Хто ж дыспутуе на гравюры?

№ 11 (879) 14.03.2009 - 20.03.2009 г

У вядомым трактаце “О подражании Христу” Фама Кемпійскі раіў мастакам у вобразах святых адлюстроўваць людзей, добра вядомых парафіянам. Хрэстаматыйным прыкладам выкарыстання гэтай парады з’яўляецца карціна Караваджа “Прызванне Мацея”.

Менш вядома аб тым, што на дыптыху Дзюрэра “Чатыры Апосталы” ў вобразе святога Яна адлюстраваны П.Меланхтон, а святога Марка ўвасабляе І.Хальцшуер, замоўлены партрэт якога мастак ствараў адначасова з “Апосталамі”.

Згодна з традыцыйнымі іканаграфічнымі патрабаваннямі да выяў святых (прыкладны ўзрост, колер вачэй і валос і г. д.), Альбрэхт Дзюрэр значна амаладзіў выяву Хальцшуера і змяніў колер вачэй, а бародаўку на наздры намаляваў у адваротным адлюстраванні (у параўнанні з замоўленым партрэтам), каб бургамістр Нюрнберга пазнаў сябе, як у люстэрку. (Адлегласць ад Мюнхена да Берліна, у якіх захоўваюцца гэтыя творы, перашкодзіла мастацтвазнаўцам заўважыць гэтую дэталь, якая праліла святло на загадкавую гісторыю з аўтарскім ганарарам за гэты, падараваны гарадской Радзе, дыптых.)

Сапраўдным гістарычным падзеям Сярэднявечча шукалі адпаведную аналогію ў Бібліі. Пра тое, што сучаснікі Скарыны ўгледзелі яе паміж каранацыяй у 1508 годзе непаўнагадовага Людовіка ІІ і “памазаннем” юнага Давіда, сведчыць адваротны бок (revers) аднаго з двух яго каранацыйных медалёў, прысвечаны Давіду. Гэта адзіны прыклад у шматвяковай гісторыі славацка-угорскага медальерства.

 /i/content/pi/cult/199/2267/Skaryna.jpg

Гравюра “Памазанне Давіда”.

Тытульны ліст першай кнігі “Царстваў” упрыгожаны гравюрай “Памазанне Давіда”. Адметнай асаблівасцю з’яўляецца наяўнасць на ёй адлюстравання асобы з паднятым мячом. Гэтая выява карэлюе з адлюстраваннем славутага пераможцы туркаў Янаша Хуньядзі, змешчанага ў “Хроніцы венграў” Туроцы. І гэта не дзіўна, улічваючы алегарычны змест “памазання”, якое пад выглядам выявы старазапаветнага “дынастычнага крызісу” адлюстроўвае каранацыю Людовіка ІІ і стварэнне антытурэцкай лігі дзяржаў. Постаць з узнятым мячом адлюстроўвае Уладыслава (Ласла) ІІ, а з каронай — Зыгмунта І, за якім можна ўбачыць твар мужчыны ў берэце, які нагадвае Скарыну (паводле чэшскага скарыназнаўцы І.Даброўскага, — у атачэнні Зыгмунта І). Каранацыя Людовіка ІІ адбылася ў перыяд пантыфікату Юлія ІІ па яго згодзе. Менавіта Юлій ІІ адлюстраваны на гравюры “Памазанне” ў вобразе іерусалімскага першасвятара Самуіла.

На другім плане гравюры адлюстраваны стваральнікі дынастый Медычы і Ягелонаў. Ёсць і выява Мехмеда ІІ. Як і выява Казіма Медычы Старэйшага, яна ўзыходзіць да вядомага шэдэўру італьянскага медальерскага мастацтва. Вельмі адметная і паказальная адваротнасць гэтых выяў адносна медалёў, абумоўленая друкам з клішэ гравюр.

У свой час аўтар звярнуў увагу на падабенства твару Скарынавага Ісуса Навіна з тварам Гедыміна, які адлюстраваны ў латах на гравюры XVI стагоддзя ў круглым абрамленні. Агульная крыніцы, да якой узыходзяць гэтыя гравюры, магчыма, страчана. Аднак вядома, што, падобна Навіну, Гедымін заснаваў сталіцу сваёй дзяржавы.

Верагодна, Скарынава выява Самсона з ільвом адлюстроўвае Зыгмунта І.

Тытульны ліст кнігі “Прамудрасць Сіраха” ўпрыгожаны гравюрай з умоўнай назвай “Дыспут”. Уладзімір Агіевіч пераканаўча даказаў памылковасць такой назвы. Аднак і вылучанае ім меркаванне аб “алегорыі сямі вольных навук” непераканаўчае, таму што традыцыйна іх адлюстроўвалі ў выглядзе жаночых постацей.

Трэба мець на ўвазе, што “Дыспут” упрыгожвае пачатак кнігі, прысвечанай мудрасці, а таксама і тое, што толькі адзін з персанажаў гэтай гравюры адлюстраваны ў галаўным уборы, астатнія ж карэлююць з антычнымі выявамі філосафаў. На погляд аўтара, “Дыспут” адлюстроўвае Арыстоцеля і легендарных вынаходнікаў першапачатковай мудрасці, пра якіх ён прыгадваў у сваім страчаным “Дыялогу аб філасофіі”. Менавіта іх нязменнае ў розных аўтараў ядро (чатыры імені) адлюстравана на пярэднім плане, астатнія ж тры асобы “губляюцца”, падобна гістарычнай рэтраспектыве, у глыбіні інтэр’ера.


Мікалай ПАЛКОЎНІЧАНКА

Гомель