Нэмен эксперыментальны

№ 11 (879) 14.03.2009 - 20.03.2009 г

Сёлета легендарнаму кампазітару, спеваку, рок-музыканту Чэславу Нэмену, які нарадзіўся ў Старых Васілішках на Шчучыншчыне і зрабіў значны ўнёсак у польскую і сусветную культуру, споўнілася б 70 гадоў. У дзень ягоных народзін землякі ўзгадвалі яго ў горадзе над Нёманам. Арганізатарамі гэтага вечара памяці выступілі ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы і “Кронан Парк Гатэль”, які прадаставіў сваю пляцоўку для сустрэчы. Творы Ч.Нэмена гучалі ў выкананні салістаў і універсітэцкага эстраднага аркестра “Капрыз”.

 /i/content/pi/cult/199/2265/Nemen.jpg
— Гэты праект, — расказала дэкан факультэта мастацтваў Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта, мастацкі кіраўнік аркестра “Капрыз” Раіса Левіна, — рыхтаваўся спецыяльна да юбілею. Нам важна было падкрэсліць глыбокую духоўную сувязь славутага музыканта з малой радзімай, якая значна паўплывала на ягонае прафесійнае станаўленне і творчасць. Любоў да родных мясцін ён захаваў назаўсёды, іх настальгічныя вобразы гучаць у яго песнях. Таму мы не абмяжоўваемся ўласна канцэртам. У бліжэйшы час будзе абаронена магістарская дысертацыя “Вобразны свет у творчасці Чэслава Нэмена”.

А наш эстрадны аркестр запіша 14 песень спевака на кампакт-дыск. Іх аранжыроўшчык — знакаміты гітарыст, заслужаны артыст краіны Уладзімір Ткачэнка. А салісты — заслужаны артыст Беларусі Валерый Дайнека, лаўрэат міжнародных конкурсаў Пётр Ялфімаў, Руслан Мусвідас, Святлана Дзякун, Алена Стэльмах.

Канцэртаў і мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею, прайшло ў Польшчы і Беларусі шмат. І гэта натуральна, бо Чэслаў Нэмен быў адначасова традыцыяналістам і нястомным эксперыментатарам, валодаў шырокай стылёвай палітрай (соул, поп, рок, фры-джаз, джаз-рок, электронная музыка), яго творчасць уплывала на эстэтыку, густы, моду, свядомасць некалькіх пакаленняў, захаваўшы актуальнасць і сёння. Ды ўсё ж гродзенскі вечар памяці — асаблівы. Бо Чэслаў Нэмен не толькі тут нарадзіўся, але і абраў сабе псеўданім, звязаны з роднымі каранямі і ракой дзяцінства — Нёманам.

Алена КАПЛІЧ