Ці салодкі Эзопаў вінаград?

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

Жыццё, у тым ліку і творчае, не перапыняецца нават у самых экстрэмальных умовах. Гэта на мінулым тыдні пацвердзіў Рэспубліканскі тэатр юнага гледача. Нягледзячы на тое, што будынак ТЮГа знаходзіцца ў стане рэканструкцыі і мадэрнізацыі, тэатр прадставіў сваім адданым гледачам чарговую прэм’еру: на сцэне Палаца прафсаюзаў паўстаў спектакль “Ліса і вінаград” па п’есе бразільскага драматурга Гільерме Фігейрэду.

 /i/content/pi/cult/200/2291/Ezopau1.jpg
Для тых, хто знаёмы з гісторыяй беларускага тэатра, гэтая назва не навіна — у 1957 годзе на сцэне Купалаўскага тэатра “Ліса і вінаград” з’явілася ў пастаноўцы Барыса Эрына з Барысам Платонавым у галоўнай ролі. Бліскучая пастаноўка, яна ўвайшла ў галерэю класічных, хрэстаматыйных сцэнічных работ, але з таго часу на сталічнай сцэне больш не з’яўлялася. Чакала свайго новага Эзопа?..

Праз паўстагоддзя яго наважыўся сыграць заслужаны артыст Беларусі Леанід Улашчанка. Зрэшты, для тэатральнай публікі своеасаблівую інтрыгу складала не толькі з’яўленне гэтага твора ў рэпертуары ТЮГа, а Улашчанкі ў ролі Эзопа, але і тое, што да пастаноўкі спектакля быў запрошаны рэжысёр Генадзь Мушперт. Не часты госць на сцэнах сталічных тэатраў, ён, аднак, мае славу рэжысёра, які аднолькава ўдумліва, глыбока і паважліва ставіцца як да аўтарскага тэксту, акцёраў, так і да гледачоў. І спектаклі яго на першы погляд не вылучаюцца знешняй яркасцю, стракатасцю і кідкасцю выяўленчага рашэння, але ўяўляюць сабою моцна закручаны энергетычны згустак тэатральных метафар-разважанняў, што апелююць не да эстэтычнага задавальнення рэкрэацыйных глядацкіх патрэб, а праз эмоцыі звяртаюцца ў першую чаргу да “мысліцельнага апарату” людзей у зале.

Вопытны тэатральны практык, Мушперт разам з мастаком Аленай Ігрушай, у адрозненне ад колішніх масіўных купалаўскіх калон і порцікаў, прапанаваў даволі лаканічную і, як вынік, мабільную сцэнічную прастору, дзе героі спектакля падаюцца своеасаблівымі фігурамі са старажытнагрэчаскіх ваз. І гэтае адчуванне, асабліва моцнае ў першай дзеі, падкрэсліваецца статуарнасцю мізансцэн, знарочыстай “эпічнасцю” завязкі драматычнага канфлікту. Здаецца, і ўзаемаадносіны паміж гаспадарамі і іх рабом Эзопам разгортваюцца ў апавядальна-нетаропкай манеры. Для таго, каб мы, гледачы, заглыбіліся ў
 /i/content/pi/cult/200/2291/Ezopau2.jpg
медытатыўную няспешнасць і знешнюю стабільнасць прапанаванага нам тэатральнага “свету” і як найясней уцямілі расстаноўку “сіл”.

Адным з ключавых пытанняў, над якімі разважае ў спектаклі рэжысёр, з’яўляецца асэнсаванне свабоды.

Так, ніхто з герояў спектакля не свабодны: ні Ксанф (Аляксей Палазкоў), якога“жывяць” публічныя захапленні ягоным красамоўствам і эфектнасцю на плошчы, ні Клея (Наталля Гарбаценка), што выбрала “ўдалую партыю”, але на паверку сама ператварылася ў рэч з гардэроба свайго мужа-гаспадара, ні яе служанка (Ганна Казлова) — яна згодна быць рабыняй і нават здзяйсняць амаральныя ўчынкі дзеля таго, каб заставацца побач з каханым чалавекам…

Усе яны сталі рабамі ўласных слабасцей. Здавалася б, вось яно, вызваленне з гэтага маральнага рабства — магчымасць адмовіцца ад падпарадкавання пэўным умоўнасцям і стаць не такім, як усе! Але ж не: для Эзопа ў выкананні Леаніда Улашчанкі свабода гэтая асацыіруецца менавіта з магчымасцю быць такім, як іншыя. Па іроніі — стаць на адну прыступку з тымі, каго ён высмейваў у сваіх байках, паказваючы слабыя бакі “слабых” людзей.

Аднак філасофскі тэзіс пра тое, што нельга жыць у грамадстве і быць вольным ад яго, у спектаклі не выглядае лабавым маралізатарствам. Хутчэй — напамінам-перасцярогай: чым вышэй ты ўзнімаеш сябе над астатнімі, тым больш балючым будзе падзенне. Пры гэтым рэжысёр старанна пазбаўляе сцэнічную дзею сентыментальнай лірыкі і не дазваляе герою Улашчанкі “апусціцца” да, здавалася б, натуральнага ў дадзенай гісторыі меладраматычнага ходу, што дадаў бы пэўнай яркасці і эмацыянальнасці спектаклю, — закаханасці раба Эзопа ў сваю свабодную гаспадыню Клею. Не прэтэндуе ён і на прадстаўленне Эзопа як непрызнанага “прарока ў сваёй айчыне”. Бліскучая сцэна ў пачатку другой дзеі, калі Ксанф Палазкова і Клея Гарбаценкі, балансуючы на мяжы сентыментальнасці і фарсу, узгадваюць свайго былога раба і “сябра”, сцэна, якая, здаецца, вось-вось выведзе гледачоў на пранізлівае і шчымлівае адчуванне беззваротнай страты вялікай Асобы, завяршаецца раптоўным вяртаннем Эзопа, а разам з ім і былых цынічна-гаспадарскіх нот у інтанацыях абодвух персанажаў. Зрэшты, не імкнецца рэжысёр і да рамантызацыі і гераізацыі свабодалюбівых памкненняў самога Эзопа — герой прагне свабоды для таго, каб, стаўшы гаспадаром самога сябе, пабачыць цуды свету і… пасмяяцца над імі.

“Выпі мора!” — штораз горка і з’едліва звяртаецца ён да Ксанфа, але ж аказваецца, што і сам не ў стане гэтага зрабіць. Ператвараючыся ў фінале спектакля і ў лісіцу, якая не можа пакаштаваць вінаград і кажа, што той зялёны, і, адначасова, у сам вінаград, што “зелянее ад злосці”. Здаецца, адзінае, пра што ў фінале спектакля з упэўненасцю можа сказаць нам герой Леаніда Улашчанкі, — тое, што кожны чалавек мае права мець жаданні, далей жа — “па веры тваёй”…

Таццяна КОМАНАВА
На здымках: сцэны са спектакля “Ліса і вінагарад”.
Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА