“Кадэты” і “Прыгоды...” ў сакавіку

№ 13 (881) 28.03.2009 - 03.04.2009 г

У сакавіку Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” прадставіла прэс-паказы адразу дзвюх новых стужак, знятых айчыннымі кінематаграфістамі.

 /i/content/pi/cult/201/2303/Kadety.jpg
Першая з іх — “Навагоднія прыгоды ў ліпені” рэжысёраў Алены Туравай і Івана Паўлава, пра якую “К” ужо не раз пісала на сваіх старонках. Нарэшце завяршылася больш як трохгадовая творчая эпапея — падарожжа ў свет камп’ютэрных тэхналогій не толькі для герояў фільма, ролі якіх выканалі Маша Забара і Вася Кубекін, але і для саміх яго стваральнікаў. Першая айчынная стужка з элементамі камп’ютэрнай графікі і анімацыі, яна працягвае традыцыі добрага дзіцячага кіно, чым у свой час славілася беларуская кінастудыя.
Другі фільм — “Кадэты” рэжысёра Віталя Дудзіна — дынамічная вострасюжэтная драма, дзеянне якой разгортваецца ў Заходняй Беларусі ў першае пасляваеннае лета. Праца над гэтай стужкай сталася магчымай дзякуючы таму, што літаратурная першааснова Анатоля Жука была летась адзначана ў конкурсе сцэнарыяў, праведзеным “Беларусьфільмам”. Ён, разам з Яўгенам Амельчанкам і Валянцінай Бялько, стаў адным з аўтараў сцэнарыя. А ў ролях заняты выключна беларускія акцёры: Руслан Чарнецкі, Паліна Сыркіна, Андрэй Сенькін, Аляксандр Суцкавер і іншыя.
Першымі гледачамі фільмаў сталі журналісты рэспубліканскіх СМІ, але ж у хуткім часе гэтыя стужкі зможа ўбачыць і глядач.

Таццяна КОМАНАВА
На здымку: рэжысёр фільма
 “Навагоднія прыгоды ў ліпені”.