“Аповесць” для Суздаля

№ 13 (881) 28.03.2009 - 03.04.2009 г

На мінулым тыдні ў Суздалі завяршыўся XIV Адкрыты расійскі фестываль анімацыйнага кіно — адзін з найбольш прэстыжных прафесійных конкурсаў на постсавецкай прасторы. У лік лаўрэатаў і дыпламантаў форуму ўвайшлі мультыплікатары анімацыйнай студыі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

Сёлета ў конкурснай праграме суздальскага фэсту ўдзельнічала больш за 100 фільмаў з Расіі, Беларусі, Украіны. Лепшыя работы былі прадстаўлены ў шасці намінацыях. Зазначым, айчынныя аніматары на гэтым конкурсе не ўпершыню. Для суздальцаў ужо стала своеасаблівай традыцыяй штовесну сустракаць апошнія мультыплікацыйныя навінкі “Беларусьфільма”.
Фестывальная публіка пабачыла цыкл пазнаваўчых кароткаметражных карцін аб паходжанні гербаў Беларусі “Аповесць мінулых гадоў-3”. Гэтая частка была прысвечана геральдычным гісторыям Чэрвеня, Шклова, Полацка, Навагрудка і Пружан.
Над праектам працавала вялікая творчая група кінастудыі, у склад якой увайшлі мастакі-мультыплікатары Таццяна Кубліцкая, Ганна Емяльянава, Міхаіл Тумеля, Канстанцін Касцючэнка, Яўген Надтачэй. Іх талент і прафесіяналізм былі па заслугах адзначаны прызам у намінацыі “Лепшае выяўленчае вырашэнне”.
На гэтым перамогі беларусаў не скончыліся. Спецыяльным дыпломам за дасціпнае вырашэнне беларускага фальклору ў анімацыі быў узнагароджаны мультыплікацыйны цыкл “Беларускія прымаўкі” рэжысёра Міхаіла Тумелі.

Людміла МАКОЎСКАЯ