“Берёзкина... 18 лет... Бомба...”

№ 11 (879) 14.03.2009 - 20.03.2009 г

Віцебскі абласны краязнаўчы музей аказаўся сярод тых устаноў, якім удалося перажыць Вялікую Айчынную вайну, страціўшы толькі невялікую частку сваіх фондаў. Большасць экспанатаў і дакументаў былі эвакуіраваны ў Саратаў. Частку таго, што засталося і было вывезена акупантамі ў Рыгу, вярнулі пасля вайны. “Значныя страты меў даваенны збор жывапісу і графікі, — распавёў намеснік дырэктара па навуковай працы музея Валерый Шышанаў. — Гэта, напрыклад, творы “левага мастацтва”, віцебскіх майстроў 1920-30-х гадоў... Вялікія страты панесла былая галерэя імя Пэна — з больш чым 800 твораў засталося 197”.

Лёс жа самога горада і яго жыхароў, у адрозненне ад калекцый установы, склаўся наступным чынам: калі да вайны тут налічвалася 167 тысяч насельнікаў, то ў 1945 годзе колькасць іх крыху перавышала 1 тысячу. Больш за тое: калі ў Віцебск 26 чэрвеня 1944 года ўвайшлі вызваліцелі, у зруйнаваным горадзе іх сустрэлі толькі 118 ацалелых жыхароў...

 
Пяць лагераў смерці ў межах горада

Усе страшныя падзеі 1941 — 1944 гадоў знайшлі адлюстраванне ў экспазіцыі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, прысвечанай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Акупацыя Віцебска доўжылася 1080 дзён і начэй. Гітлераўцы стварылі ў межах горада пяць лагераў смерці.

У ратушы на трэцім паверсе знаходзіўся нямецкі вузел сувязі, а ў сутарэннях былога народнага вучылішча, пабудаванага ў 1803 годзе, з 1941 па 1943 гады — камеры турмы СД у Віцебску.

 /i/content/pi/cult/199/2268/Berezkina1.jpg
 Камера турмы СД.
Сёння, акрамя стацыянарнай залы “Абаронцы Айчыны” ў ратушы, што распавядае пра гісторыю змагання віцябчан з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, з 2003 года ў тых падвалах — асобная экспазіцыя, прысвечаная памяці патрыётаў Віцебшчыны. У гэтых сутарэннях катавалі Веру Харужую, іншых падпольшчыкаў і ўдзельнікаў антыфашысцкага руху.

Прычым абласны музей валодае адзіным дакументам, які пацвярджае гэты факт: спісам зняволеных, дзе значыцца падпольнае імя Веры Харужай — Ганна Карнілава.

Пра гэта мне распавяла супрацоўнік музея, даследчык гісторыі акупацыі і партызанскага руху на Віцебшчыне Святлана Гур’янава. Акрамя вышэйзгаданага спісу ды некалькіх фотаздымкаў, у фондах музея няма сапраўдных рэчаў, якія маюць дачыненне да Веры Харужай: нават дакладна да гэтай пары невядома, дзе яе расстралялі… Але ж ёсць сведчанні пра мужнасць падпольшчыцы. Гаворка ідзе пра вядомы надпіс “Хоруж” , зроблены хімічным алоўкам на сцяне камеры. Праўда, кажуць даследчыкі, і сёння дакладна не пацверджаны факт яго напісання менавіта гэтай падпольшчыцай, што 22 дні знаходзілася ў засценках СД.

Прызнаюся, мне ўжо праз паўгадзіны захацелася збегчы і ніколі не вяртацца ў тыя, прасякнутыя болем, страхам і пакутамі халодныя сутарэнні.

Афіцыйна — 66 падпольных груп

Геаграфічна Віцебск — гэта выхад на Смаленск і Маскву з захаду. Да ўсяго, у горадзе вялікі чыгуначны вузел. Менавіта таму тут так лютавалі ворагі, ставячыся да насельніцтва як да непатрэбнай людской масы, якая перашкаджае важным стратэгічным задачам, менавіта таму такім моцным, стыхійным і, можна сказаць, прынцыпова-нязломным было віцебскае падполле, мясцовы партызанскі рух.

З першых дзён Вялікай Айчыннай у лясах краю з’яўляюцца партызанскія атрады, якія, нават не ведаючы, дзе знаходзіцца іх патэнцыйнае кіраўніцтва, пачынаюць самастойную барацьбу з ворагам, часам — без зброі.

Тое самае адбываецца і ў горадзе. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, з 1941-га да чэрвеня 1944-га віцебскае падполле налічвала некалькі тысяч чалавек, якія былі аб’яднаныя ў 66 падпольных груп. А колькі было тых, пра якія мы не ведаем, чые высілкі так і не былі ацэнены нашчадкамі?..

Сябры, таварышы, сем’і...

Падпольныя групы ўзнікалі стыхійна: збіраць звесткі пачыналі сябры, таварышы, сем’і, якія вымушаны былі працаваць у немцаў, патрыёты-камсамольцы. Часам гэтыя невялічкія групы складаліся з моладзі. Да прыкладу, у адну са славутых віцебскіх падпольных груп — групу Лідзіі Бярозкінай — уваходзілі дзяўчаты і хлопцы, узрост большасці з якіх не перавышаў 25 гадоў.

Самой Лідзіі было 18 гадоў. Яе сяброўка Зіна Васільева, прыкладна аднагодка Ліды, была студэнткай педагагічнага інстытута. Лідзія называла сябе “Бомба”, таму што марыла ўзарваць адзін з нямецкіх стратэгічных аб’ектаў. Яе група, літаральна пад носам у немцаў, “падпрацоўваючы” ў прафашысцкай газеце “Новы шлях”, друкавала на тых самых станках антыфашысцкія лістоўкі і распаўсюджвала іх. Першымі на тэрыторыі акупаванага горада! Рухалася справа і з бомбай: удзельнікі групы знайшлі ўзрыўчатку, патрэбны шнур, але моладзі не хапіла вопыту і асцярожнасці.

Выдаў Ліду правакатар Анатоль Бялячыц, што дэзерціраваў з Чырвонай Арміі і быў завярбованы фашыстамі. Яму нічога не каштавала трапіць у давер да маладой падпольшчыцы, усяго толькі сказаўшы, што ён хоча змагацца з фашыстамі.

 /i/content/pi/cult/199/2268/Berezkina2.jpg

 Лідзія Бярозкіна.

Лідзія, забыўшыся на ўсе законы канспірацыі (ды ці ведала яна іх?), расказала аб планах груп і прапанавала далучыцца. Але… замест гэтага праз некалькі дзён яе арыштавалі…

...Пасля даносу Бялячыца ўся група Бярозкінай — сама Лідзія, а таксама Зінаіда Васільева, Яўген Валчок, Уладзімір Карняшонак, Мікалай Вараб’ёў, Мікалай Захараў — была кінутая ў засценкі СД. У адной з камер музея-турмы знаходзяцца надпісы: “Зина”, “Коля Захаров”, “Берёзкина... 18 лет... Бомба…”. Пасля катаванняў немцы павесілі патрыётаў на Смаленскай плошчы на вачах у бацькоў і сваякоў. А затым — нікому не дазволілі пахаваць “злачынцаў”-падпольшчыкаў. Толькі маці Зіны Васільевай змагла выкупіць цела дачкі і аплакала яго, а астатнія былі пахаваны значна пазней на Старасямёнаўскіх могілках.

Кажуць, да самай апошняй хвіліны Ліда не верыла, што яе выдаў Анатоль Бялячыц.

У галоўнай экспазіцыі віцебскай установы знаходзіцца маленькі наручны гадзіннік сяброўкі Бярозкінай — Зіны, і ў фондах — яе сукенка. Кранальныя рэчы прыгажуні, якой так і не давялося вырасці.

Пральныя паслугі для лётнага складу

Ахвярай здрадніцтва ў Віцебску стаў не адзін падпольшчык. Правакатараў і агентаў было мноства. Праз іх даносы былі арыштаваны і падпольшчыкі-медыкі — галоўны санітарны ўрач горада Радзімір Махноў, сын самага высокага чалавека на зямлі Фёдара Махнова (рост яго, паводле “Кнігі рэкордаў Расіі”, складаў 2 метры 85 сантыметраў), загадчык аддзела аховы здароўя гарадской управы Міхаіл Мурашка.

Была схоплена група Веры Харужай, якая ці не цудам працавала, згуртоўваючы разрозненыя арганізацыі, група падпольшчыкаў-кітайцаў, што перадавала каштоўныя звесткі аб нямецкіх лётчыках...

 /i/content/pi/cult/199/2268/Berezkina3.jpg
 Надпіс, зроблены Лідзіяй Бярозкінай (“Бомбай”) на сцяне камеры
Пад час акупацыі ў межах горада знаходзіўся нямецкі аэрадром. Як толькі гітлераўцы занялі Віцебск, усе жыхары цэнтра былі выпраўлены на ўскраіны, у падвальныя памяшканні. А ў іх кватэрах па вуліцах Талстога, Леніна, часткова на Замкавай, рассяліўся нямецкі лётны склад. Ваенная эліта вылятала на заданні, а пасля працы ўвечары шукала забаў у віцебскіх рэстаранах і кавярнях.

Пральныя паслугі ім аказвала прадпрыемства кітайцаў Ліп Ці, Жан Ван Фу і Сю Да Боль. Пасля грамадзянскай вайны гэтая сям’я засталася ў Віцебску і заснавала сваю справу. А пад час акупацыі яны пачалі перадаваць звесткі пра сваіх кліентаў: па маркіроўках на адзенні кітайскія падпольшчыкі вылічвалі, якая колькасць салдат у горадзе, дзе яны дыслакуюцца, якое званне маюць і г.д. Ці трэба казаць, наколькі важнымі былі тыя звесткі.

Гэтыя смелыя і прадпрымальныя людзі, гэтаксама як і многія іншыя самаадданыя і шчырыя патрыёты, былі расстраляны па даносе здрадніка.

Гісторыя віцебскіх падпольных груп сведчыць, наколькі небяспечна, неверагодна страшна было жыць у тых умовах. Проста жыць, не кажучы пра змаганне. І прыезд вопытнага кіраўніка наспяваў жыццёвырашальнай неабходнасцю для ўсёй разрозненай сеткі груп змагароў. Прыезд, якога чакалі з самага пачатку акупацыі і на які рашаліся нямногія...

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота аўтара.