Знойдзеныя ім вобразы не толькі дазваляюць суперажываць, але лечаць і натхняюць: вітражы Лагоўскага можна сустрэць у бальніцах, паліклініках, санаторыях краіны, імі захапляюцца ў Магілёўскай гімназіі-каледжы музыкі і харэаграфіі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Упэўніцца ў асаблівасцях творчага почырку аўтара можна было на персанальнай выстаўцы жывапісу аўтара “Да цябе”, якая адкрылася ў сталічнай Галерэі “Мастацтва”. В.Лагоўскі. “Марыя”.
Свядома пазбягаючы натуралістычнай перадачы формы, Віктар Лагоўскі, тым не менш, звяртаецца да спалучэння ўмоўных і рэалістычных элементаў і гэтым эксперыментам дамагаецца неверагоднай напружанасці эмоцый. Яго нацюрморты з кветак палымнеюць так, быццам вось-вось сыдуць з палотнаў і ператвораць выставачную залу ў квітнеючы сад. А “Тарэадор”, што вокамгненна перамог магутнага быка, уражвае палкай бітвай паміж жыццём і смерцю.
Але полымем колеру мастак не толькі ўзбагачае перажыванні, але і спрабуе адлюстроўваць заганы сучаснасці.
Аўтар стварае арыгінальны “Партрэт сучасніка” эпохі гламуру, калі для часткі моладзі ідэаламі становяцца бліскучыя лэйблы. На палатне атрутна-малінавы фон наскрозь прасвечвае… глянцавую пустэчу ў галаве маладога чалавека.
У супрацьлегласць гэтаму мастак выводзіць спрадвечны вобраз жанчыны-маці. Пачуццёвая “Пілар” надае ўпэўненасці ў нязломнасці светабудовы да таго часу, пакуль яна будзе знаходзіцца пад жаночым прыглядам. Падмацоўвае гэтае ўражанне бабуля з беларускай глыбінкі ў вобразе святой “Марыі”: яна падтрымлівае рукамі жыццёвы шлях мінулых і будучых пакаленняў.
Дарэчы, да нацыянальнай тэматыкі Лагоўскі звяртаецца пастаянна. То ў падзяку за прыгажосць і душэўную цеплыню ён дорыць “Кветкі родным прасторам”, то праз абсурдны “Карнавал” нагадвае гледачам, як лёгка стаць бездапаможным, згубіўшы пульсуючую нітку, што звязвае чалавека з яго каранямі, то выказвае шчырую любоў “Беларускаму лесу”, які не ўяўляе без атачэння азёрным блакітам.
У экспазіцыі прадстаўлена і адна з самых любімых, па прызнанні аўтара, яго работ. Палатно “Анёл адляцеў” трапіла і на вокладку персанальнага мастацкага альбома творцы, які пабачыў свет акурат напярэдадні выстаўкі. Пранізлівы вобраз стварыла пагібельная пляма чорных думак, што выцесніла раўнавагу з душы разгубленай дзяўчыны і абрынула чалавечы сусвет у цемру. У падобнай сітуацыі мастак прапануе шукаць выйсце ў шчырым каханні, як героі “Выкрадання надзеі № 2”. Пачуццё нібы дае крылы, дазваляе адрывацца ад шчымлівай рэчаіснасці, знаходзіць адказы і ўпэўнена крочыць па жыцці.
Людміла МАКОЎСКАЯ