Як затрымаць хуткаплыннасць часу?

№ 11 (879) 14.03.2009 - 20.03.2009 г

Мікалай Ісаёнак — сапраўдны беларускі мастак, але не толькі паводле месца нараджэння, навучання і жыхарства. Хутчэй таму, што паяднаны з роднай зямлёй. Каля паўгода творца праводзіць на сваёй радзіме, у вёсцы. Менавіта гэтыя мясціны з’яўляюцца для жывапісца крыніцай натхнення.

 /i/content/pi/cult/199/2259/Jak-zatrymac1.jpg

М.Ісаёнак. “У чаканні вясны”.

Гэтая выстаўка, што працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі, — рэтраспектыва. На ёй прадстаўлены станковыя палотны, якія даюць магчымасць прасачыць шлях жывапісца за 30 гадоў творчай дзейнасці. Галоўнымі жанрамі для яго з’яўляюцца пейзаж і нацюрморт. Абапіраючыся на шырокае кола мастацкіх традыцый, М.Ісаёнак паступова сфарміраваў сваю яркую індывідуальнасць. Яго палотны пры працяглым сузіранні заахвочваюць гледача да няспешнага, лірычнага ўспрымання выявы, раскрываючы свет адухоўленай рэчаіснасці.

Асаблівым ладам вылучаюцца творы ранняга перыяду. На гэтым этапе мастак, прыхільнік так званага “суровага стылю”, пісаў крыху жарсткаватыя выявы з рэльефнай, густой паверхняй жывапіснага палатна, якая прымушае позірк гледача паглыбляцца ў яго (“Нацюрморт з цюбікам”, “Нацюрморт з лаўровай галінай”). Асаблівасці мінскіх краявідаў, гістарычная забудова цэнтра Мінска трапятліва жывуць у гарадскіх пейзажах жывапісца (“Няміга”).

Канешне, паэтыка палотнаў Ісаёнка 1980-х адрозніваецца ад асаблівай яго манеры 90-х, дзе каларыстычнае рашэнне будуецца на пяшчотных, мяккіх пераходах аднаго колеру да другога. Прырода паглыблена ў дзівосны спакой і імкнецца быць больш незаўважнай. Але ўсёй сваёй творчасцю мастак паказвае, якім цікавым можа быць выпадковы фрагмент навакольнага свету, інтэр’ера, і як дзякуючы жывапіснай інтэрпрэтацыі вобраза становіцца па-мастацку каштоўным. Майстар умее канцэнтраваць уражанні: такімі “зборамі” іх з’яўляюцца тонкія, пранізлівыя работы “Гатычная алея”, “Млын” альбо “Клемацісы”.

Сярод прадстаўленых карцін сустракаюцца работы, выкананыя ў розных тэхніках.
 /i/content/pi/cult/199/2259/Jak-zatrymac2.jpg

 М.Ісаёнак. “Вясковы інтэр’ер”.

Мікалай Іосіфавіч піша алеем, тэмперай, акрылам, выкарыстоўвае і пэндзаль, і мастыхін у імкненні стварыць асобны свет, які адцягвае ад штодзённасці і дае зарад станоўчых эмоцый.

Задача адлюстраваць, ухапіць той ці іншы стан прыроды — вельмі складаная, і не кожны мастак так глыбока і пранікнёна можа затрымаць хуткаплыннасць часу. Звяртаючыся ў сваёй творчасці да пейзажа, Ісаёнак шукае для сябе магчымасці перадаць своеасаблівасць і чароўную прыгажосць роднай зямлі.

Марына МАЛЬГІНА