Каб зрэжысіраваць прафесіянала...

№ 11 (879) 14.03.2009 - 20.03.2009 г

— А вось тут у нас 6-я студыя, адкуль і выходзім у прамы эфір, — сказаў вядучы і рэдактар канала “Культура” Беларускага радыё Уладзімір Трапянок, прачыніўшы дзверы ў невялікі пакой з камп’ютэрнай тэхнікай. — Перад мікрафонам даводзіцца спалучаць атрыманыя ў розны час навыкі: і акцёрскія, і рэжысёрскія, і журналісцкія… Паімправізаваць на эфірныя і пазаэфірныя тэмы адразу пасля двухгадзіннай ранішняй праграмы “У рытме дня” я і прапанаваў Уладзіміру.

 /i/content/pi/cult/199/2262/Maxima.jpg
Імправізацыя
для голасу...
Мусіць, першае ўражанне ў большасці слухачоў каналаКультураад гэтага вядучага прыкладна такое: “Які радыйны голас!” Пачуўшы ж некалі голас Уладзіміра Трапянка па тэлефоне, чакаў сустрэчы з вопытным дыктарам старой загартоўкі. Аказалася — малады чалавек!

— Такі, як кажуць, радыйны голас у мяне ад прыроды. Праз яго яшчэ са школьных гадоў быў вядучым усіх магчымых канцэртаў. Вядома, канчаткова “паставілі” голас пад час вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Ну, і праца ў літаратурным тэатры сваю ролю сыграла.

Мусіць, праз голас пачалося маё захапленне радыё. З дзяцінства слухаў І канал Беларускага радыё: мой дзень пачынаўся і завяршаўся яго праграмамі. Адсюль і мара: працаваць у эфіры. Дзеля яе ажыццяўлення прыйшлося пахадзіць па кастынгах, але на FM-станцыях усё неяк не складвалася. А вось з Беларускім радыё — атрымалася. З гэтым нават звязана такая гісторыя: аднойчы пасля спектакля, дзе нас, студэнтаў-тэатралаў, задзейнічаў кіраўнік курса, праходзіў каля Дома радыё. Пабачыўшы, як у мяне гараць вочы ад аднаго погляду на славуты гмах на Чырвонай, мая аднакурсніца, бы ў ваду гледзячы, сказала: “Калі такое жаданне, абавязкова будзеш тут працаваць!” І праўда: праз некаторы час я ўжо тэлефанаваў па розных рэдакцыях, пакуль урэшце не трапіў на “Культуру”. Дырэктар канала Кацярына Агеева ў тэлефоннай размове сказала: “Акрамя голасу, вы пакуль нічым мяне не здзівілі”, а я, трэцякурснік, усё ж такі не разгубіўся ды настояў на сустрэчы. І вось з 2003-га працую на “Культуры”. Але сапраўдны “смак” радыё адчуў тады, калі ўпершыню — праз некалькі месяцаў па прыходзе — выйшаў у прамы эфір.

Наогул, слухачы пры сустрэчы доўга не вераць, што перад імі носьбіт таго, эфірнага, голасу. Адзін чалавек пры сустрэчы на выстаўцы “СМІ ў Беларусі” нават сказаў: “А я думаў, вам гадоў пяцьдзесят!..”. Мусіць, надта молада выглядаю для таго, каб адпавядаць свайму голасу. (Смяецца.)

...інтэрактыву...
Для імправізацый у студыі заўжды стае нечаканасцей, якімі напоўнены самі прамыя эфіры. Нават калі нечаканкі гэтыя — запланаваныя і нават вітаюцца ў якасці інтэрактыву. Дарэчы, на Інтэрнет-форумах Уладзіміра Трапянка называюць адным з самых актыўных “распрацоўшчыкаў” дзялянкі па кантакце са слухачом на канале “Культура”.

— Глыбока перакананы: чым больш інтэрактыву, тым лепей. Мае праграмы “Віншавальная паштоўка”, “Начныя спатканні”, “У рытме дня”, “Па заяўках меламанаў” цалкам ці часткова пабудаваны на ўзаемадзеянні са слухачом. Акрамя ажыўлення самога эфіру інтэрактыўнасць дае нам пэўны зрэз аўдыторыі, а таксама спектр тэм, што яе цікавяць.

Калі, напрыклад, выбіраецца тэма для эфіру, мы ўлічваем такі фактар, як рэакцыя гледачоў. Бывае, што прапануем пагутарыць пра нейкую культурную праблему, што цалкам у фармаце канала, а званкоў — вобмаль. А вось пра агульнаграмадскія праблемы, як паказвае практыка, жадаюць выказацца прадстаўнікі самых розных прафесій. Быў у мяне адзін, не раўнуючы, “залаты” эфір. Напярэдадні нейкага прафесійнага свята сярод іншых, патэлефанавалі ў студыю дырэктар будаўнічай фірмы, просты будаўнік, а таксама — качагар, які літаральна напярэдадні атрымаў павышэнне!

Цалкам эфір не сплануеш, хаця пастаянна імкнешся насыціць рознымі па тэматыцы рубрыкамі: напрыклад, сёння раніцай іх было дзевяць. Галоўнае ж для паспяховага інтэрактыву, думаецца, — дакладна трапіць у яблычак з тэмай і настроем. Калі раніцай гэта сапраўды рытм дня, пастаянная змена блокаў у эфіры, то ўначы — размераная гутарка са слухачом. Прычым музычны тэмпарытм свайго эфіру я таксама фармірую: як рэдактар сам падбіраю музыку. У гэтым наша адрозненне ад вядучых на FM-станцыях: па-першае, там гукавы шэраг фарміруецца камп’ютэрнай праграмай, а па-другое, наша задача даваць у сваіх уключэннях змястоўную інфармацыю, а не толькі каментарыі пра музычны твор. Усё ж асноўная аўдыторыя нашага канала — людзі сярэдняга ўзросту.

...арэны...
Эфірныя рубрыкі і зацікаўленасці Уладзіміра Трапянка наўпрост звязаны, як аказалася, з ягонымі жаданнямі яшчэ часоў дзяцінства.

— Не паверыце, але я ў дзяцінстве марыў стаць клоунам! Ды той блакітнай мары, мусіць, не наканавана было здзейсніцца. Як адгалосак дзіцячага жадання засталася захопленасць арэнай, таму ў эфіры асвятляю кожнае новае прадстаўленне Беларускага дзяржаўнага цырка.

А яшчэ “мая” тэма — навіны беларускага кіно. Праект пра яго выходзіць ужо не першы год, толькі змяняе форму: то ён у эфіры ў фармаце рубрыкі, то — асобнай праграмы.

...і апельсінаў
І ўсё ж тэатр узяў сваё! Калі перад мікрафонам Уладзімір акцёрствуе літаральна штодзень, то выкарыстаць рэжысёрскі патэнцыял дапамагае народны літаратурны тэатр.

— Калі я вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на “акцёра драматычнага тэатра і кіно”, то ўнутрана пастаянна “разрываўся” паміж радыё і перспектывай стаць акцёрам. Але аднойчы мне прысніўся сон, дзе кіраўнік нашага курса сказаў мне: “Рабі як хочаш!”. Атрымаўшы такі своеасаблівы “дазвол”, я скіраваў усе сілы на радыё. Але ўжо ў 2005-м, акурат у год заканчэння універсітэта, стаў рэжысёрам народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”, які існуе, між іншым, 43 гады.

Штогод “жываслоўцы”, а гэта студэнты розных спецыяльнасцяў і навучальных устаноў, даюць, як мінімум, адну прэм’еру. Апошняя работа паводле “Аскара і Ружовай дамы” Э.Э.Шміта — “Апельсіны ў падарунак”. Акрамя выступленняў на нашай сталай пляцоўцы ў БДПУ імя Максіма Танка, хоць раз на сезон намагаемся выехаць на гастролі. Апошнія былі ў Чэрвеньскім і Шаркаўшчынскім раёнах. І тут таксама ёсць свая спецыфіка: калі ў тым жа Чэрвені мы паказвалі канцэртную праграму, то выступалі ў школах, а вось каб сыграць паўнавартасна спектакль, патрабуецца пляцоўка кшталту дома або Палаца культуры.

У працы са студэнтамі заўсёды ёсць складанасць: яны адвучыліся — і пакінулі тэатр, таму пастаноўкі пастаянна абнаўляюцца, а навічкоў, па магчымасці, уключаем у бягучы рэпертуар. У “Жывым слове” ўжо неаднойчы заўважаў: як расце чалавек на сцэне за пяць гадоў! З нявопытнага навічка становіцца хоць і аматарам, але ў пэўнай ступені і прафесіяналам, зможа наладзіць тую ж тэатральную студыю на сваёй радзіме або там, куды паездзе працаваць.


Сяргей ТРАФІЛАЎ

Фота Пятра ОВАДА

Даведка
Уладзімір ТРАПЯНОК нарадзіўся ў Беразіно ў 1983 годзе. Са школы ўдзельнічаў у самадзейнасці як танцор, артыст лялечнага тэатра і хору, саліст, чытальнік. Скончыў у 2005 годзе Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасціакцёр драматычнага тэатра і кіно”. З 2003 года працуе на канале “Культура” Беларускага радыё, а з 2005-га — рэжысёр народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”. 

Анкета “К”

1. Колеры, якія натхняюць.
Жоўты.
2. У якую пару года падабаецца працаваць?
Найбольш — вясной. Лета, восень, зіма — таксама ў радасць.
3. Любімы мастак.
Іеранім Босх.
4. Найбольш яркі акцёр.
Андрэй Міронаў.
5. Любімы літаратурны твор.
“Новая зямля” Я. Коласа.
6. Што слухаеце?
Радыё, замежную эстраду 1960-2000-х, некаторых беларускіх выканаўцаў.
7. Радзіма — гэта што?
Мае родныя.
8. Любімая кветка.
Усе, што зацвітаюць!