Ніякіх “дыснейлэндаў”!
“Музей не ствараецца — ён вырошчваецца”, — мяркуе аўтар канцэпцыі музеефікацыі Нясвіжскага замка Ала Сташкевіч. Яна пераканана, што на падставе фактаў, крыніц, якія захаваліся цягам стагоддзяў, нашы сучаснікі могуць распрацаваць мадэль музея.
Сёння, па словах спецыяліста, поўнае ўзнаўленне замка ў тым выглядзе, у якім ён існаваў пры Радзівілах, немагчымае. І не толькі таму, што бракуе артэфактаў той пары: пры магнатах палац быў іх домам, а цяпер — гэта музей, які мае іншыя задачы, у тым ліку — культурна-адукацыйныя, рэпрэзентацыйныя. Тым не менш, нельга з замка рабіць і забаўляльны цэнтр кшталту «Дыснейлэнда». Спецыялісты найперш намагаюцца перадаць тую атмасферу, што панавала ў гэтым будынку ў пэўны час яго гістарычнага развіцця.
Пры стварэнні канцэпцыі музеефікацыі замка, па словах Алы Сташкевіч, улічвалася роля Радзівілаў у развіцці агульнаеўрапейскай культуры. Напрыклад, надзвычай каштоўныя прадметы мастацтва яны прывозілі з замежных майстэрняў і вядомых школ Італіі, Францыі, Іспаніі. Улічвалася і значнасць асобных прадстаўнікоў роду ў Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. Да таго ж, Радзівілы парадніліся са славутымі родамі, у тым ліку і каралеўскімі, многіх краін Еўропы.
“Мы прыйшлі да такой высновы, — кажа Ала Сташкевіч, — асноўная місія замка сёння — захоўваць, інтэрпрэтаваць і прапагандаваць гісторыка-культурную спадчыну Нясвіжа як цэнтра культуры Сярэднявечча”. Падаецца, менавіта з лакалізацыі задач і вынікае неабходнасць якасна паказаць як сам горад, так і палац, род Радзівілаў у агульнаеўрапейскім кантэксце. Зыходзячы з гэтага выбудоўваюцца мэты музеефікацыі і паўстае шэраг пытанняў, звязаных з ёй.
Канешне, можна і XVII-е...За час функцыянавання ў старадаўнім будынку санаторыя многія залы былі перароблены ў душавыя, гразелячэбныя пакоі, кінатэатр, краму... Але штосьці з радзівілаўскіх часоў усё ж захавалася. Зыходзячы з гэтых рэалій, па меркаванні аўтара канцэпцыі музеефікацыі, частку залаў палаца неабходна аднавіць у якасці інтэр’ераў. Паводле праекта, такіх залаў вылучана 13. Тут захаваўся статычны інтэр’ер: лепка, каміны, падлога, канфігурацыя сцен.
Першапачаткова стаяла пытанне: на які, так бы мовіць, перыяд арыентавацца, каб праводзіць рэстаўрацыю. Канешне, ідэальна было б узнаўляць інтэр’еры згодна з іх выглядам у гады росквіту замка канца XVII— XVIII стагоддзяў — часоў панавання Міхаіла Казіміра Рыбанькі і Караля Станіслава Пане Каханку, дамінавання стыляў барока ды ракако. Але нават пры тым, што ёсць падрабязныя апісанні і інвентары, сёння такую рэстаўрацыю правесці вельмі складана. Як адзначыла Ала Сташкевіч, той перыяд, які
можна рэальна адлюстраваць у музеефікаваных інтэр’ерах, — гэта ХІХ — пачатак ХХ стагоддзяў. Гэтаму паспрыяюць захаваная выдатная іканаграфія будынка, статычны інтэр’ер, ды і рэчы эпохі Класіцызму, неастыляў сёння яшчэ можна купіць на аўкцыёнах, у антыквараў або знайсці іх аналагі. Часткова па існуючых рарытэтах, у прыватнасці — еўрапейскіх, можна зрабіць якасныя копіі.
Тым не менш, было б памылкай не прадэманстраваць інтэр’ер замка і перыяду ракако. Гаворка найперш пра залатую залу, якая ўвайшла ў многія апісанні замка як найбольш багата дэкараваная і рэпрэзентацыйная. Архітэктары мяркуюць поўнасцю ўзнавіць статычны інтэр’ер памяшкання, але функцыянальнае прызначэнне яго будзе не толькі музейным: гэта — зала для прыёмаў, канцэртаў і іншых мерапрыемстваў падобнага кшталту. Плануецца аздабленне ўнутранага інтэр’ера ў стылі ракако са спецыяльна вырабленай мэбляй для афіцыйных сустрэч. Упісацца ў прастору памяшкання таксама магла б і копія габелена з выявай Міхаіла Казіміра Рыбанькі, якая сёння знаходзіцца ў Музеі Чартарыйскіх ў Кракаве.
У стылі неарэнесансу мяркуюць аднавіць камінную залу. Для гэтага неабходна закупіць адпаведныя ўзоры антыкварнай мэблі, сфармаваць партрэтны рад, некаторыя з палотнаў якога ўжо ідэнтыфікавалі (частка з іх захоўваецца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея і Нацыянальнага музея гісторыі і культуры). З цягам часу яны могуць хаця б часова — на дэпазіт — вярнуцца ў замак. Сцены гэтай залы некалі ўпрыгожвалі дубовыя панелі і “курдыбан” — пакрытая сусальным золатам і распісаная фарбамі цяснёная скура. Як кажуць спецыялісты, гэта таксама рэальна ўзнавіць.
Тэатральнуюзалу, што будзе адносіцца да канца ХVIII стагоддзя, таксама мяркуецца выкарыстоўваць пасля завяршэння работ у сваім прамым прызначэнні — для правядзення тэатральных сустрэч і пастановак, але з элементамі класічнай музеефікацыі: яна адлюструе ўклад Радзівілаў у развіццё сцэнічнага мастацтва Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Рэстытуцыя праз 3DМузеефікацыя замка прадугледжвае і стварэнне тэматычных экспазіцый, якія распавядуць пра яго гісторыю і род Радзівілаў як палітычных, ваенных, рэлігійных дзеячаў, іх уклад у развіццё культуры на беларускіх землях. У тым ліку павінны быць прадстаўлены асноўныя дакументы, прывілеі на наданне тытулаў, магчыма і дэманстрацыя сапраўдных рарытэтаў — падораных у наш час музею-запаведніку Мацеем Радзівілам арыгінальных гравюр. З цягам часу мяркуецца аднавіць і знакамітую партрэтную галерэю.
Надзвычай важным будзе і праект паказу страчаных для Беларусі прадметаў з Радзівілаўскай калекцыі, што сёння захоўваюцца ў музеях свету. Для гэтага рыхтуецца вялікая выстаўка «Невымерныя страты», дзе на падставе сучасных тэхналогій наведвальнікі змогуць даведацца пра сучаснае месцазнаходжанне калекцый слуцкіх паясоў, узбраення, жывапісу, мэблі з замка.
Да ўсяго, гэта — непрамая рэстытуцыя. Большасць навукоўцаў перакананы, што няхай і віртуальна, але ўсё ж неабходна паказаць, якім гісторыка-культурным багаццем валодалі Радзівілы.
Магчыма, там будуць прадстаўлены лічбавыя копіі, галаграмы, трохмерныя выявы. Аднак нельга не пагадзіцца і з пазіцыяй Алы Сташкевіч, якая зазначае, што такую выстаўку не зрабіць без грунтоўнага вывучэння артэфактаў з Радзівілаўскай скарбніцы.
Па яе словах, гэта будзе завяршальнай стадыяй працэсу музеефікацыі, што зможа ажыццявіцца прыкладна праз 2 — 3 гады. Дарэчы, гэты праект дазволіць у будучым прывезці на выстаўкі ў замак арыгіналы.
Шафа, гарнітур і сайтНельга абмінуць увагай і праграму «Радзівіліяны», што зараз знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі. У праекце пад эгідай UNESСO па адлічбоўванні найбольш значных пісьмовых крыніц са спадчыны Радзівілаў, у тым ліку архіўных і бібліятэчных збораў, аб’ядналіся спецыялісты з Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы. Па выніках «Радзівіліяны» плануецца стварыць базу дадзеных, што будзе знаходзіцца ў інфармацыйна-аналітычным цэнтры Нясвіжскага замка.
Па словах намесніка дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Галіны Кандрацьевай, ужо распрацавана і ажыццяўляецца праграма набыцця антыкварных прадметаў для 24 экспазіцыйных залаў, агульная плошча якіх складае больш за тры тысячы квадратных метраў. Варта адзначыць, пошукі аўтэнтычных радзівілаўскіх прадметаў даюць плён: так, у Нацыянальным
акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы апынуліся два шыкоўныя люстэркі, якія ў хуткім часе вернуцца ў замак. Там жа захаваліся і дзве парцалянавыя вазы, што ўжо “пераехалі” ў Нясвіж. Летась закупілі і салонны гарнітур канца ХІХ стагоддзя, кніжную шафу і некаторыя іншыя каштоўныя прадметы.
Як адзначыла Галіна Міхайлаўна, пасля апошняга наведвання замка Прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Сяргеем Сідорскім у пратаколе даручэнняў з’явіўся пункт аб тым, што з наступнага года на музеефікацыю аб’екта нават ва ўмовах няпростага эканамічнага становішча будуць выдзяляцца мэтавыя сродкі.
Што да штату супрацоўнікаў музея-запаведніка, то з кожным годам ён будзе павялічвацца. Напрыклад, пасля адкрыцця першага пускавога комплексу быў створаны сектар «Палацавы ансамбль». У перспектыве будуць адкрывацца аддзелы па рэкламе і інфармацыйнай падтрымцы праекта. З цягам часу адкрыецца і экспазіцыйна-выставачны аддзел, а ўжо сёлета плануецца зрабіць сайт Нясвіжскага замка.
Па меркаванні Алы Сташкевіч, музеефікацыя Нясвіжскага замка — гэта справа не толькі калектыву гісторыка-культурнага музея-запаведніка, але і каардынаванне высілкаў многіх даследчыкаў, мастацтвазнаўцаў, гісторыкаў, музейшчыкаў для плённай працы на гэтым аб’екце нацыянальнага значэння, вынікі якой, у адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зможам убачыць ужо ў маі 2010 года.
Кастусь АНТАНОВІЧ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА