Першыя этналастаўкі “запяюць” улетку

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

Улетку пяць устаноў культуры і адукацыі Беларусі папоўняцца маладымі спецыялістамі, якія валодаюць сродкамі пераймання аўтэнтычных форм фальклору. Першыя выпускнікі спецыялізацыі “Этнафоназнаўства” навучаць, як трэба правільна спяваць традыцыйныя песні, граць на народных інструментах, арганізоўваць святы ў працэсе кіравання фальклорнымі калектывамі. Гэтая спецыялізацыя з’явілася на факультэце традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў у 2004 годзе. А ў чэрвені 2008-га атрымала незвычайную адзнаку: дыплом за захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі ад Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO.

Патрэба ў выпускніках гэтай спецыялізацыі вельмі адчувальная: на іх накіроўваюць заяўкі не толькі ўстановы галіны культуры, профільнай ВНУ якой і з’яўляецца БДУКіМ, а і галіны адукацыі, хаця, да прыкладу, Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка мае адпаведны факультэт народнай культуры, які мог бы забяспечыць патрэбу ў прафесіяналах для школ і пазашкольных устаноў. Адным з ініцыятараў стварэння спецыялізацыі быў Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, загадчык кафедры этналогіі і фальклору факультэта. Сёння ён, а таксама Наталля МАТЫЛІЦКАЯ, кіраўнік аднаго з курсаў па гэтай спецыяльнасці, — госці “К”.


 
Нашыя выпускнікі вам патрэбныя!”
— “Этнафоназнаўства” — першая ластаўка ў этнамастацкай адукацыі Беларусі: такім чынам фальклор нідзе больш не выкладаецца, — запэўнівае Вячаслаў Віктаравіч. — На самым пачатку мы з калегамі стваралі канцэпцыю, адпаведную мадэлям адукацыйнага працэсу па роднасных спецыяльнасцях у іншых краінах. Цяпер маем сваю сістэму падрыхтоўкі.Спачатку студэнты ездзяць у этнаграфічныя экспедыцыі, даследуюць архіўны матэрыял, які ўжо запісалі спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, інтэрпрэтуюць яго. Дзяржаўны экзамен адбываецца ў форме правядзення традыцыйнага свята: студэнты арганізоўваюць яго са спевамі, музыкай, карагодамі, пішуць дыпломную работу па тым прадмеце, які даследуюць. Пад час навучання моладзь знаёміцца з аўтэнтычнымі спевамі, народнымі інструментамі, харэаграфіяй, методыкамі вывучэння, захавання і пераймання
 /i/content/pi/cult/200/2292/Etno1.jpg
матэрыяльна-культурнай спадчыны. Паколькі яны этнафоназнаўцы, то закранаюць, у асноўным, музычны і спеўны пласт, але ж гэта сінкрэтычная зява: тут паяднаны светапогляд, абраднасць, звычаі, пэўныя мадэлі паводзін, харэаграфія, касцюмыфактычна, цэлы пласт культуры.
— Адукацыя сапраўды шырокая і разнастайная, пэўна, выпускнікі будуць здольныя працаваць у самых розных установах галіны?

— Усе першыя выпускнікі маюць заяўкі на размеркаванне. Прычым на пяць цяперашніх студэнтаў — восем заявак. Яны патрабуюцца ў месцах, дзе існуюць фальклорныя калектывы дзіцячага або сталага ўзросту. Зараз адкрываюцца ўстановы культуры новага тыпу — Дамы фальклору, Цэнтры рамёстваў, і менавіта там этнафоназнаўцы і спатрэбяцца. Яны валодаюць тэхнічнымі сродкамі аўдыёвідэазапісу, таму і як фалькларысты-даследчыкі, і як тыя, хто можа пераймаць традыцыйную культуру, цалкам падрыхтаваныя. Выпускнікі могуць займацца даследаваннямі і набліжаюцца да таго, каб быць носьбітамі айчыннай культуры. Дзяржава падтрымлівае і развівае вёску, каб людзі былі зацікаўлены рассяляцца па ўсёй краіне, разумее яна і неабходнасць падтрымкі мясцовых традыцый. Усе сёлетнія выпуснікі паедуць у розныя рэгіёны краіны. Каб лепш падрыхтаваць іх да будучай працы, пад час навучання мы знаёмім студэнтаў з дзейнасцю ўстаноў культуры.

У некаторых работа пастаўлена добра, а іншыя яшчэ не зразумелі важнасці захавання “каранёвай” культуры. Бывае, там парушаюць галоўныя правілы выканання фальклору, не звяртаюць увагі на мясцовыя асаблівасці песень, музыкі, строяў, і традыцыі гінуць у той час, як са сцэны, што супярэчыць традыцыйнаму кантакту з аўдыторыяй, гучыць апрацаваная “падмена”. Кіраўнікі такіх устаноў культуры не заўжды разумеюць, што нашы выпускнікі ім патрэбныя, і не даюць заявак. А самі мы, вядома ж, не можам іх туды прызначыць.

— Аднак мэтавая падрыхтоўка па гэтай спецыялізацыі ажыццяўляецца ўсё ж найперш для забеспячэння ўстаноў культуры...

— Так, але фальклорныя гурты існуюць і ва ўстановах адукацыі: у цэнтрах пазашкольнага выхавання, школах з мастацкім ухілам. Яны таксама звяртаюцца да нас з просьбай накіраваць кваліфікаваных выпускнікоў, якія маглі б стаць кіраўнікамі калектываў. Калі няма заявак ад устаноў культуры, мы задавальняем тыя, якія найбольш блізкія да нашай спецыялізацыі ў школах і пазашкольных установах. Педуніверсітэт рыхтуе адпаведных спецыялістаў, але яго выкладчыкі самі адзначаюць, што ў межах нашай кафедры праблема этнафоназнаўства разглядаецца значна больш глыбока, таму і звяртаюцца да нас.


Свая школа
— Хто можа стаць вашым студэнтам? Ці патрэбна папярэдняя падрыхтоўка — музычная, фальклорная?

— Мы не ставім ніякіх абмежаванняў: бярэм і тых, у каго няма музычнай адукацыі, і выпускнікоў мастацкіх і музычных вучылішчаў. Галоўнае — каб чалавек хацеў вучыцца, меў цікавасць да традыцыйнай культуры. Вельмі шмат паступае да нас удзельнікаў рэспубліканскіх этнакультурных праектаў, некаторыя маюць дыпломы фестывалю “Берагіня”. Яны ведаюць, што такое фальклор, ведаюць, як з ім можна працаваць, — мы ж даём ім сродкі, тэарэтыка-метадалагічную базу, каб моладзь магла сябе рэалізаваць у якасці даследчыкаў, творцаў, выканаўцаў, каб магла ўпісаць сябе ў рэаліі нашых устаноў адукацыі і культуры, пазашкольнага навучання і выхавання. Але толькі фальклорам не абмяжоўваемся: існуе, напрыклад, такі курс, як “Неакадэмічная музыка XX — XXI стагоддзяў», які студэнты слухаюць з вялікім задавальненнем. Таксама ім распавядаюць гісторыю мастацтваў: кіно, тэатра, жывапісу. Таму выходзяць ад нас сучасныя адукаваныя людзі. Але для іх традыцыйная музыка не з’яўляецца нечым незразумелым і экзатычным.

— У якіх мерапрыемствах удзельнічаюць студэнты і выпускнікі спецыялізацыі?

— Зараз іншыя адносіны да фальклору — ён загучаў з філарманічнай сцэны. Летась адбыўся фестываль “Таўкачыкі”, куды быў запрошаны фальклорна-этнаграфічны гурт з Любані. І, ведаеце, ён абсалютна арганічна глядзеўся на сцэне Белдзяржфілармоніі! Некалькі разоў студэнты ездзілі на фестываль “Берагіня”, выступалі як арганізатары мерапрыемстваў па этнакультурным выхаванні ва універсітэце — так званых Рэспубліканскіх фальклорных школ. Мы запрашаем да сябе ўдзельнікаў дзіцячых і дарослых калектываў з розных рэгіёнаў. Яны дзеляцца сваім вопытам, выступаюць, і гэта вельмі добрая навука для будучых этнафоназнаўцаў. Таксама БДУКіМ штогод праводзіць навуковую канферэнцыю “Аўтэнтычны фальклор: праблемы вывучэння, захавання і пераймання”. Тут праходзяць чытанні, майстар-класы тых, хто займаецца даследаваннямі і аднаўленнем каранёвай культуры.


Комплексна — але паасобку
— За 5 гадоў спецыялізацыі, мусіць, назапасіліся пэўныя меркаванні, а мо і планы адносна таго, як зрабіць навучанне яшчэ лепшым?

— Вельмі хацелася б, каб нашы студэнты не адчувалі сваю адзіноту. Ёсць патрэба адкрыць іншыя спецыялізацыі, якія змогуць утварыць цэлы комплекс. Гэтак сфарміруецца паўнацэнная вышэйшая этнамастацкая адукацыя. Калі мы рыхтуем нейкі абрад, то нам патрэбна дакладнае веданне харэаграфіі і, адпаведна, дапамога спецыялістаў у названай галіне. Тое ж тычыцца і касцюмаў, якія самім стварыць надзвычай складана. Таму і кажу пра неабходнасць падрыхтоўкі па ўсіх галінах традыцыйнай культуры: этнакасцюмалогія, этнахарэаграфія, этнапедагогіка, якая была заяўлена, але фактычна не існавала, магчыма нават — арт-тэрапія сродкамі традыцыйнай культуры.

Усё— заснаванае на аўтэнтычных прынцыпах, а не на створаных пазней. І гэта важна не толькі для нашых студэнтаў, а ўвогуле для ўсёй галіны: вельмі неабходны вузкія спецыялісты, якія валодаюць аўтэнтычнай стылістыкай. Мы імкнёмся даваць нейкія асновы, але гэта цэлы пласт культуры, які непрафесіяналам вельмі складана падняць. Нашыя ж студэнты найперш займаюцца вакалам, для гэтага мы і падбіралі прафесійных выкладчыкаў.


 /i/content/pi/cult/200/2292/Etno2.jpg
Да размовы далучаецца Наталя Матыліцкая, якая выкладае на трэцім курсе спецыялізацыі “Этнафоназнаўства”:

— Што да працэсу навучання, то ён арганізаваны дастаткова незвычайна: кожны курс атрымліваецца аўтарскім: адзін педагог вядзе яго ад пачатку да канца. Тут важная роля асобы, якая звычайна недаацэньваецца. Першы набор называецца “Этнасуполка”, кіраўніком яго з’яўляецца Таццяна Пладунова — былы хормайстар вядомага фольк-калектыву “Госціца” Белтэлерадыёкампаніі: яна скончыла аспірантуру, напісала работу па этнафанічных спеўных практыках. Наступным (цяпер гэта чацвёрты курс, называецца “Кроса”) кіруе Ларыса Рыжкова — шматгадовы кіраўнік тэлевізійнай “Калыханкі”. Трэці курс, “Любошчы”, вяду я. Другі, “Раме”, рыхтуе Вячаслаў Калацэй, а першы яшчэ не мае назвы, хаця яго студэнты пад кіраўніцтвам выкладчыка Наталлі Петуховай ужо запісалі дыск калядных песень.


Алена САБАЛЕЎСКАЯ