...Прабіваючы брэш у блакаднай сцяне

№ 13 (881) 28.03.2009 - 03.04.2009 г

Віктар Грамыка — жывапісец, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Польшчы, ганаровы акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар, актыўны ўдзельнік партызанскага руху, кавалер ордэнаў Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі, медалёў “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” І ступені і іншых. Мара стаць мастаком ніколі не пакідала Грамыку — нават у агні Вялікай Айчыннай, калі, здавалася б, не да мастацтва. Наадварот, гэтая мара яшчэ больш умацавалася і выстаяла ў цяжкіх баях, у пастаянных партызанскіх рэйдах, у смяротных блакадных прарывах. Так, Віктар Грамыка — удзельнік той самай легендарнай Полацка-Лепельскай бітвы 1944 года, якая ўвайшла ў гісторыю Другой сусветной вайны сімвалам нязломнасці беларускага народа...

У тыя векапомныя дні 20-гадовы партызан Грамыка атрымаў пуцёўку ў творчае жыццё ад старэйшага франтавога сябра — капітана Авяр’янава, які за дзень да сваёй гібелі ў час штурму шашы Лепель — Беразіно сказаў так: “У цябе, Віктар, добрая будучыня! Я гэта бачу! Скончыцца вайна, ты паступіш у Акадэмію мастацтваў. Я ведаю, ты раскажаш пра нашу вайну. Ты намалюеш карціну: як вось гэтыя стомленыя, змораныя, пахмурныя людзі цягнуцца па багне. Яны ведаюць, куды ідуць і навошта ідуць. На іх плячах — не вінтоўкі і аўтаматы, а сам лёс нашай праведнай вайны. Ты павінен напісаць такое палатно...”
Праз 15 гадоў Віктар Аляксандравіч стварыў менавіта такое панарамнае палатно пад назвай “Дарогамі мсціўцаў”, якое сёння знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і з’яўляецца не толькі творам высокага мастацтва, але і праўдзівым гістарычным дакументам.
Але гэта будзе потым. А пакуль... У памяці мастака-ветэрана, як на плёнцы старога фільма, узнікаюць, паўстаюць чорна-белыя кадры з лёгкімі ўсплёскамі вясёлкавых колераў — кадры даўно мінулых гадоў дзяцінства і юнацтва...
Віктар нарадзіўся на Магілёўшчыне, але яго дзяцінства прайшло ў мястэчку Смальяны, што за 20 кіламетраў ад Оршы. Пасля сямігодкі паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, але хутка, у сувязі з цяжкай хваробай мамы, Вольгі Сямёнаўны, вымушаны быў пакінуць вучобу і вярнуцца ў Оршу. Тут ён скончыў 10-ы клас і 21 чэрвеня 1941 года атрымаў атэстат сталасці выдатніка. А праз некалькі дзён горад юнацтва — Орша — апынуўся ў нямецкай акупацыі.
 /i/content/pi/cult/201/2305/Front1.jpg
Віктар Грамыка і Ілля Лапарэвіч. 1945 г.
Пачынае падпольную дзейнасць Віктар у складзе маладзёжнай групы, а потым становіцца членам падпольнай арганізацыі Канстанціна Заслонава. У дэпо станцыі “Орша” Канстанцін Сяргеевіч узначаліў сетку падпольных груп, каб максімальна паралізаваць работу чыгуначнага вузла. Дастаткова падкрэсліць, што толькі за 3 месяцы было здзейснена каля сотні крушэнняў нямецкіх эшалонаў, пушчана пад адхон 200 цягнікоў, знішчаны тысячы вагонаў, цыстэрн і аўтамашын.
У лютым 1942-га Заслонаў пакінуў Оршу і сышоў у лес, дзе стаў камандзірам партызанскага атрада (з ліпеня — брыгады). Грамыка ж пазней апынуўся ў партызанскім Смаленскім палку асобага прызначэння пад кіраўніцтвам Івана Садчыкава. Тут Віктар быў і кулямётчыкам, і разведчыкам, і падрыўніком, і мастаком, і рэдактарам партызанскай газеты, і, нарэшце, камісарам атрада...

І сёння, напярэдадні 65-й гадавіны вызвалення роднай Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Віктару Аляксандравічу ёсць пра што ўспомніць...

 

— ...Мая першапачатковая творчая біяграфія неаддзельная ад лёсу майго пакалення. Адносіны да працы, да прыроды і нават да мастацтва — усё гэта фарміравалася Вялікай Айчыннай вайной. І так здарылася, што майму досыць сціпламу прафесійнаму ўзроўню час вызначыў такую высокую ролю, на якую я быў толькі здольны. Час прымусіў мяне ўзяцца не толькі за вінтоўку і кулямёт, але і за аловак, разец, пяро журналіста.

У нашым партызанскім палку былі людзі многіх нацыянальнасцей, рознага ўзросту, розных прафесій. У іх ліку — спевакі, танцоры і нават артыст цырка. Але мастаком аказаўся я адзін. У вольны час быў заняты выпускам баявых лістовак. А потым, калі нам з самалёта скінулі абсталяванне для друкарні, я наладзіў выпуск палкавой газеты “Народны мсцівец”. Першы нумар выйшаў 8 жніўня 1943 года. У маім архіве захавалася фатаграфія, на якой камандзір палка Іван Садчыкаў і камісар Андрэй Юр’еў чытаюць гэтую газету.

Працаваць мне даводзілася і карэспандэнтам, і рэдактарам, і друкаром, і адказным сакратаром. А ноччу пры святле каганца рэзаў на лінарыце альбо грушавых дошках простым сцізорыкам (пазней даведаўся, што гэтая тэхніка называецца абразным дрэварытам) сатырычныя малюнкі і партрэты партызан, якія праславіліся ў баях і разведцы.

Вялікі на мяне быў попыт як на партрэтыста. Маляваў многіх маіх аднапалчан. Алоўкавы малюнак звычайна выконваўся ў памер паштоўкі, каб можна было яго трымаць на памяць у кішэні гімнасцёркі. У час работы за спінай адразу ж збіраўся натоўп гледачоў, якія каменціравалі кожны штрых.

А якая сардэчная радасць асвятляла твары маіх таварышаў, калі яны пазнавалі сябе ў гэтых малюнках! Да працэсу малявання праяўлялася не проста цікаўнасць. Пасля цяжкіх баёў, знясільваючых пераходаў у новыя раёны базіравання, сярод нялёгкага партызанскага побыту нам усім патрэбны былі паўзы для разрадкі. Мы часам адчувалі проста нясцерпную прагу да цудоўнага, да светлага, да прыгожага. Невыпадкова некаторыя байцы насілі ў заплечных мяшках разам з патронамі і сухарамі зашмальцаваныя зборнікі паэзіі Купалы, Маякоўскага, Пушкіна, Гейнэ. Мудра сказана: “После боя сердце просит музыки вдвойне...” Так, дарэчы, і называласяадна са старонак нашай газеты.

А якім поспехам карысталіся самадзейныя канцэрты! Спявалі ўсе — і артысты, і слухачы. Нашы сэрцы зноў адкрываліся для дабра і хараства. Чым вастрэй перажывалася горыч народнага бедства, тым больш ярка для нас свяцілі ідэалы цудоўнага.

 /i/content/pi/cult/201/2305/Front2.jpg
Віктар Грамыка. “Песня пра мой атрад”..

Вайна выхоўвала і новыя адносіны з прыродай. Для партызана лес — не толькі родны дом. І лес, і палі, і рачулкі — уся родная зямля была нашым саюзнікам і самым надзейным памочнікам.

Але для гэтага трэба было тонка ведаць і адчуваць прыроду, яе самыя нязначныя подыхі і праявы. Толькі так мы станавіліся сапраўднымі гаспадарамі лесу і ночы, бо нашы партызанскія дзеянні звычайна прыпадалі на начны час. Гэта выпрацоўвала такую інтуіцыю, якую можна назваць унутраным зрокам. Мы ўмелі быць часткай прыроды, злівацца і растварацца ў ёй. Напэўна, гэта адбілася пазней і на маім разуменні пейзажнай карціны.

А калі пасля начной работы мы вярталіся ў лагер і набліжаўся світанак, ён прыносіў незвычайную, проста ўсеабдымную радасць. Нам здавалася, што гэта для нас узыходзіць сонца. І неяк пранізліва адчуваў я ў гэтыя хвіліны цуд жыцця кожнай хваінкі і кветачкі альбо інею на тонкіх галінках...

Калі я праз гады пісаў свае палотны і карціны-пейзажы, прысвечаныя памяці Вялікай Айчыннай, — думаў пра ўсё гэта, пра тыя гады, калі мы адстаялі сваю Радзіму, вызвалілі яе ад страшнага ворага.

Канешне, самым драматычным перыядам ва ўсёй вайне для мяне, ды і не толькі для мяне, была вясна 44-га. Падкрэслю, што наш Смаленскі партызанскі полк асобага прызначэння быў рэйдавым і па асноўным профілі дыверсійна-разведвальным. Ён хутка рос колькасна і пастаянна пашыраў межы сваёй баявой дзейнасці. Мы праводзілі буйныя аперацыі на чыгунках і шашэйных дарогах, грамілі непрыступныя гарнізоны, знішчалі карнікаў і паліцаяў, распаўсюджвалі на акупаванай зямлі аператыўныя зводкі Совинформбюро.

У канцы восені 1943-га полк перадыслацыраваўся на Ушаччыну, і нашай зонай стала вялізная тэрыторыя так званага Полацка-Лепельскага партызанскага краю, што ляжаў выцягнутым авалам на паўднёвы захад ад Полацка і на поўнач ад Лепеля. На гэтай прасторы, якая мела больш за тры тысячы квадратных кіламетраў Ушацкага,часткі Ветрынскага і Лепельскага раёнаў, ужо ўвосень 1942 года мясцовыя партызанскія атрады пасля разгрому ўсіх нямецкіх гарнізонаў фактычна аднавілі савецкую ўладу. На гэтай тэрыторыі выдаваліся газеты, па-ранейшаму існавалі калгасы, рэгіён быў часткова электрыфікаваны і тэлефанаваны, працавалі зброевыя і іншыя майстэрні.

Да лета 1943 года ад фронту да Полацка была вузкая прастора каля 80 кіламетраў, і цяпер частка партызанскіх брыгад дыслацыравалася ў тыле групы армій “Цэнтр”, а іх рэзервы непасрэдна сутыкаліся з нашымі атрадамі. Напрыклад, наш полк займаў лінію абароны ўздоўж чыгункі Полацк — Круляўшчызна. У канцы снежня 1943-га, калі фронт наблізіўся да паўночнай мяжы партызанскай зоны, немцы імкнуліся адцясніць партызан ад дарогі Віцебск — Лепель — Параф’янава, якая звязвала 3-ю танкавую армію ворага з тылам.

Новы 1944 год штаб нашага палка сустрэў у вёсцы Лабуноўшчына, дзе ў адным з дамоў працавала і наша друкарня. А тым часам, не дасягнуўшы хуткага поспеху ў мясцовых баях, фашысты арганізавалі карныя аперацыі “Лівень” і “Свята весны”, для правядзення якіх, акрамя часцей 3-й танкавай арміі, сабралі 60-тысячнае войска карнікаў, палкі СС і паліцыі, пяхотныя часці ахоўнай і запасной дывізій, асобны батальён Дзірлевангера, 137 танкаў, 235 гармат, 2 бронецягнікі, 70 самалётаў.

Абаранялі зону 16 партызанскіх брыгад, якія налічвалі каля 11 тысяч штыкоў. На лініі абароны зоны, што працягнулася на 180 км, былі створаны сістэмы акопаў, дзотаў, мінных палёў, пастаўлены надаўбні. Каардынавала дзеянні партызан група ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху, якім кіраваў Уладзімір Лабанок. Зразумела, пра гэтыя факты і лічбы я даведаўся потым, калі задумаў напісаць аўтабіяграфічную кнігу “Вясёлка над дарогай”. Кніга выйшла ў свет у выдавецтве “Беларусь” у 2000 годзе.

(Працяг будзе.)

Занатаваў Барыс КРЭПАК