Цымбальнае сугучча плюс…

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

У тым, што беларускія цымбалы патрабуюць далейшага ўдасканальвання, сёння ўжо ніхто не сумняваецца. І пакуль майстры ўсё яшчэ шукаюць новыя тэхналогіі вырабу гэтага музычнага інструмента, выканаўцы і кампазітары знаходзяць у ім новыя магчымасці для выразнасці. Адна з іх — у спалучэнні цымбальнага тэмбру з іншымі.

 /i/content/pi/cult/200/2287/Cymbaly1.jpg
Невыпадкова адзін з нядаўніх філарманічных канцэртаў лаўрэата міжнародных конкурсаў трыо “Кансананс”, у складзе якога цымбалісткі Таццяна Шумакова, Наталля Аруцюнава і піяніст Валерый Баравікоў, называўся “У свеце гукаў і фарбаў”. Трыо “Кансананс” упершыню выступіла разам з Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі на чале з Пятром Вандзілоўскім і ў атачэнні выстаўкі карцін Вольгі Піскун-Бычко і Сафіі Піскун.

Зварот да работ гэтых мастачак быў невыпадковым. Іх бацька — Юрый Аляксандравіч Піскун — вядомы як аўтар сцэнічных строяў для Дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”. Таму ў суквецці музаў, з’яднаных канцэртам, нябачна прысутнічала і... харэаграфія: дарэчы, ці не падобныя да эльфаў-танцораў цымбальныя палачкі?

Завадатарам гэтага незвычайнага праекта выступіла Таццяна Шумакова. Лаўрэат колішняга Усесаюзнага агляду-конкурсу творчай моладзі ў Маскве, яна ўжо амаль 30 гадоў працуе салісткай нашай сталічнай філармоніі, уганаравана дыпломам “Майстар свету” ў Сеуле — і штораз здзіўляе не толькі віртуознасцю, але і ўсё новымі творчымі “разыначкамі”.

Сімвалічна, што трыо называецца “Кансананс”: у перакладзе з французскай — “зладжанае гучанне”, “сугучча”. Музыканты падкрэсліваюць (і на словах, і выкананнем, у тым ліку на замежных гастролях), што іх ансамбль — гэта не цымбальны дуэт у суправаджэнні фартэпіяна, а раўнапраўнае партнёрства трох творчых асоб, якія пры ўсёй “сінхроннасці” гэткіх “камандных” выступленняў не страчваюць сваёй індывідуальнасці.

Валерый Баравікоў, які, акрамя ўдзелу ў “Кансанансе”, з’яўляецца яшчэ і адным з заснавальнікаў ды пастаянных удзельнікаў фартэпіяннага дуэта Беларускай дзяржаўнай філармоніі, — не толькі піяніст, але і цудоўны аранжыроўшчык, адзначаны І прэміяй на Міжнародным конкурсе кампазітараў і аранжыроўшчыкаўу Японіі. Дый кожная з цымбалістак (дарэчы, абедзве яны — колішнія выхаванкі прафесара Таццяны Сергяенка) уключыла ў праграму не толькі асобныя сольныя п’есы з аркестрам, але і буйную канцэптуальную беларускую партытуру.

Таццяна Шумакова чарговы раз даказала, што на сёння яна, безумоўна, лепшая выканаўца Канцэрта №2 Дзмітрыя Смольскага. Яна стала выконваць гэты твор ледзь не адразу пасля таго, як ён быў напісаны ў 1974 годзе. Іграла і з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя І.Жыновіча, і з фартэпіяна.

Але цяперашняй інтэрпрэтацыяй быццам сцвердзіла правату аўтара, які з’яднаў цымбалы менавіта з камерным аркестрам. Як ніхто іншы, яна дакладна размеркавала драматургію твора, надала ўвагу не толькі працэсуальнасці разгортвання музычнага матэрыялу, але і ўласна архітэктоніцы, чым падкрэсліла значнасць для гэтага кампазітара структурнага мыслення.

Гэткім жа глыбокім пранікненнем у сутнасць твора ўразіла Наталля Аруцюнава. Канцэрт для цымбалаў і камернага аркестра Уладзіміра Кур’яна, напісаны роўна 20 гадоў таму, апошнім часам стаў сапраўдным “хітом” беларускай акадэмічнай музыкі. Але ў
 /i/content/pi/cult/200/2287/Cymbaly2.jpg
цяперашнім выкананні ўспрымаўся быццам бы прэм’ерай, настолькі свежымі, часам нечаканымі былі знойдзеныя фарбы. Амаль цалкам былі пераасэнсаваны другая частка, якая гучала не эйфарыяй, а мрояй-настальгіяй, і фінал, дзе замест вяртання пачатковага ўзбуджанага настрою ўзнікаў засяроджаны філасофскі вынік. Дый прыдуманы кампазітарам яркі тэатральны прыём, калі ў апошніх тактах салістка павінна кінуць палачкі на інструмент, стаўся не акордам роспачы, а задуменным шматкроп’ем.

Шыкоўна прагучалі “Лірычная мелодыя” Яўгена Глебава, Серэнада і Пачанга Андрэя Мдзівані. Апошні не толькі ў свой час напісаў гэты цыкл спецыяльна для трыо “Кансананс”, але і пагадзіўся зрабіць да цяперашняга канцэрта аўтарскую версію з камерным аркестрам. Яшчэ адным сведчаннем кампазітарскага прызнання ансамбля з’яўляюцца пералажэнні сусветнай класікі, зробленыя Віктарам Войцікам.

Што ж, нашай цымбальнай моладзі ёсць з каго браць прыклад. І яна — бярэ! Нагадаем, што сярод выхаванцаў Т.Сергяенка — сусветна вядомы Міхаіл Лявончык, які плённа знаходзіць новыя цымбальныя фарбы ў джазе. А сярод вучняў удзельніцы “Кансанансу” Т.Шумаковай — зусім юныя цымбалісты Заслаўскай школы мастацтваў. Выпадкова пачуўшы іх выступленне, я адразу злавіла сябе на думцы, што займаюцца тыя пачаткоўцы не ў звычайнага выкладчыка, а менавіта ў майстра і, відавочна, канцэртуючага музыканта.

А колькі новых адкрыццяў прыносяць выступленні пакуль яшчэ студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Веранікі Прадзед, якая займаецца ў класе прафесара Яўгена Гладкова. Яе любоў да канцэртавання не ведае межаў. Гэта дзяўчына вярнула з нябыту ледзь не ўсе “забытыя” беларускія творы для цымбалаў, некаторыя з якіх ніколі не выконваліся з-за незвычайнасці ансамблевых спалучэнняў: цымбалы + народны голас, цымбалы + ударныя і інш. Некаторыя кампазітары, калі яна звярталася да іх у пошуках нотнага матэрыялу, не верылі ў магчымасць здзяйснення такой задумы. Але аншлаг у зале пераканаў: публіка прагне цымбальнага эксклюзіву! І гатовая слухаць не толькі цымбальны “грукат”, але і найтонкія гукавыя ўсплёскі, уздыхі-“шапаценні”, гулкія кроплі дробнага нотнага дожджыку— усё тое тэмбравае багацце, што знойдзена ў голасе цымбалаў нашымі кампазітарамі і выканаўцамі.

... Дык калі наступная цымбальная прэзентацыя?

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымках: іграе Вераніка Прадзед;

трыо “Кансананс” (Наталля Аруцюнава,

Валерый Баравікоў, Таццяна Шумакова).