Кароткіна і імя ВЛКСМ, давядзецца авалодаць, разграміўшы гарнізоны, Новым Сялом і Паперынам, падавіўшы ўмацаванні, асядлаць дарогу і вывесці цераз брэш злучэнне і мірных жыхароў.

Майскі змрок надыходзіць павольна, я раз-пораз выцягваю гадзіннік, стрэлкі ягоныя ледзь паўзуць. Нарэшце, цёмна. Наш полк асцярожна высоўваецца на зыходныя пазіцыі...

А што было потым — я раскажу іншым разам...

Занатаваў Барыс КРЭПАК