Акцэнты хлеба і бурштыну

№ 11 (879) 14.03.2009 - 20.03.2009 г

“З рукачынных крыніц” — пад такой назвай у Нацыянальным мастацкім музеі працуе персанальная юбілейная выстаўка жывапісу Уладзіміра Хадаровіча, прысвечаная 60-годдзю з дня яго нараджэння і 30-годдзю творчай дзейнасці.

 /i/content/pi/cult/199/2260/Akcenty.jpg

У.Хадаровіч. “Старадрукі”.

Аматары прыгожага, якія неаднойчы сустракаліся з чароўнымі творамі гэтага адметнага мастака на шматлікіх вернісажах, нязменна адчуваюць на сабе іх моцнае духоўна-пазнавальнае, эстэтычна-выхаваўчае ўздзеянне. Стыль майстра запамінаецца, выявы на палотнах патрабуюць засяроджанай увагі гледача, кааб няспешна разгледзець нешта, абранае аўтарам з жыцця, быццам нейкую рэдкасную, каштоўную рэч.

Парадаксальна, але У.Хадаровіч ніколі не пісаў сюжэтна-тэматычных карцін (у звыклым сэнсе), зрэдку звяртаўся і да жанру партрэта. Затое непаўторная прыгажосць прыроды і асабліва беларускі этнаграфічна-фальклорны рэчыўна-побытавы, рукачынны свет, народныя традыцыі, гісторыя, культура і мастацтва Айчыны — заўсёды ў полі ўвагі мастака яшчэ з часоў вучобы ў БДТМІ. У выніку творчых эксперыментаў і пошукаў ён вылучае на першы план менавіта жанр нацюрморта і дасягае з цягам часу тут выдатных поспехаў.

Вясковы каравай на даматканым ільняным ручніку даносіць да гледача пах хлеба, бурштынавыя пчаліныя соты — салодкі пах мёду, вясёлкавы россып кветак — подых духмянага летняга лугу або халадок хваёвага лесу. Поруч з прыгажосцю і шчодрымі дарамі роднай прыроды — самабытныя, высокамастацкія вырабы народных ганчароў, кавалёў, цесляроў і ткачых, арганічна знітаваныя разам у адно гарманічнае цэлае — узнёслы збіральны вобраз Беларусі, яе таленавітага, працавітага народа.

Складаная “вібрацыйная” блакітна-серабрыстая колеравая гама з тонкімі пералівамі адценняў і нечаканымі гучнымі, насычанымі плямамі-акцэнтамі сям-там нечым нагадвае знакамітыя слуцкія паясы (дарэчы, з-пад Слуцка паходзіць род Хадаровічаў).

Аляксандр РУНЕЦ