“Цуд” Метэрлінка

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

Сёлетні красавік Беларускі дзяржаўны тэатр лялек і New Stage Company сустрэлі “Эксклюзівам”. На працягу месяца аматары маглі спрычыніцца да спектакляў тэатра, якія... нельга знайсці ў бягучай рэпертуарнай афішы. Між тым, эксперыментальныя работы сталічных лялечнікаў, разлічаныя на камерную аўдыторыю, пабывалі на шэрагу прэстыжных еўрапейскіх лялечных фестываляў, зазналі там прызнанне, займелі шэрагі прыхільнікаў. Сярод лялечнага эксклюзіва (білеты на спектаклі давялося замаўляць загадзя) — спектакль “Цуд Святога Антонія” паводле п’есы бельгійскага драматурга Марыса Метэрлінка рэжысёра Святланы Бень, які ўжо паспеў пабываць на Міжнародным фестывалі “VERSUCHUNG” у Берліне.

За апошні час гэта, дарэчы, другое ўвасабленне твораў Метэрлінка на мінскай лялечнай сцэне. Першы спектакль — “Сіняя птушка” ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра Аляксея Ляляўскага — з’явіўся ў афішы тэатра летась. Бадай, самы вядомы твор аўтара мінскія лялечнікі адрасавалі сваім юным гледачам. Маленькія героі спектакля — Цільціль (Аляксандр Янушкевіч) і Міціль (Надзея Янушкевіч) — вандруюць у пошуках Сіняй птушкі, а па сутнасці — спасцігаюць жыццё, вучацца радавацца яму і ўспрымаць усё з удзячнасцю, без “прэтэнзій”. Пры гэтым “школа жыцця” аказваецца і чароўнамістычнай, і зманлівай, і адначасова надзвычай “рэальнай”, вясёлай і крышку іранічнай.

А вось “Цуд Святога Антонія” адрасаваны сталаму гледачу, дакладней, такому, які лічыць, што ўжо мае ўласны светапогляд і “адпрацаваныя” гадамі погляды на жыццё. Менавіта для такіх людзей і прызначаецца “выпрабаванне цудам”.

Неяк адзін разумны чалавек сказаў, што цуд — гэта ўзровень валодання сіламі прыроды, недаступны і незразумелы нам, шараговым людзям. Гэтак жа лічыць і рэжысёр “ЦудаСвятога Антонія” Святлана Бень. Праўда, усё адносна ў гэтым свеце, і тое, што некалі здавалася незразумелым і чароўным, сёння ўспрымаецца як звыклае і натуральнае. Бы тая электрычнасць, якая яшчэ стагоддзе таму была нечым неверагодным, а сёння мы нават і не задумваемся пра гэты “цуд”, націскаючы звыклым жэстам на выключацель.

Героі спектакля — бы старыя мікрасхемы першых транзістарных “цудаў тэхнікі”,абсалютна пазбаўленыя чалавекападабенства (“людскія” абрысы ў персанажах спектакля ледзь угадваюцца), аказваюцца надзвычай... пазнавальнымі — іх “выдаюць” паводзіны і цалкавітае нежаданне існаваць іначай, чым у сістэме агульнапрынятых штампаў. Таму і з’яўленне Святога Антонія, які абяцае ажывіць памерлую Гартэнзію, — і спраўджвае гэта! — яны ўспрымаюць як заўгодна, толькі не як цуд. Хутчэй — як зласліва-наўмыснае жаданне сапсаваць навакольным жыццё і іх планы. Яны ж ведаюць — цудаў не бывае, і літаральна ўсё можна вытлумачыць лагічна!

Мажліва, так і ёсць, і ў бліжэйшым будучым мы зможам спакойна і лагічна авалодаць “тэхналогіяй” нават такіх нязвыклых рэчаў, як уваскрашэнне людзей, — балазе, сучасная навука не стаіць на месцы. Вось толькі шкада, што з развіццём гэтай самай навукі мы, людзі, трацім непасрэднасць і шчырасць кантактаў з людзьмі і навакольным жыццём, ставячыся да яго ўспрыняцця... як да пстрычкі выключацеля. 

Таццяна КОМАНАВА