У ёй узялі ўдзел Пасол Венесуэлы ў Беларусі Амерыка Дыяс Нуньес, прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Венесуэлы Альберта Сока, прэзідэнт Сімфанічнага аркестра Венесуэлы Алехандра Рамірэс, адміністратар аркестра Лусія Каломба, сакратар Пасольства па пытаннях культуры Марыя Элена Рохас.
13 красавіка венесуэльскі аркестр выступіць у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. 14-га адбудзецца яшчэ адзін яго сольнік у Мінску. Акрамя ўласна музычных выступленняў, у беларускай сталіцы будзе адкрыты Венесуэльскі культурны цэнтр імя Сімона Балівара, адбудзецца выстаўка плакатаў і афіш 1970-х гадоў, а таксама публікацый, прысвечаных лацінаамерыканскай рэвалюцыі. Потым калектыў рушыць у Гродна і Гомель.
А пасля Беларусі, дзякуючы падтрымцы Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў нашай дзяржаве, — па краінах Еўропы, ахапіўшы Чэхію, Венгрыю, Грэцыю.
Гэта ўжо далёка не першыя гастролі калектыву, які з’яўляецца галоўным аркестрам Венесуэлы. Яму, дарэчы, хутка споўніцца 80 гадоў. У студзені 1930 года, калі ён быў утвораны, у аркестры было 26 музыкантаў. А менш чым праз паўгода — ужо 40. Зараз жа ў ім 96 чалавек. Гастраляваць ён пачаў з 1951 года. Спачатку гэта былі лацінаамерыканскія краіны, а з 1981-га, атрымаўшы званне Мастацкай каштоўнасці краіны, аркестр едзе ў Еўропу: Галандыю, Германію, Іспанію, Швейцарыю, Аўстрыю і Францыю. У далейшым да гэтых еўрапейскіх краін далучыліся Партугалія, Італія, Расія, Грэцыя.
Дый у Беларусі венесуэльскія музыканты ўжо гастралявалі, выступалі ў тым ліку разам з нашымі калектывамі. А да такіх знакамітасцей, як Вільгельм Фуртванглер, Ігар Стравінскі, П’ер Булез, Мсціслаў Растраповіч, Артур Рубінштэйн, Пабла Казальс і іншыя, з якімі выступаў Сімфанічны аркестр Венесуэлы, нядаўна далучыўся мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі Віктар Бабарыкін. Ён дырыжыраваў аркестрам пад час яго гастролей на Кубе.Сімфанічны аркестр Венесуэлы працуе ў самых розных жанрах. Ён выконвае оперы, балеты, мюзіклы, сімфанічную і камерную музыку, саундтрэкі, фальклорныя і папулярныя творы, сімфа-рок, танцавальную музыку. У перспектыве венесуэльскія музыканты хацелі б выконваць не толькі сусветную класіку і свае нацыянальныя творы, але і ўключыць у рэпертуар партытуру беларускага кампазітара. І пад час свайго прыезду яны вырашаць, на якім творы спыніцца.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА
На здымку: А.Сока, М.Э.Рохас, А.Д.Нуньес, А.Рамірэс, Л.Каломба.