Да таго ж даследаванні, што праводзіліся ў Белавежскай пушчы цягам апошніх двух гадоў, дазволілі істотна “ўдакладніць” яе гісторыю. Сёння з упэўненасцю можна казаць: першыя людзі на тэрыторыі сучаснага Нацыянальнага парку з’явіліся ў эпоху фінальнага палеаліту прыкладна 12 тысяч гадоў таму і былі звязаны з культурай лінгбі. У асноўным яны займаліся паляваннем на паўночнага аленя.
Доўгі час Белавежская пушча заставалася своеасаблівай “белай плямай” на археалагічнай карце Беларусі, што было звязана найперш са статусам прыродаахоўнай зоны і адсутнасцю паўнавартаснай гаспадарчай дзейнасці. Тамму да юбілею ўстанаўлення запаведнага рэжыму ў Нацыянальным парку Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прапанаваў, распрацаваў і выконвае навуковы праект, звязаны з вывучэннем археалагічнай, гістарычнай і этнаграфічнай спадчыны старажытнага прыроднага аб’екта.
У створаны навуковы калектыў уваходзяць знаўцы розных перыядаў гісторыі. Сярод іх археолагі: Алена Калечыц займаецца вывучэннем каменнага веку, Вадзім Лакіза — познім неалітам і бронзавым векам, Вадзім Белявец — жалезным векам, Алег Іоў — курганнымі старажытнасцямі. Не абышлося і без дапамогі, так бы мовіць, звонку: да археалагічных раскопак былі прыцягнуты студэнты-гісторыкі БДУ і Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.Пушкіна. У даследаваннях спрыялі і мясцовыя жыхары, якія дзяліліся з археолагамі інфармацыяй аб ранней знойдзеных старажытных прадметах.
Як адзначыў загадчык аддзела археалогіі Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза, у 2007 годзе праца пачалася з разведак мясцовасці паміж вёскамі Вілы і Камянюкі. У выніку каля апошняй было знойдзена 12 археалагічных аб’ектаў, якія ў будучым могуць выкарыстоўвацца для прыцягнення турыстаў. Толькі за першы год даследавання было знойдзена некалькі тысяч артэфактаў, у выніку чаго быў распрацаваны рэестр помнікаў Белавежскай пушчы, што ўключае звыш 50 аб’ектаў. Зроблена і унікальная карта, на якой яны ўсе пазначаны. Дарэчы, кожны помнік нанесены на карту пры дапамозе спадарожнікавай сістэмы GPS, што, апрача іншага, кантралюе стан аб’екта.
Сярод найбольш значных адкрыццяў мінулага года Вадзім Леанідавіч адзначыў выяўленне паселішча позняга неаліту, непасрэдна звязанага са з’яўленнем на тэрыторыі Беларусі старажытных індаеўрапейцаў — насельніцтва культуры шнуравой керамікі. Цяпер можна прасачыць за этнічнымі працэсамі трэцяга тысячагоддзя да нашай эры: рэкі, што працякаюць праз Нацыянальны парк, у свой час сталіся воднымі шляхамі, па якіх адбывалася распаўсюджанне індаеўрапеізацыі. Надзвычай каштоўныя і знойдзеныя рэшткі вельбарскай культуры старажытных готаў, што пасяліліся на землях Белавежскай пушчы ў другім стагоддзі нашай эры. Так, непадалёк ад Віскулёў было знойдзена некалькі тагачасных фібул.
Выяўленае за два гады дазваляе зрабіць невялікі экскурс у гісторыю рэгіёна, пачынаючы з першапачатковага засялення ў эпоху фінальнага палеаліту, праз мезаліт, неаліт і бронзавы век да эпохі жалеза і Сярэднявечча — археалагічныя культуры лінгбі, свідэрская, валкушанская, кудлаеўская, прыпяцка-нёманская ранненеалітычныя, а затым і ўласна нёманская, кола культуры шнуравой керамікі, тшцінецкая (бронзавы век), лужыцкая (ранні перыяд жалезнага веку), пшэворская і вельбарская, лукірайкавецкая, пражская. А таксама дапамагае пазнаёміцца з аб’ектамі, звязанымі з язычніцкімі культамі, — капішчамі, камянямі-следавікамі, курганнымі пахаваннямі.
Аналізуючы знаходкі, археолагі прасочваюць дынаміку развіцця старажытнага грамадства. Толькі адны наканечнікі стрэлаў могуць шмат што расказаць. У прыватнасці, першапачаткова выкарыстоўваліся вялікія лістападобныя — стрэлы, так бы мовіць, шматразовага выкарыстання. У эпоху мезаліту з’яўляюцца меншыя, укладышавыя — разлічаныя на дробнага звера, а ў бронзавым веку з’яўляюцца трохвугольныя стрэлы, якія немагчыма выцягваць з раны.
На аснове знойдзеных прадметаў распрацавана мадэль будучага музея гісторыі Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”. Таксама спецыялістамі прапанавана стварыць на аснове рэканструкцый старажытных аб’ектаў першы ў краіне археалагічны музей-скансэн, дзе праз адноўленае гарадзішча паказаць працэс так званай “жывой археалогіі”, дзякуючычаму можна будзе на ўласныя вочы ўбачыць, як выплаўлялася жалеза, вырабляліся наканечнікі стрэл, сякеры, як у даўнія часы выпякаўся хлеб, гатавалася злоўленая рыба, а да таго ж— пабываць у мезалітычным шалашы, дзе б размяшчалася кавярня са старажытнымі стравамі.
Што ж да сёлетніх планаў па даследаванні унікальнага аб’екта, то, на думку Вадзіма Лакізы, вельмі важна грунтоўна вывучыць пасяленні позняга жалезнага веку і ранняга Cярэднявечча, бо цяпер існуе надзвычай мала надзейных крыніц для дакладнага вызначэння этнічнага складу насельніцтва Белавежскай пушчы ў Х— ХІІ стагоддзях. Магчыма, гэта былі дрыгавічы, разам з тым ёсць падставы меркаваць і пра наяўнасць валынянаў, да канца не высветлена пытанне з яцвягамі. Ёсць надзея знайсці і вялікія пахавальныя комплексы насельніцтва культуры шнуравой керамікі..
Канстанцін АНТАНОВІЧ
На здымках: каменная сякера;
студэнты БрДУ імя А.Пушкіна
пад час раскопак