Імпэт маршавых рытмаў і суцішнасць Дняпра

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

Сёння псіхалагічныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы на Быхаўшчыне ўжо, бадай, не адчуваюцца – жыццё тут ізноў увайшло ў сваё спрадвечнае рэчышча. Але ж памяць пра падзеі больш як дваццацігадовай даўніны засталася. Сведчаннем таму стаў прымеркаваны да гадавіны трагедыі мітынг-рэквіум, удзел у якім узяў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Чынны і шматгранны ўнёсак у падрыхтоўку і правядзенне гэтага мерапрыемства зрабілі і работнікі культуры Быхаўскага раёна. Знаёмства карэспандэнта “К” з перлінамі і “разынкамі” гэтых мясцін адбылося літаральна за некалькі дзён да візіту Кіраўніка дзяржавы. Начальніка аддзела культуры Быхаўскага райвыканкама Веру Касмачову карэспандэнт “К” заспеў на ганку Цэнтра культуры, у самай віхуры рамонтна-гаспадарчых клопатаў. Як выявілася неўзабаве, да прыхарошвання фасада будынка спрычынілася нямала тых, хто там працуе.

Перадумова для здаровай канкурэнцыі

Пляцоўка перад Цэнтрам культуры традыцыйна становіцца месцам правядзення ўсіх масавых мерапрыемстваў Быхава. Менавіта тут 26 красавіка і адбыўся мітынг-рэквіем з удзелам Кіраўніка дзяржавы. Таму напярэдадні знамянальнай падзеі гаспадары наводзілі належны марафет будынка перад прыёмам пачэсных гасцей — як гэта ў добрых гаспадароў і заведзена.

Вядома, візіт Прэзідэнта краіны ў Быхаў стаў для работнікаў культуры краю цудоўнай магчымасцю выявіць не толькі сваю гасціннасць, але і творчы патэнцыял. У праграме мітынгу ды іншых мерапрыемстваў таго дня былі пазначаны выступленні ці не ўсіх знакавых для раёна калектываў.
А спецыяльна да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі была выпушчана тэматычная радыёгазета.
Звонку Цэнтр культуры выглядае даволі эфектна, ды і ўнутры апошнім часам было зроблена нямала “касметыкі”, абноўлена глядзельная зала. Хаця капітальны рамонт будынку не пашкодзіў бы, тым болей, што за 36 гадоў свайго існавання ён ні разу яго не зведаў.

Але, па вялікім рахунку, быхаўчанам не выпадае скардзіцца на тое, што ў вольны ад працы час нікуды не пойдзеш. Тым болей, па волі лёсу Цэнтр культуры мае альтэрнатыву. За савецкім часам у Быхаве размяшчаліся элітныя вайсковыя часткі ўсесаюзнага значэння, і пасля таго, як лётчыкі пакінулі свой ваенны гарадок, а ў яго колішнім “непрыступным” КПП адкрылася кавярня, горад атрымаў другі ДК — былы Дом афіцэраў.
Як сведчаць местачкоўцы, цяпер паміж дзвюма ўстановамі нават існуе канкурэнцыя — вядома, сяброўская ды цалкам канструктыўная.

Лётчыкаў у Быхаве няма ўжо больш за пятнаццаць гадоў, а на аэрадроме штогод ладзяць свае санкцыянаваныя гульбішчы аматары аўтаэкстрыму з усёй Беларусі. Але пакінуты вайскоўцамі след адчувальны і дасюль. Праяўляецца ён не толькі ў дагледжанасці і парадку, які пануе на вуліцах гарадка, яго добрай інфраструктуры, што захавалася з тых часоў, а цяпер і памножылася, але нават і ў культуры. Рэдка які раён Беларусі можа пахваліцца ажно трыма моцнымі духавымі аркестрамі. І нядзіўна, што менавіта ў Быхаве зарадзіўся абласны фестываль духавой музыкі “Па галоўнай вуліцы — з аркестрам”.

Потым ён стаў вандраваць з райцэнтра ў райцэнтр, але год таму зноў вярнуўся на радзіму — быхаўчане спадзяюцца, што ўжо назаўсёды.
— Праекты, ініцыятывы, свежыя ідэі ў нас заўсёды вітаюцца, — адзначыла Вера Касмачова. — Я ўсяляк заахвочваю работнікаў культуры раёна праяўляць фантазію, прыўносіць у сваю працу нейкую навізну. Штомесяц мы збіраемся на раду, каб абмеркаваць новыя задумы. Вось за гэты і наступны год плануем правесці свята вёскі літаральна ў кожным населеным пункце — нават у маланаселеных, — а таксама конкурсы на лепшы падворак і дом у горадзе.

Ёсць у нас, дарэчы, і конкурс, разлічаны на ўстановы культуры, — на лепшую клумбу. Увогуле, за апошні год нашы работнікі прыдумалі столькі цікавага дзеля добраўпарадкавання тэрыторыі ля сваіх устаноў!
Згадайма хаця б СК у Чачэвічах. Ля яго — цэлы дзіцячы комплекс! Зроблены, адзначу, рукамі саміх клубнікаў. А сёлета мы плануем адкрыць дзіцячыя пляцоўкі ля кожнай з устаноў культуры. Сапраўды, лепшага спосабу прывабіць у клуб дзятву — асабліва вясковую, не разбэшчаную рознымі арэлямі ды каруселямі, — бадай, і не прыдумаеш.
 

Што пасееш, тое і пажнеш… 

Пачуўшы ад Веры Іванаўны такую характарыстыку яе супрацоўнікаў, можна было здагадацца, што з кадрамі ў раёне, збольшага, усё склалася добра. І такая здагадка не была памылковай. Прыкладам, сярод бібліятэчных работнікаў Быхаўшчыны, якімі кіруе дырэктар ЦБС Наталля Корза, ажно 98% (!) маюць спецыяльную адукацыю. Зразумела, што чакаць, пакуль усе пасады зоймуць дыпламаваныя спецыялісты “звонку”, было б неабачлівым аптымізмам. Таму кіраўніцтва раённай культуры абрала іншую палітыку: рыхтаваць і ўдасканальваць свае кадры. Як і ў абсалютнай большасці выпадкаў, яна прынесла належны плён.

Па словах галоўнага спецыяліста аддзела культуры Быхаўскага райвыканкама Таісіі Ткачовай, у сферу кампетэнцыі якой ужо больш за 20 гадоў уваходзіць кадравае пытанне, на сёння вышэйшую і сярэднюю
адукацыю ў навучальных установах культуры атрымліваюць 55 выхадцаў з раёна. І большасць з іх гарантавана вернецца працаваць на Быхаўшчыну, бо па асвету яны выправіліся з мэтавым накіраваннем на руках.

— Калі па размеркаванні да нас прыходзіць спецыяліст з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, год-два мы ўважліва да яго прыглядаемся, — распавядае Таісія Анатольеўна, — а потым, у тым выпадку, калі хлопец або дзяўчына працуе сапраўды шчыра ды прафесійна, скіроўваем на завочнае аддзяленне ВНУ.
І ў выніку ў раёне замацоўваецца спецыяліст з вышэйшай адукацыяй. Адным словам, усё атрымліваецца паводле закону, які дзейнічае не толькі ў сельскай гаспадарцы: што пасееш, тое і пажнеш.
 


“Кніганошы” нашага часу

 
План платных паслуг па канцэртнай дзейнасці на Быхаўшчыне летась быў перавыкананы амаль у чатыры разы: 34 мільёны рублёў даходу замест 9. Дасягнуць гэткіх вынікаў удалося дзякуючы актывізацыі працы, так бы мовіць, “на ўсіх франтах”.

Адзін аспект канцэртнага жыцця краю — гэта выступленні ў Быхаве прафесійных выканаўцаў, ці не шторазу з аншлагам і бурнымі авацыямі.
А другі аспект — бясконцыя гастролі па раёне мясцовых калектываў. Прыкладам, народны ансамбль “Багатуха”, які лічыцца адной з візітовак Быхаўскай зямлі, дае па тры-чатыры канцэрты за тыдзень. Калектыў можна пачуць не толькі ў сельскіх дамах культуры, але і на фермах, мехдварах ці нават наўпрост на полі падчас жніва. І, па словах дырэктара Цэнтралізаванай клубнай сістэмы і адной з “багатух” Святланы Саламевіч, пачуваюць яны сябе на такіх нестандартных пляцоўках даволі ўтульна. Канцэртнае жыццё значна актывізавалася пасля таго, як у снежні пазамінулага года аддзел культуры атрымаў аўтаклуб. І тыя людзі, якія фізічна не могуць дайсці да канцэртнай пляцоўкі, з радасцю прымаюць артыстаў літаральна на сваіх падворках. Набыццё бібліобуса пакуль толькі ў планах, але ж прымаўку пра гару і Магамета бібліятэчныя работнікі Быхаўшчыны ўжо ўзялі на ўзбраенне. Гэтае “ноу-хау” караніцца ў глыбіні гісторыі — недарэмна бібліятэкараў у раёне мянуюць “кніганошамі”. Сутнасць інавацыі простая ды высакародная: тыя людзі, якія не могуць самі пераадолець адлегласць да бібліятэкі, не павінны быць пазбаўлены магчымасці пачытаць цікавую кніжку.


— Два разы на год я наведваю ўсіх пенсіянераў нашай зоны абслугоўвання, каб запытаць, ці маюць яны патрэбу браць у нас кнігі, — распавядае пра сваю працу дырэктар Новабыхаўскай сельскай бібліятэкі Святлана Мінчукова. — Ахвотных шмат. Уяўляеце, нават кнігі пра каханне замаўляюць!

 “Весялушкі” маладзей за маладзіц

У СДК Новага Быхава мы адразу трапілі ў сферу абаяльнасці яго гаспадынь — дырэктара Наталлі Мірончык і мастацкага кіраўніка Марыі Ярашэнка. У прыстойным аднапавярховым дамку, дзе ёсць нават свой більярд, пачуваеш сябе папраўдзе ўтульна. Таму і нядзіўна, што СДК ахвотна наведвае дзятва. Наймаладым удзельнікам дзіцячай вакальнай групы “Вясёлыя ноткі” — усяго 4— 5 гадкоў.

Так сталася, што найважным з мастацтваў у Новым Быхаве з’яўляецца тэатр.
І дзеці, і дарослыя ахвотна ўдзельнічаюць у драматычных гуртках, выкарыстоўваючы для пастановак і матэрыялы з нашага “Куфра-радцы”. Плён іх творчай працы ўсе вяскоўцы могуць сузіраць падчас кожнага вялікага свята — ад Дня Перамогі да Купалля. А 1 красавіка СДК падарыў свайму старажытнаму паселішчу новае свята. Ці, дакладней, новае старое. Краязнаўцы ведаюць, што колішняе мястэчка Новы Быхаў за дзедам-шведам славілася сваімі кірмашамі. Да нашага часу гэтая традыцыя, бадай, забылася — пакуль не была адроджана па ініцыятыве работнікаў культуры.

Дзейнасць СДК зусім не абмяжоўваецца яго сценамі.
Удзельнікі самадзейнасі — частыя госці і ў школе, і ў дзіцячым садку, і ў бліжэйшых вёсках. Жыхаркі адной з іх, Адаменка, не толькі слухаюць, але і ахвотна падпяваюць. Дзякуючы імпэту Наталлі Мірончык, цяпер там рэгулярна ладзяцца імпрэзы-пасядзелкі аматарскага аб’яднання “Адаменкаўскія весялушкі”. Работнікі культуры бяруць самы чынны ўдзел і ў комплекснай соцыякультурнай акцыі, што раз на месяц ладзіцца ў кожным з трох размешчаных у сельсавеце дамоў сацыяльных паслуг (іх функцыю часам выконваюць простыя вясковыя хаты). Падчас акцыі вяскоўцы могуць звярнуцца са сваімі пытаннямі да старшыні сельсавета, атрымаць кансультацыі лекара, памяняць бібліятэчныя кнігі, зрабіць такія-сякія закупкі — і, вядома, паслухаць канцэрт.
 

Рукі майстра не ведаюць спачыну 

Бачачы, якім маленькім здаецца сувенірны кошык у мажной далоні майстра, разумееш, што зрабіць гэты твор з лазы не нашмат прасцей, як падкаваць легендарную блыху. “Во, усю злосць той кошык з мяне выцягнуў!” — жартуе аўтар рукачыннага цуда, лозапляцельшчык з Новага Быхава Станіслаў Афонькін. Месяц таму яму было прысвоена званне народнага майстра. На пытанне, хто ж навучыў яго такому ўмельству, Станіслаў Мікалаевіч хітравата пасміхаецца ды кажа: “Жыццё навучыла!”. А потым прыгадвае сваё паўгалоднае паваеннае дзяцінства, калі за саматужна сплецены кошык можна было атрымаць у якой гаспадыні пару яек.

За сваё багатае жыццё гэтаму чалавеку давялося паспытаць сябе ў розных справах: пабыць і трактарыстам, і мараком-падводнікам, і, чаго ўжо тут хаваць, парторгам, і старшынёй калгаса…
Усур’ёз засвойваць лозапляценне Станіслаў Афонькін пачаў толькі па выхадзе на пенсію. І засвойваць, між іншым, цалкам самастойна, без дасведчанага настаўніка, на ўласнаручна зробленым станку. “Ну не прывык я без справы сядзець, — тлумачыць майстар сваё хобі, у якім ён дасягнуў недасяжнага для многіх прафесіяналаў пілатажу. — Рукі самі працу шукаюць”.

Таму поспеху, які дасягнуў гэты майстар, чые размаітыя вырабы былі прадстаўлены на мностве паважных форумаў, уключна са “Славянскім базарам у Віцебску”, мусіць быць абавязаны свайму надзвычайнаму таленту — ад Бога. А таксама — цярплівасці ды ўседлівасці.

Паназіраўшы за працай Станіслава Мікалаевіча, зразумеўшы, колькі высілкаў патрабуе хаця б нават расшчапленне ўручную кожнай лазінкі, — любы сучасны чалавек здумеецца ды спалохаецца.
А ў 76-гадовага майстра зусім іншыя клопаты: Днепр увесну ладна разліўся, і да працоўнага матэрыялу, якога процьма на яго берагах, не надта цяпер дабярэшся. Хаця да ракі ад хаты — літаральна рукой падаць, але ж даводзіцца “прастойваць”…

Закінуты сімвал горада
Функцыяй работнікаў культуры раёна з’яўляецца таксама і рамонт ды ўвогуле падтрыманне ў добрым стане помнікаў, датычных падзей Вялікай Айчыннай. Пабачыўшы галоўны з іх — мемарыял “Лудчыцкая вышыня”, за ўзяцце і ўтрыманне якой ажно шасцёра воінаў атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, — разумееш, што са сваёй задачай Вера Касмачова ды яе падначаленыя спраўляюцца бліскуча.

Стан мемарыяла ідэальны заўсёды — а не толькі напярэдадні памятных дат. На жаль, галоўныя архітэктурныя помнікі Быхава пакідаюць іншае ўражанне. І паколькі абодва з іх — і знакаміты замак, і унікальны прыклад сакральнага будынка абарончага тыпу — сінагога — знаходзяцца ля ўезда ў горад, эфект першага ўражання — пакуль не на карысць быхаўчан.

Перамовы з прадстаўнікамі яўрэйскіх супольнасцей адносна рэстаўрацыі сінагогі плёну пакуль не прынеслі, і тая па-ранейшаму стаіць занядбаная ды безжыццёвая. Сучасная гісторыя замка больш пакручастая. Некалькі гадоў таму за яго адраджэнне ўзяўся адзін прадпрымальнік, які меў аднолькавае прозвішча з магнатам, што колісь ператварыў Быхаў у непрыступную фартэцыю. Але ж усе высілкі энтузіяста знішчыў спусташальны пажар у жніўні 2004 года. Вядома, каб надаць замку другое жыццё, адных добрых намераў недастаткова. Не хопіць сіл для гэтага і ў аддзела культуры, якому, магчыма, неўзабаве будзе перададзены знакаміты архітэктурны помнік.
Па словах Веры Касмачовай, нават самыя сціплыя папярэднія падлікі сведчаць, што для рэстаўрацыі замка спатрэбіцца не менш за 10 млрд. рублёў.

Вядома, без усеагульнай талакі дзяржаўных і грамадскіх інстытуцый розных узроўняў у справе аднаўлення гэтых скарбаў агульнанацыянальнага значэння не абысціся. Але ж “запалам” гэтых працэсаў павінны стаць самі быхаўчане.

Замак на стромкім і неверагодна жывапісным беразе Дняпра, апеты Караткевічам у “Сівой легендзе”, мог бы стаць не толькі паўнавартасным сімвалам Быхава, але і карысным для горада соцыякультурным аб’ектам. І, вядома, сапраўдным магнітам для турыстаў.

Зрэшты, не па чутках ведаючы рупнасць мясцовай улады адносна аблічча свайго горада, цалкам можна спадзявацца на тое, што стан звышкаштоўных твораў архітэктуры пачатку XVII ст. неўзабаве не будзе ўжо гэтак дысанаваць з дагледжанасцю быхаўскіх вуліц і сквераў.
Сціпла, ды з густам. Пра тое, што Дзяржпраграма адраджэння сяла на Быхаўшчыне выконваецца эфектыўна, можа сведчыць хаця б лік аграгарадкоў у раёне, які да канца года мае дасягнуць сямі. Безумоўна, сродкі канцэнтруюцца менавіта там, але ж стан устаноў культуры ў іх ды ў простых вёсках адрозніваецца зусім не як неба і зямля.

Каб пераканацца ў гэтым, Святлана Саламевіч параіла наведаць звычайны сельскі ДК у Чырвонай Беларусі.
Некалі гэтай прыгожай, але ўжо анахранічнай назвай называўся вялікі пасёлак, што вырас пасярод багатых торфам балот. Потым, калі распрацоўкі скончыліся, лік жыхароў скараціўся з пяці тысяч да трох з лішкам соцень чалавек. А балоты засталіся.У вёсцы жывуць пераважна людзі сталага веку, аднак супрацоўнікі ДК на чале з дырэктарам Любоўю Каліноўскай не абдзяляюць увагай і мясцовую моладзь. У іх багажы — арыгінальныя тэатральныя пастаноўкі, прысвечаныя барацьбе са СНІДам і Дню закаханых.

— Мы вырашылі сабраць у Доме культуры ўсе сем’і вёскі, — распавядае дырэктар ДК, — і тыя, што адсвяткавалі ўжо залаты юбілей, і тыя, якія толькі яшчэ на пачатку сумеснага жыцця. У выніку, моладзь атрымала павучальны ўрок. Дом культуры карыстаецца асаблівай папулярнасцю сярод тутэйшай дзятвы, яна выяўляе нават болей творчага імпэту за дарослых. І з такой прычыны дырэктар СДК нават задаволена: “З дзецьмі цікавей рабіць тэатральныя імправізацыі, у гэтым жанры яны раскаваныя — могуць і спяваць, і танчыць. Таму працаваць з імі мне заўсёды ў радасць”.

Хаця, вядома, без увагі работнікаў культуры не застаецца і ніводзін ветэран. Матэрыяльны стан ДК цалкам адпавядае прымаўцы “Сціпла, ды з густам”. Тым болей, не так даўно ў яго будынку прайшоў рамонт — ізноў жа, не без шчыльнага ўдзелу супрацоўнікаў. Невялікая і ўтульная глядзельная зала з добрым “адзеннем сцэны”, невялікая, але ўтульная дыскатэчная танцпляцоўка з арыгінальнымі барэльефамі на сценах, добрая апаратура… Што яшчэ трэба для плённай працы вясковай установы культуры? Вядома, імпэтныя ўдзельнікі самадзейнасці. Зрэшты, выпадкова патрапіўшы на рэпетыцыю вакальнай групы ДК, мы пераканаліся, што імі ўстанова зусім не абдзеленая.


Як мы даведаліся, усе жыхары вёскі ганарацца сваім земляком — міністрам адукацыі РБ Аляксандрам Радзьковым. Яго брат і калега Уладзімір па-ранейшаму жыве на радзіме, дырэктарствуе ў мясцовай школе. Менавіта яму Чырвоная Беларусь абавязаная такой рэдкасцю, як сельскі духавы аркестр, якім ён кіруе вось ужо больш як чвэрць стагоддзя.

Увогуле, па словах Любові Каліноўскай, сувязь паміж культурай і адукацыяй у вёсцы Чырвоная Беларусь самая шчыльная: усе мерапрыемствы тут ладзяцца разам, ствараючы для жыхароў вёскі ўтульную жыццёвую атмасферу.

“Мы ж для людзей жывём...”

Калі вы спытаеце пра галоўную “разынку” быхаўскай культуры, адказ будзе нязменным: вядома, гэта эфектнае дэфіле дзяўчат з бубнамі. Такога нідзе больш няма, прынамсі, на Магілёўшчыне дык дакладна. Таму “бубначак” і запрашаюць на ўсе буйныя мерапрыемствы вобласці — і на спартыўныя турніры, і на форумы Міністэрства надзвычайных сітуацый, і на гарадскія святы. Менавіта яны “ўзначальвалі” парад духавых аркестраў на мінулых “Дажынках” у Бабруйску.
Але хіба яшчэ больш істотна тое, што гэтая “разынка” месціцца пасярод сапраўднай перліны— іначай Быхаўскую дзіцячую школу мастацтваў і не назавеш.

Чаму? Адказ на гэтае пытанне варта было б атрымаць у таго сівога ветэрана, які ў прамым сэнсе слова ўкленчыў перад дзяўчаткамі з узорнага харэаграфічнага ансамбля “Надзейка” падчас тых самых “Дажынак”. Альбо, можа, у простых вяскоўцаў Быхаўшчыны, што дарэшты запаўняюць залы на шматлікіх канцэртах “прапісаных” у школе ансамбляў у аграгарадках раёна?

Школа, заснаваная яшчэ ў 1954 годзе, налічвае сёння ажно 667 вучняў. 119 з іх наведваюць яе філіялы ў сельскай мясцовасці, якія, дарэчы, плануецца неўзабаве адкрыць у кожным аграгарадку Быхаўшчыны. У ліку адметнасцей — уласная мастацкая галерэя, 15 творчых калектываў, сярод якіх чатыры маюць званні, пяць вучняў школы, якія атрымалі дыпломы стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, і, вядома, “пераемны сцяг”, якім у раёне штогод адзначаецца пераможца ў сацыяльна-культурнай сферы. Сцяг стаіць у кабінеце дырэктара школы Вольгі Глушчанка ўжо другі год запар.

Сама дырэктар абавязкова далучыць да гэтага спісу і ўсіх 45 выкладчыкаў.
Зазначыўшы, што кожны з іх — асоба неардынарная і таленавітая. Дарэчы, на 85% выкладчыцкі калектыў школы складаецца менавіта з яе выпускнікоў. Не выключэнне і Вольга Мікалаеўна — па сканчэнні Маскоўскага інстытута культуры яна вярнулася працаваць сюды.

Летась гэты таленавіты педагог, якога недарэмна называюць душой школы, атрымала два вялікія сведчанні прызнання сваёй працы: медаль “За працоўныя заслугі” і званне “Чалавека года” па Магілёўскай вобласці. Задаўшы Вользе Мікалаеўне трохі “правакацыйнае” пытанне — за што, за якія заслугі і дасягненні яна, як чалавек культуры, атрымала гэтыя высокія ўзнагароды, — пасля нядоўгіх разваг пачуў:

— Плён нашай працы — радасць, якумы дорым сваім слухачам. Менавіта праз мастацтва і хараство мы можам уплываць на думкі людзей. І тое, што мы так запатрабаваны, што нас бясконца запрашаюць, — мусіць, самае важнае. Бо мы ж для людзей жывём… І яшчэ — калі ўжо казаць пра дасягненні…
Дзеці ходзяць у школу з задавальненнем. Паверце, для нас, педагогаў, няма радасці, большай за гэтую. Значыць, тут асаблівая атмасфера, якая натхняе душу.
 

Ілля СВІРЫН, наш спецкар.
Мінск — Быхаўскі раён — Мінск
Фота аўтара