Дрэс-код для “Тэлевяршыні”

№ 14 (882) 04.04.2009 - 10.04.2009 г

На прэс-канферэнцыі напярэдадні раздачы “тэлеоскараў” намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Слабадчук спецыяльна падкрэсліў: Белдзяржфілармонія была выбрана месцам правядзення цырымоніі найперш таму, што ў яе зале куды прасцей стварыць атмасферу рэспектабельнага свецкага вечара.

 /i/content/pi/cult/202/2322/Televyarshynja.jpg

Збольшага гэта атрымалася. Стыль адзення прысутных адпавядаў уведзенаму арганізатарамі дрэс-коду, і вячэрнія сукенкі суседнічалі са строгімі касцюмамі. На першых “Тэлевяршынях” гучалі эстрадныя песні, на папярэдняй — ужо джаз. Гэтым разам — Бах і Аляб’еў, а музычны рэй вёў Яго Вялікасць арган. Аднак, тэндэнцыя! Ды самае важнае, бадай, тое, што творчы змест конкурсу цалкам адпавядаў яго рэспектабельнаму антуражу.
Члены журы ў адзін голас адзначылі: узровень прадстаўленых работ прыкметна ўзрос. Іх колькасць дасягнула 253 (летась — 191).
Вынікі конкурсу сведчаць пра пэўную “дэцэнтралізацыю” тэлевізійнага жыцця.
Раней лейтматывам “Тэлевяршыні” было суперніцтва двух нацыянальных тэлеканалаў: менавіта яны дзялілі паміж сабой большасць статуэтак, зазвычай рухаючыся “наздра ў наздру”. Сёлета ў гэтае спаборніцтва як ніколі актыўна ўключыўся і трэці “гулец”: СТБ, якое дадало да сваёй калекцыі ажно чатыры “тэлеоскары”.
Але бадай найважнейшая тэндэнцыя пятай “Тэлевяршыні” заключаецца ў небывалай дагэтуль актыўнасці рэгіянальных тэлекампаній — сёлета імі было пададзена 140 заявак, прычым не толькі з абласных цэнтраў, але і з зусім невялікіх гарадкоў: напрыклад, Паставаў. У трох намінацыях, створаных спецыяльна для “рэгіяналаў”, ім было відавочна цесна.
Аляксандр Слабадчук некалі выказаў думку, што сапраўдным сведчаннем росту айчыннага тэлебачання будзе ўручэнне Гран-пры “Тэлевяршыні” рэгіянальнай тэлекампаніі. Пакуль гэтая мара не спраўдзілася. Але ўпершыню за ўсю гісторыю конкурсу “несталічныя” тэлевытворцы не толькі спаборнічалі з мінскімі ў розных намінацыях, але і дасягнулі перамогі! Цыкл “Страсть и власть”, які здолеў акунуць гледачоў у сюжэты беларускай гісторыі, атрымаў першае месца ў намінацыі “Лепшая культурна-асветніцкая праграма”. Той факт, што гэты маштабны праект (у здымках якога бралі ўдзел болей за сто чалавек) здолелі адужаць у Брэсце, папраўдзе красамоўны.
Першы канал прыкметна саступаў сваім галоўным супернікам. Але напрыканцы ўзяў імклівы рэванш. Пра тое, што галоўным прэтэндэнтам на Гран-пры сёлета будзе менавіта “Зямля беларуская”, можна было здагадацца яшчэ па прэм’ерным праглядзе “пілотнага” роліка. Нічога падобнага на айчынным тэлебачанні пакуль не было — ні паводле маштабу (праект мае ахапіць усе раёны краіны), ні паводле якасці ўвасаблення (згадайма дынамічную рэжысуру, шыкоўныя здымкі з верталёта).
Што ж, амбітнае памкненне аўтара ідэі праекта, намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Мартыненкі (які, дарэчы, атрымаў статуэтку і ў якасці вядучага “Ходу ў адказ”) прынесла належныя вынікі. На Беларусі з’явіўся тэлепрадукт, які можна з гонарам паказваць нават самаму патрабавальнаму замежніку.
Ды і нашы суайчыннікі праз пасярэдніцтва тэлекамеры здолелі зірнуць на родныя краявіды іншымі вачыма. Праект засведчыў, што якасная і высокабюджэтная культурна-асветніцкая праграма здатная канкурыраваць з самымі відовішчнымі шоу.
Хочацца спадзявацца, што такі падыход запачаткуе яшчэ адну тэндэнцыю на беларускім тэлебачанні. Як і гучанне класічнай музыкі.

Ілля СВІРЫН
Фота Юрыя ІВАНОВА
На здымкy: пад час цырымоніі ўручэння прэміі
“Тэлевяршыня” ў Белдзяржфілармоніі.