Не пра сябе непакоюся. 34-ы год працую дырэктарам, да пенсіі мала ўжо засталося. Гэтыя два пытанні — клопат пра тых, хто будзе тут працаваць.

№ 11 (879) 14.03.2009 - 20.03.2009 г


1. Музей адносіцца да чацвёртай групы па аплаце працы, інакш кажучы, як шараговы раённы, штатыурэзаныя. Установа мае філіялы: Мемарыяльны комплекс “Прарыў” і Сядзібу-музей В.Быкава. Вырашана пытанне аб перадачы нам у якасці яшчэ аднаго філіяла Хаты-музея П.Броўкі. Кола абавязкаў, гаспадарчых клопатаў, праблем, нагрузак — істотна шырэйшае, чым у калег-суседзяў.У сувязі з гэтым, ці ёсць падставы мець больш высокую групу па аплаце працы?
2. П.1.2 рашэння калегіі Міністэрства культуры ад 22.11.2007 г. № 139 прадугледжвае функцыянальныя абавязкі спецыялістаў гар-райвыканкамаў, адказных за ахову культурна-гістарычнай спадчыны. Ці можа дырэктар музея, не з’яўляючыся спецыялістам сістэмы апарата райвыканкама, быць прызначаны спецыялістам увогуле і без дадатковай аплаты за гэтую работу? 
Мікалай КІРПІЧ,

дырэктар Ушацкага музея народнай славы імя У.Е. Лабанка


1. У адпаведнасці з табліцай 4 дадатку 8 да пастановы Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 21 студзеня 2000 г. № 6 “Аб мерах па ўдасканальванні ўмоў аплаты працы работнікаў арганізацый, якія фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі”, тарыфныя разрады і каэфіцыенты пасад кіраўнікоў музеяў залежаць ад групы па аплаце працы.
Паказчыкамі аднясення музеяў да груп па аплаце працы кіраўнікоў зяўляюцца колькасць наведвальнікаў у год і колькасць экспанатаў асноўнага фонду. Пры аднясенні музеяў, якія маюць філіялы, да групп па аплаце працы ўлічваюцца агульная колькасць наведвальнікаў і колькасць экспанатаў у цэлым, уключаючы паказчыкі філіялаў.
Калі пры далучэнні філіяла да музея паказчыкі аднясення музеяў да груп па аплаце працы мяняюцца такім чынам, што музей можна будзе аднесці да больш высокай групы па аплаце працы, дык адпаведна мяняецца і памер заработнай платы кіраўніка музея.
2. У адпаведнасці з артыкулам 19 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, працоўная функцыя работніка (работа па адной ці некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях, пасадах з указаннем кваліфікацыі ў адпаведнасці са штатным раскладам наймальніка, функцыянальнымі абавязкамі, службовай інструкцыяй) вызначаецца ў працоўным дагаворы, які заключаецца паміж наймальнікам і работнікам.
Улічваючы кампетэнцыю мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, прадугледжаную артыкулам 10 Закона Рэспублікі БеларусьАб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы могуць вызначыць установу (арганізацыю), якая ў раёне (горадзе) будзе займацца пытаннямі аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Кіраўнік дадзенай установы (арганізацыі) ускладае абавязкі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны на канкрэтнага работніка, адлюстраваўшы гэтыя абавязкі ў працоўным дагаворы (кантракце), службовай інструкцыі. У такой сітуацыі дадатковая аплата не вядзецца.
Калі музей зяўляецца юрыдычнай асобай і з дырэктарам музея працоўны дагавор (кантракт) заключаны мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, дык адпаведна мясцовы выканаўчы і распарадчы орган можа ўскласці на дырэктара музея абавязкі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

На пытанні адказвала начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена ВЕШТАРТ

Паважаныя чытачы!
Калі ў вас ёсць пытанні ў рубрыкі “Чытач — Газета – Міністэрства” і “Юрыдычныя тонкасці”, накіроўвайце іх на адрас рэдакцыі: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77, альбо на электронную скрыню: kultura@tut.by .