Работнікі Краснапольскага цэнтра культуры і вольнага часу Магілёўскай вобласці звяртаюцца з такім пытаннем: ці мае права творчы работнік Цэнтра культуры на адгул і двайную аплату за работу ў святочны дзень?

№ 14 (882) 04.04.2009 - 10.04.2009 г

На пытанне адказвае начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена ВЕШТАРТ:

— У адпаведнасці з артыкулам 147 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — ПК) работа не ажыццяўляецца ў дзяржаўныя святы і святочныя дні, устаноўленыя і аб’яўленыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь непрацоўнымі.
У цяперашні час дзяржаўныя святы і святочныя дні ўстаноўлены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. № 157 “Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь”. Варта мець на ўвазе, што ў адпаведнасці з пунктам 3 названага ўказа аб’яўлены непрацоўнымі днямі: 1 студзеня — Новы год, 7 студзеня — Ражджаство Хрыстовае (праваслаўнае Ражджаство), 8 сакавіка — Дзень жанчын; згодна з календаром праваслаўнай канфесіі — Радаўніца, 1 мая — Свята працы, 9 мая — Дзень Перамогі, 3 ліпеня — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, 25 снежня — Ражджаство Хрыстовае (каталіцкае Ражджаство).
Такім чынам, прадугледжана 9 святочных непрацоўных дзён, у якія па агульных правілах работа не ажыццяўляецца.
У дзяржаўныя святы і святочныя дні, устаноўленыя і аб’яўленыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь непрацоўнымі, згодна з часткай другой артыкула 147 ПК дапускаюцца работы, спыненне якіх немагчымае паводле вытворча-тэхналагічных умоў (арганізацыі, якія дзейнічаюць бесперапынна), работы, выкліканыя неабходнасцю пастаяннага бесперапыннага абслугоўвання насельніцтва, арганізацый, а таксама неадкладныя рамонтныя і пагрузачна-разгрузачныя работы.
Да работ, выкліканых неабходнасцю пастаяннага бесперапыннага абслугоўвання насельніцтва, арганізацый, адносіцца праца шэрагу арганізацый культуры: тэатраў, кінатэатраў, цыркаў, клубных устаноў і інш.
Работы, якія выкліканы неабходнасцю пастаяннага бесперапыннага абслугоўвання насельніцтва, арганізацый, плануюцца загадзя ў графіку работ (зменнасці) у лік месячнай нормы працоўнага часу.
Варта адзначыць, што пералік падстаў, калі дапускаецца работа ў дзяржаўныя святы і святочныя дні, аб’яўленыя непрацоўнымі днямі, з’яўляецца вычарпальным і не можа быць дапоўнены ніякімі іншымі падставамі.
Заканадаўца прадугледзеў парадак і ўмовы выплаты кампенсацыі за работу ў дзяржаўныя святы і святочныя дні, аб’яўленыя непрацоўнымі. Асноўнай формай кампенсацыі за работу ў святы і святочныя дні з’яўляецца аплата ў павышаным памеры. У сілу прадпісанняў часткі першай артыкула 148 ПК работа, якая выконваецца ў такія дні, аплачваецца ў павышаным памеры, устаноўленым часткай першай артыкула 69 ПК, г. зн. не ніжэй, чым у двайным памеры (работнікам са здзельнай аплатай працы — не ніжэй за двайныя здзельныя расцэнкі, а работнікам з пачасовай аплатай працы, а таксама тым, якія атрымліваюць дадатковыя аклады, — не ніжэй за двайныя гадзінныя стаўкі ці аклады). Пры гэтым для работнікаў, якія атрымліваюць месячны аклад, аплата ажыццяўляецца ў памеры не ніжэй за адзінарную гадзінную ці дзённую стаўку звыш акладу, калі работа ажыццяўлялася ў межах месячнай нормы працоўнага часу, і ў памеры не ніжэй за двайную гадзінную ці дзённую стаўку звыш акладу, калі работа ажыццяўлялася звыш месячнай нормы.
Калі работа выконвалася звыш месячнай нормы працоўнага часу, работніку паводле яго жадання прадастаўляецца, акрамя аплаты ў павышаным памеры, іншы дзень адпачынку, які не аплачваецца.
Работа ў іншыя святы і святочныя дні, прадугледжаныя графікам работы як працоўныя ў лік месячнай нормы працоўнага часу, аплачваецца ў памеры тарыфнай стаўкі (службовага акладу) прапарцыянальна адпрацаванаму часу.