Радзівілаўскі акцэнт музеефікацыі

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне Рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях музейнай справы, на парадак дня якога было вынесена ўдакладненне некаторых аспектаў праекта музеефікацыі Нясвіжскага замка. Звязаны яны, у прыватнасці, з напаўненнем мастацкай калекцыі для найбольш дакладнага ўзнаўлення інтэр’ераў архітэктурнага помніка, чыё шыкоўнае аздабленне ўжо ў наступным годзе змогуць ацаніць айчынныя і замежныя аматары даўніны.

Сустрэча з удзелам дырэктараў вядучых айчынных музеяў стала ўжо трэцім абмеркаваннем зместу канцэпцыі музеефікацыі замка Радзівілаў Рэспубліканскім навукова-метадычным саветам, у які, сярод іншых, уваходзяць загадчык аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага архіва РБ Віталь Скалабан, мастацтвазнаўца, дырэктар Музея старабеларускай культуры Барыс Лазука, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO Уладзімір Шчасны, кіраўнік рэстаўрацыйных работ у Нясвіжы Сяргей Друшчыц ды шэраг іншых спецыялістаў. Трэба нагадаць, што першае пасяджэнне, прысвечанае абмеркаванню агульных палажэнняў канцэпцыі, адбылося ў красавіку 2007 года, а праз год ужо абмяркоўвалася праектная дакументацыя па першым пускавым комплексе, адкрытым у верасні 2008-га, — дзвюх экспазіцыях, што адлюстроўваюць асноўныя вехі дзейнасці Радзівілаўскага архіва і бібліятэкі, а таксама гісторыі замка. 

Ніякіх “дыснейлэндаў”!

“Музей не ствараецца — ён вырошчваецца”, — мяркуе аўтар канцэпцыі музеефікацыі Нясвіжскага замка Ала Сташкевіч. Яна пераканана, што на падставе фактаў, крыніц, якія захаваліся цягам стагоддзяў, нашы сучаснікі могуць распрацаваць мадэль музея.

 /i/content/pi/cult/200/2288/Socium1.jpg
Сёння, па словах спецыяліста, поўнае ўзнаўленне замка ў тым выглядзе, у якім ён існаваў пры Радзівілах, немагчымае. І не толькі таму, што бракуе артэфактаў той пары: пры магнатах палац быў іх домам, а цяпер — гэта музей, які мае іншыя задачы, у тым ліку — культурна-адукацыйныя, рэпрэзентацыйныя. Тым не менш, нельга з замка рабіць і забаўляльны цэнтр кшталту «Дыснейлэнда». Спецыялісты найперш намагаюцца перадаць тую атмасферу, што панавала ў гэтым будынку ў пэўны час яго гістарычнага развіцця.

Пры стварэнні канцэпцыі музеефікацыі замка, па словах Алы Сташкевіч, улічвалася роля Радзівілаў у развіцці агульнаеўрапейскай культуры. Напрыклад, надзвычай каштоўныя прадметы мастацтва яны прывозілі з замежных майстэрняў і вядомых школ Італіі, Францыі, Іспаніі. Улічвалася і значнасць асобных прадстаўнікоў роду ў Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. Да таго ж, Радзівілы парадніліся са славутымі родамі, у тым ліку і каралеўскімі, многіх краін Еўропы.

“Мы прыйшлі да такой высновы, — кажа Ала Сташкевіч, — асноўная місія замка сёння — захоўваць, інтэрпрэтаваць і прапагандаваць гісторыка-культурную спадчыну Нясвіжа як цэнтра культуры Сярэднявечча”. Падаецца, менавіта з лакалізацыі задач і вынікае неабходнасць якасна паказаць як сам горад, так і палац, род Радзівілаў у агульнаеўрапейскім кантэксце. Зыходзячы з гэтага выбудоўваюцца мэты музеефікацыі і паўстае шэраг пытанняў, звязаных з ёй.

Канешне, можна і XVII-е...

За час функцыянавання ў старадаўнім будынку санаторыя многія залы былі перароблены ў душавыя, гразелячэбныя пакоі, кінатэатр, краму... Але штосьці з радзівілаўскіх часоў усё ж захавалася. Зыходзячы з гэтых рэалій, па меркаванні аўтара канцэпцыі музеефікацыі, частку залаў палаца неабходна аднавіць у якасці інтэр’ераў. Паводле праекта, такіх залаў вылучана 13. Тут захаваўся статычны інтэр’ер: лепка, каміны, падлога, канфігурацыя сцен.

Першапачаткова стаяла пытанне: на які, так бы мовіць, перыяд арыентавацца, каб праводзіць рэстаўрацыю. Канешне, ідэальна было б узнаўляць інтэр’еры згодна з іх выглядам у гады росквіту замка канца XVII— XVIII стагоддзяў — часоў панавання Міхаіла Казіміра Рыбанькі і Караля Станіслава Пане Каханку, дамінавання стыляў барока ды ракако. Але нават пры тым, што ёсць падрабязныя апісанні і інвентары, сёння такую рэстаўрацыю правесці вельмі складана. Як адзначыла Ала Сташкевіч, той перыяд, які
 /i/content/pi/cult/200/2288/Socium2.jpg
можна рэальна адлюстраваць у музеефікаваных інтэр’ерах, — гэта ХІХ — пачатак ХХ стагоддзяў. Гэтаму паспрыяюць захаваная выдатная іканаграфія будынка, статычны інтэр’ер, ды і рэчы эпохі Класіцызму, неастыляў сёння яшчэ можна купіць на аўкцыёнах, у антыквараў або знайсці іх аналагі. Часткова па існуючых рарытэтах, у прыватнасці — еўрапейскіх, можна зрабіць якасныя копіі.

Тым не менш, было б памылкай не прадэманстраваць інтэр’ер замка і перыяду ракако. Гаворка найперш пра залатую залу, якая ўвайшла ў многія апісанні замка як найбольш багата дэкараваная і рэпрэзентацыйная. Архітэктары мяркуюць поўнасцю ўзнавіць статычны інтэр’ер памяшкання, але функцыянальнае прызначэнне яго будзе не толькі музейным: гэта — зала для прыёмаў, канцэртаў і іншых мерапрыемстваў падобнага кшталту. Плануецца аздабленне ўнутранага інтэр’ера ў стылі ракако са спецыяльна вырабленай мэбляй для афіцыйных сустрэч. Упісацца ў прастору памяшкання таксама магла б і копія габелена з выявай Міхаіла Казіміра Рыбанькі, якая сёння знаходзіцца ў Музеі Чартарыйскіх ў Кракаве.

У стылі неарэнесансу мяркуюць аднавіць камінную залу. Для гэтага неабходна закупіць адпаведныя ўзоры антыкварнай мэблі, сфармаваць партрэтны рад, некаторыя з палотнаў якога ўжо ідэнтыфікавалі (частка з іх захоўваецца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея і Нацыянальнага музея гісторыі і культуры). З цягам часу яны могуць хаця б часова — на дэпазіт — вярнуцца ў замак. Сцены гэтай залы некалі ўпрыгожвалі дубовыя панелі і “курдыбан” — пакрытая сусальным золатам і распісаная фарбамі цяснёная скура. Як кажуць спецыялісты, гэта таксама рэальна ўзнавіць.

Тэатральнуюзалу, што будзе адносіцца да канца ХVIII стагоддзя, таксама мяркуецца выкарыстоўваць пасля завяршэння работ у сваім прамым прызначэнні — для правядзення тэатральных сустрэч і пастановак, але з элементамі класічнай музеефікацыі: яна адлюструе ўклад Радзівілаў у развіццё сцэнічнага мастацтва Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Рэстытуцыя праз 3D

Музеефікацыя замка прадугледжвае і стварэнне тэматычных экспазіцый, якія распавядуць пра яго гісторыю і род Радзівілаў як палітычных, ваенных, рэлігійных дзеячаў, іх уклад у развіццё культуры на беларускіх землях. У тым ліку павінны быць прадстаўлены асноўныя дакументы, прывілеі на наданне тытулаў, магчыма і дэманстрацыя сапраўдных рарытэтаў — падораных у наш час музею-запаведніку Мацеем Радзівілам арыгінальных гравюр. З цягам часу мяркуецца аднавіць і знакамітую партрэтную галерэю.

 /i/content/pi/cult/200/2288/Socium3.jpg
Надзвычай важным будзе і праект паказу страчаных для Беларусі прадметаў з Радзівілаўскай калекцыі, што сёння захоўваюцца ў музеях свету. Для гэтага рыхтуецца вялікая выстаўка «Невымерныя страты», дзе на падставе сучасных тэхналогій наведвальнікі змогуць даведацца пра сучаснае месцазнаходжанне калекцый слуцкіх паясоў, узбраення, жывапісу, мэблі з замка.

Да ўсяго, гэта — непрамая рэстытуцыя. Большасць навукоўцаў перакананы, што няхай і віртуальна, але ўсё ж неабходна паказаць, якім гісторыка-культурным багаццем валодалі Радзівілы.

Магчыма, там будуць прадстаўлены лічбавыя копіі, галаграмы, трохмерныя выявы. Аднак нельга не пагадзіцца і з пазіцыяй Алы Сташкевіч, якая зазначае, што такую выстаўку не зрабіць без грунтоўнага вывучэння артэфактаў з Радзівілаўскай скарбніцы.

Па яе словах, гэта будзе завяршальнай стадыяй працэсу музеефікацыі, што зможа ажыццявіцца прыкладна праз 2 — 3 гады. Дарэчы, гэты праект дазволіць у будучым прывезці на выстаўкі ў замак арыгіналы.

Шафа, гарнітур і сайт

Нельга абмінуць увагай і праграму «Радзівіліяны», што зараз знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі. У праекце пад эгідай UNESСO па адлічбоўванні найбольш значных пісьмовых крыніц са спадчыны Радзівілаў, у тым ліку архіўных і бібліятэчных збораў, аб’ядналіся спецыялісты з Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы. Па выніках «Радзівіліяны» плануецца стварыць базу дадзеных, што будзе знаходзіцца ў інфармацыйна-аналітычным цэнтры Нясвіжскага замка.

Па словах намесніка дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Галіны Кандрацьевай, ужо распрацавана і ажыццяўляецца праграма набыцця антыкварных прадметаў для 24 экспазіцыйных залаў, агульная плошча якіх складае больш за тры тысячы квадратных метраў. Варта адзначыць, пошукі аўтэнтычных радзівілаўскіх прадметаў даюць плён: так, у Нацыянальным
 /i/content/pi/cult/200/2288/Socium4.jpg
акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы апынуліся два шыкоўныя люстэркі, якія ў хуткім часе вернуцца ў замак. Там жа захаваліся і дзве парцалянавыя вазы, што ўжо “пераехалі” ў Нясвіж. Летась закупілі і салонны гарнітур канца ХІХ стагоддзя, кніжную шафу і некаторыя іншыя каштоўныя прадметы.

Як адзначыла Галіна Міхайлаўна, пасля апошняга наведвання замка Прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Сяргеем Сідорскім у пратаколе даручэнняў з’явіўся пункт аб тым, што з наступнага года на музеефікацыю аб’екта нават ва ўмовах няпростага эканамічнага становішча будуць выдзяляцца мэтавыя сродкі.

Што да штату супрацоўнікаў музея-запаведніка, то з кожным годам ён будзе павялічвацца. Напрыклад, пасля адкрыцця першага пускавога комплексу быў створаны сектар «Палацавы ансамбль». У перспектыве будуць адкрывацца аддзелы па рэкламе і інфармацыйнай падтрымцы праекта. З цягам часу адкрыецца і экспазіцыйна-выставачны аддзел, а ўжо сёлета плануецца зрабіць сайт Нясвіжскага замка.

Па меркаванні Алы Сташкевіч, музеефікацыя Нясвіжскага замка — гэта справа не толькі калектыву гісторыка-культурнага музея-запаведніка, але і каардынаванне высілкаў многіх даследчыкаў, мастацтвазнаўцаў, гісторыкаў, музейшчыкаў для плённай працы на гэтым аб’екце нацыянальнага значэння, вынікі якой, у адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зможам убачыць ужо ў маі 2010 года.

Кастусь АНТАНОВІЧ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА