“Любіць тэатр больш за сябе...”

№ 13 (881) 28.03.2009 - 03.04.2009 г

Актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Бэла МАСУМЯН не любіць гаварыць пра сябе, бо да сваіх работ на сцэне падыходзіць надзвычай грунтоўна. Але менавіта педантычнае вывучэнне матэрыялу, заглыбленне ў псіхалагічны малюнак ролі, сур’ёзнае стаўленне да ўсіх дробязей, з чаго складаецца прафесія акцёра, дапамаглі Бэле Амікаўне падабраць ключы да душ гледачоў.

 /i/content/pi/cult/201/2314/Ljubic-teatr.jpg
За
творчыя дасягненні народная артыстка Рэспублікі Беларусь удастоена галоўнага прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў — “Крыштальнай Паўлінкі”.

— Бэла Амікаўна, хто для вас з’яўляецца самым строгім крытыкам?
— За дзесяцігоддзі працы на тэатральных падмостках я ўпэўнілася: лепшым крытэрыем справядлівай ацэнкі з’яўляецца меркаванне калег. Творчай групе, якая на працягу некалькіх месяцаў разам з табой працавала над спектаклем і ведае, якія мэты ставіліся напачатку, у час прэм’еры лепей бачна, што атрымалася, а што так і засталося нерэалізаванай ідэяй. Таму я заўсёды з асаблівым неспакоем чакаю гэтай ацэнкі.
— Вамі створаны вобразы моцных жанчын, у чыім жыцці здарылася неверагодная гісторыя кахання…
— Так, скразной лініяй праз мае ролі праходзіць тэма “вынаходлівага кахання”, калі жанчына не толькі падстаўляе дарагому чалавеку плячо ў цяжкія хвіліны, але ўсю сябе прысвячае каханаму, напраўляючы свае дзеянні на падтрыманне мар, імкненняў таго чалавека, без якога яна не ўяўляе сваё жыццё.
Я з задавальненнем бяруся за працу над такімі характарамі, бо тут за кожным учынкам адкрываецца глыбіня пачуццяў, а дзеянні персанажа прымушаюць з розных бакоў паглядзець на, здавалася б, лёгка вырашальныя праблемы.
Прыкладам, у апошніх тэатральных сезонах адным з любімых маіх спектакляў стала пастаноўка Барыса Луцэнкі на Малой сцэне “Уходил супруг от супруги”. П’еса распавядае пра каханне не як аб рамантычнай казачцы моладзі, а як пра глыбокае пачуццё людзей, якія пражылі разам амаль усё жыццё. Кім з’яўляецца жонка, што не мае аніякага сацыяльнага статуса, але чый муж — выдатны вучоны? Гэтай жанчыны не бачна, але ў невідавочнай астатнім падтрымцы генія мужа і заключаецца высакародная мэта яе жыцця.
— Зрэшты, “Уходил супруг от супруги” — п’еса для двух акцёраў. Падобных камерных спектакляў вамі сыграна нямала...
— Шчыра кажучы, я не люблю грувасткіх спектакляў. Мне бліжэй пастаноўка на дваіх, якая дае аб’ёмны матэрыял для творчай працы, дазваляе вылучыць псіхалагічныя нюансы асобы. Па-мойму, гэта лепшая магчымасць расказаць сваё ўспрыманне жыцця, ды і ўвогуле прадэманстраваць,чаго ты варты ў прафесіі.
— Вы як народная артыстка ўжо можаце выбіраць сабе ролі. Ці карыстаецеся гэтай магчымасцю?
— У кожнай актрысы свой шлях. Для кагосьці важным з’яўляецца выбраць ролю, а мне цікавей — яе атрымаць. У апошнім ёсць сваё хараство: рэжысёры часам прапануюць персанажа, які, на першы погляд, не зусім адпавядае мне. Але ўпэўненасць пастаноўшчыка дае мне дадатковы імпульс веры ў рабоце.
Дарэчы, ніколі не рабіла выбару паміж класічнымі і сучаснымі п’есамі. Не адмовілася б ні ад Чэхава, ні ад Горкага, але мне вельмі падабаецца працаваць над матэрыялам, які да мяне ніхто не браў. Ува мне “сядзіць” прафесійная прага быць першай выканаўцай новага вобраза. З гэтай прычыны пад час свайго колішняга юбілею я з найвелізарным задавальненнем іграла ў сучаснай п’есе “Валянцінаў дзень”. За кароткі прамежак сцэнічнага часу мне давялося паказаць жаночае жыццё даўжынёй больш за сорак гадоў, стаць аднолькава ўспрымальнай да маладосці, сталасці, старасці, і пранесці праз усе перыпетыі чароўнае пачуццё кахання. Дадайце адчуванне навізны лексікі, успрымання жыцця — гэта дарагога каштуе!
— Вы часцяком выходзіце на сцэну з маладняком тэатра. Ці валодае тэатральная моладзь рысамі, якія здольны вас уразіць?
— Я захоплена тым, як шыкоўна новая змена валодае целам, голасам. Наша пакаленне, канешне, таксама было добра падрыхтавана, але гэтыя здольнасці не былі так запатрабаваны. Час змяніўся, і рэжысёры пачалі звяртаць больш увагі на пластыку, тэмбр, мелодыку. Бачу, што зараз для нашай моладзі адкрыты добрыя перспектывы ў прафесіі. Яны могуць многага дасягнуць, галоўнае — каб не забываліся, што на падмостках нельга быць цынікам, бо цынізм раз’ядае талент. І яшчэ адно: трэба любіць тэатр больш за сябе. А калі любіш сваю прафесію, ніколі не станеш баластам у жыцці.