Сцэна са спектакля “Пярэварацень, або Смерць Тарэлкіна”. |
Пачатак спектакля ўяўляе з сябе стоп-кадры — па-гатычнаму прыгожыя выявы самотных і змрочных людзей каля труны, што ўяўляюцца Тарэлкіну з нагоды яго смерці. Гэтыя постаці — ілюзія, якую Тарэлкіну вельмі хутка давядзецца развеяць. Ні ў кога ягоная смерць спачування не выклікае: генерал Варавін узрадуецца гэтай навіне, бо пазбавіцца сведкі сваіх цёмных спраў; задавальненне атрымае і капітан паліцыі Расплюеў, які будзе рады папрысутнічаць госцем за памінальным сталом…
Галоўныя героі спектакля — Тарэлкін у выкананні Аляксея Бычкова і Варавін у выкананні Юрыя Марціновіча — пры загадзя відавочнай сацыяльнай няроўнасці “кіраўнік — падначалены”, уступаючы ў супрацьстаянне злога са злым, становяцца, як гульцы, роўнымі: у абодвух маюцца аднолькавыя шанцы прайграць. І іх абодвух пераследуе Лялька, што ўвасабляе пакуты сумлення, — персанаж, уведзены ў спектакль рэжысёрам.
Вобраз Лялькі, ключавы для спектакля, Бакіраў нібыта прачытвае паміж радкоў: той самы манекен, які на пачатку спектакля Тарэлкін кладзе замест сябе ў труну, ажывае і становіцца сэнсаўтваральным цэнтрам унутранага зместу, кантэксту п’есы, канцэнтруючы на сабе многія містычныя моманты пастаноўкі. Нават тэма смерці, якая ўжо сама па сабе мае ў гэтай гісторыі містычную падаплёку, вырашаецца праз сутыкненне жывога і нежывога. Пасля дэкларацыі ўласнай смерці Тарэлкін, адкідваючы з люстэрка чорную тканіну, бачыць у ім чалавека без твару. З жахам адскоквае ён ад люстэрка, а праз хвіліну, прыадкрываючы заслону ў наступны раз, бачыць там адно толькі пустэчу. Лялька гэтая, кожнае з’яўленне якой суправаджаецца музыкай, мроіцца і Варавіну, і Тарэлкіну,Тарэлкін — Аляксей Бычкоў, Брандахлыстава — Таццяна Зміцюра. |
Цьмянае сумненне, папярэджанні якога героі не заўважаюць, не жадаюць успрымаць, — тая ж атрута запаволенага дзеяння. І тое, што яны намагаюцца не заўважаць, паступова разрастаецца да неймаверных памераў. Спачатку ў вобразе Лялькі паўстае адзін выканаўца — Сяргей Юрэвіч, але з кожнай новай сцэнай у гэтую жахлівую гульню ўключаюцца ўсё новыя і новыя акцёры. Так што паступова ствараецца ўражанне, быццам лялькі — паўсюль. Агульны вобраз складаецца з мноства кароткіх альбо больш разгорнутых варыяцый на гэтую тэму, і кожная такая варыяцыя становіцца часткай дынамічнай тканіны пастаноўкі, падобна да таго, як паступова ўплятаюцца музычныя інструменты ў агульнае гучанне аркестра.
Рэжысёрская трактоўка фіналу спектакля таксама адрозніваецца ад прапісанай Сухава-Кабыліным развязкі. У момант, калі Варавін дражніць вадой Тарэлкіна, які мучыцца ад смагі, Лялька падмешвае ў стакан атруту. Але выпівае гэты жахлівы напой сам генерал: так рэжысёр даводзіць нам, што лёс зла заўсёды адзін — пагібель.
Марына ДОЎГЕР
Фота Алега БЕЛАВУСАВА