Пра вызваленне — ад “Пачатку”...

№ 11 (879) 14.03.2009 - 20.03.2009 г

У перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне вялікую ролю адыграла мужнасць і самаахвярнасць беларускіх дзяцей і падлеткаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў падпольнай і партызанскай барацьбе. Але, мусіць, не многія ведаюць, што ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў дапамагала і Праваслаўная царква.

/i/content/pi/cult/199/2266/Pra-vyzvalenne1.jpg 
Сёння з малавядомымі старонкамі гісторыі вызвалення Беларусі можна пазнаёміцца не толькі ў айчынных і замежных архіўных установах, але і ў агульнадаступных бібліятэках, у тым ліку дзякуючы сумеснаму праекту Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Цэнтралізаванай сістэмы публічных бібліятэк сталіцы.

Як паведаміў намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Вячаслаў Казачонак, цягам чатырох месяцаў будуць прадстаўлены выстаўкі “Пачатак”, “Дзяцінства, абпаленае вайной”, “Героі Міншчыны”, “Патрыятычнае служэнне Праваслаўнай царквы”, прысвечаныя абарончым баям на тэрыторыі Мінска, славутым воінам, умацаванню духоўнасці ў час цяжкіх выпрабаванняў. У прыватнасці, першая выстаўка адлюстроўвае пачатак вайны, прасочвае шлях ад адступлення Заходняга фронту да перамогі Чырвонай Арміі пад Масквой. Сярод багатага ілюстрацыйнага матэрыялу вылучаюцца выявы асабістых спраў абаронцаў Айчыны, ваеннай формы, зброі, тагачасныя фотаздымкі і малюнкі.

Выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі, выстаўка “Дзяцінства, абпаленае вайной” пабудавана не толькі на традыцыйных фотадакументах, але і мае каляровыя аб’ёмныя выявы асабістых рэчаў дзяцей-партызан, іх зброі і ўзнагарод.

Адкрыццё выстаўкі “Героі Міншчыны” абумоўлена найперш тым, што паводле апытання наведвальнікаў музея 90% з іх не могуць прыгадаць ніводнага імені свайго земляка — Героя Савецкага Саюза. Пад час праекта можна пазнаёміцца з эпізодамі баявых гераічных подзвігаў, плакатамі і лістоўкамі.

Не многія ведаюць, што сярод герояў той жахлівай вайны былі і святары, якія са зброяй у руках абаранялі свой край. Яны таксама актыўна дапамагалі партызанам, вялі
 /i/content/pi/cult/199/2266/Pra-vyzvalenne2.jpg
патрыятычную агітацыю сярод прыхаджан, самі ўступалі ў антыфашысцкія атрады. Да таго ж, Царква заклікала вернікаў уносіць ахвяраванні як на патрэбы абароны краіны, так і для дапамогі дзецям і сем’ям байцоў Чырвонай Арміі.

Не дзіва, што за заслугі перад Радзімай і за асабістую мужнасць ордэнам Айчыннай вайны другой ступені быў узнагароджаны протаіерэй з вёскі Латаголь Вілейскага раёна Віктар Бекарэвіч. На выстаўцы “Патрыятычнае служэнне Праваслаўнай царквы” прадстаўлены шэраг фотаздымкаў іерархаў праваслаўнай царквы і святароў пасля ўзнагароджання іх медалямі “За абарону Масквы”, “За абарону Ленінграда” і іншымі.

Як адзначыў намеснік дырэктара музея Вячаслаў Казачонак, апрача выставак, у сталічных бібліятэках прадстаўлены і мультымедыйныя праграмы, створаныя на аснове унікальных матэрыялаў з фондавых калекцый Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і бібліятэк горада.

Канстанцін АНТАНОВІЧ